Цётка Уладзя

Пераказы і дыктанты

  «Яна заўсёды была ў дзеянні, у руху, у няспынным жыццёвым гарэнні», – так напісаў вядомы беларускі паэт Сяргей Грахоўскі пра Уладзіславу Францаўну Луцэвіч, жонку, вернага сябра і надзейнага спадарожніка жыцця вялікага Янкі Купалы.
 Нарадзілася Уладзіслава Францаўна ў 1891 годзе ў вёсцы каля Валожына ў інтэлігентнай сям’і. Яе бацька быў простым палясоўшчыкам, а маці – настаўніцай французскай мовы. Ад самага дзяцінства маленькая Уладзя расла ў атмасферы бязмежнай любові да Радзімы, са светлымі марамі пра яе вызваленне і незалежнасць. Яе прадзед змагаўся супраць расійскага імперыялізму, а дзед удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гадоў на чале з Кастусём Каліноўскім. Бацька яе не толькі клапаціўся пра чысціню і захаванасць навакольных лясоў, але і быў знаёмы з беларускім паэтам Францішкам Багушэвічам, сябраваў з ім.
 У 1906 годзе Уладзіслава Францаўна скончыла Віленскую гімназію, пазней – педагагічныя курсы ў Варшаве. Пасля заканчэння гімназіі яна пачала працаваць выхавальніцай у дзіцячым прытулку Вільні, была карэспандэнтам газеты «Наша Ніва». Яна цесна кантактавала са знакамітымі беларускімі пісьменнікамі Змітраком Бядулем, Сяргеем Палуянам, Алаізай Пашкевіч (Цёткай). Тады ж галоўны рэдактар «Нашай Нівы» пазнаёміў яе з Янкам Купалам.
 Маладыя людзі часта сустракаліся ў рэдакцыі вядомай беларускай газеты, на вечарынах, хадзілі разам у тэатры. Уладзіслава Станкевіч і Ян Луцэвіч (Янка Купала) вучыліся ў Маскве ў Народным універсітэце імя Шаняўскага. У час вучобы яны і павянчаліся. Маладая сям’я была ўзорам высокіх і чыстых адносін. Маладыя любілі і шанавалі адзін аднаго, не маглі і дня пражыць у разлуцы.
 Кажуць, калі ў сям’і адзін з двух – зорка, дык другі абавязкова павінен застацца ў цені. I тым больш заслугоўвае павагі Уладзіслава Францаўна, якая не згубілася, не схавалася ў промнях славы свайго вядомага мужа. Яна была не толькі яго верным, надзейным паплечнікам, але ўсё жыццё займалася справай. Яна апрацоўвала для дзяцей народныя песні і казкі. На кожнага, хто да яе звяртаўся па дапамогу ці параду, хапала ва Уладзіславы Францаўны часу і цяпла. Усе знаёмыя з любоўю звалі яе «цётка Уладзя». Уладзіслава Францаўна была для Янкі Купалы заўсёды першым чытачом і дарадчыкам, шчырым памочнікам. А пасля таго, як трагічна загінуў народны паэт, яна пастаралася захаваць для нашчадкаў памяць пра яго.
 Творы Купалы будуць выхоўваць у новых пакаленняў любоў да Радзімы, адданасць ёй, імкненне да жыцця і барацьбы. Таму праца па збіранні матэрыялаў і дакументаў пра Купалу з’яўляецца справай гістарычнай важнасці. Сабраць усё, што можна, пра Купалу – гэта наш абавязак перад гісторыяй. Так лічыла Уладзіслава Францаўна. I яна выканала гэты абавязак. У 1944 годзе Уладзіслава Францаўна стала першым дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, была ініцыятарам стварэння помніка народнаму паэту.
 Цётка Уладзя захавала духоўную вернасць мужу да апошняга свайго дня. Імя Уладзіславы Францаўны Луцэвіч неад’емна ад памяці пра Янку Купалу. Іх прыгожыя адносіны – прыклад узорнай і надзейнай сям’і. Уменнем даражыць сям’ёй яны вылучаліся сярод сваіх знаёмых. У іх вучыліся маладзейшыя, як трэба берагчы і шанаваць адзін аднаго.
(453 словы)

Паводле А. Астраўцова.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений