Успаміны ўставалі прыгожыя, сонечныя, высокія і плывучыя, як воблакі на пачатку лета. I нават зімовыя, халодныя, яны наплывалі, бы цёплая вада нешырокае рэчкі, што цякла за вёскаю.
Адразу выплывае ў памяці з густога зімовага мроіва заінелы снег бясконцага поля, адзінокі санны след, і заінелая грыва каня, і пах настылага кажуха, у якім так утульна і не хочацца варушыцца. Плыве насустрач снегавое поле, абступае прыцемкавая марозная сінеча. I яшчэ не відаць, але ведаеш, што пакажацца спачатку адзін, а потым і другі слабенькі агеньчык. А следам па дарозе плывуць бухматыя вазы з сенам, якое яшчэ і на марозе свежа пахне сухім пахам стога…
А тое свята прасторных, залітых сонцам і саломаю жнівеньскіх дзён, яшчэ не пацямнелага, пахучага ржышча, мяккіх «коцікаў» паміж яго! I першы родны і журботны крык шэрых жураўлёў над аўсяным полем!..
I тыя ўспаміны, і тыя пахі незабыўныя і самыя лепшыя, як успаміны пра дотык матчыных рук, пра яе голас, які нікому не паўтарыць, як нікому не сказаць табе тых самых ласкавых, самых шчырых слоў любові, вялікае і адзінае, якою можа адарыць цябе маці.
(175 слоў)
Паводле А. Жука.