Цар-дуб

Пераказы і дыктанты

  Сярод дрэў, што растуць на нашай зямлі, дуб займае ці не самае пачэснае месца. Людзі спакон веку, калі хацелі, каб хата стаяла доўга, будавалі яе на дубовых падрубах. Каб студня была надзейнай і вада ў ёй была заўсёды сцюдзёнай і чыстай, зруб рабіўся таксама з дубовых плашак.
 А страла? А дрэўка кап’я? А тапарышча? I для гэтых рэчаў не было лепшага матэрыялу, як дуб. Дубовыя лавы ўздоўж сцяны, дубовы стол пасярэдзіне, дубовая ступа ля прыпечка, дубовы цэбар у куце. У няхітрай сялянскай гаспадарцы ўсё гэта, нават дубовая калодка, не мела цаны. З дубу гнулі абады, палазы, рабілі бочачкі, кадушкі, дзежкі. Адным словам, рабілі ўсё тое, што павінна было вельмі доўга служыць чалавеку.
 А мораны дуб? Які гэта багаты падарунак прыроды! Няма прыгажэйшай тэкстуры дрэва, як з моранага дубу. Яго пускалі на самыя шыкоўныя вырабы. Так з’явіліся непаўторныя шафы і шафкі, канапы і крэслы, ложкі, куфры і яшчэ шмат якая патрэбная ў гаспадарцы і побыце дробязь.
 Дуб не падуладны часу. Ён не гніе ў вадзе. Яго не бярэ шашаль. Не шкодзіць яму ні вецер, ні сонца. Ён нібы валодае цудадзейнай сілай. А колькі казак, паданняў і легендаў ходзіць у народзе пра неверагодную сілу гэтага дрэва, пра вечную еднасць яго з роднай зямлёй!
(202 словы)

Паводле Я. Пархуты.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений