Барак уяўляў сабою выцягнутае, як пенал, памяшканне, у адным канцы якога было акно, у другім – акно і дзверы. Уздоўж сцен у тры паверхі месціліся нары. Між нарамі, па цэнтры, пралягаў вузкі праход, і памяшканне праглядвалася б з канца ў канец, каб з кароткіх нараў не звешваліся ногі, рукі, галовы ста дваццаці чалавек.
Людзей сабралі сюды, пэўна, з усяго свету. Спачатку ў іх сэрцах працягвала гарэць полымя барацьбы, аднак начныя допыты, пагрозы, катаванні з цягам часу амаль зламалі волю. А голад, які ўзмацняўся з дня ў дзень, суровая халадэча пазбаўлялі людзей энергіі. Ляжалі пераважна нерухома, бяздумна, у нейкім поўным атупенні.
Аднойчы хмурным ранкам старшы днявальны паведаміў на ўвесь барак, што нейкая чайка ўпала на лёд ды так і не ўзнялася. Паведамленне пра чайку зацікавіла, усхвалявала хіба толькі аднаго Хайна, які аж прыўстаў, потым споўз са свайго месца.
Хайн – хлапчук гадоў чатырнаццаці, самы малады ў бараку. Ён з першых дзён зрабіўся агульным любімцам. Магчыма, таму, што ён быў амаль дзіця, а можа, таму, што ўсім прыйшлася даспадобы яго жыццярадаснасць, якой усім так не хапала.
Хлопец падышоў да акенца. Уважліва паглядзеў на раку і радасна ўсклікнуў:
– Ого! А яна ўжо спрабуе хадзіць! Вось пабачыце, яна ўзляціць!
На гэта адзін з насельнікаў барака хмура адказаў, што чайка ўсё роўна загіне, як і ўсе яны тут, у гэтым бараку.
Хайн жа, не хаваючы радасці, абабег усе баракі – а іх у лагеры было дваццаць два – і, паказваючы на раку, сцвярджаў:
– Чайка абавязкова выратуецца. А як яна выратуецца, то і мы адсюль вырвемся.
Усе разумелі, што параненая чайка не зможа раздабыць сабе яды, а без яды яна не паправіцца. Хайн жа быў няўмольны і прапаноўваў аддаць чайцы частку свайго пайка.
Вязні маўчалі. Цяжка сабе ўявіць, што азначаў гэты паёк. Яны атрымлівалі яго адзін раз на дзень, і быў гэта чарпак нейкай бурды, якую цяжка было назваць ежай. Да яе дадавалася яшчэ лустачка хлеба. Кожная крошачка гэтага хлеба была даражэй за золата. Пра хлеб усе думалі заўсёды: удзень і ўночы. Здавалася, ніхто не змог бы аддаць ад свайго пайка і крошачкі. I вось зараз хлопец прапануе падзяліцца хлебам з чайкай. Гэта было неверагодна.
Прайшло некалькі дзён. Усе вязні з надзеяй чакалі, калі чайка ачуняе і паляціць. Ад гэтага, здавалася, залежаў і іх лёс. Паляціць чайка – і яны адсюль вырвуцца.
Аднойчы раніцай нехта з вязняў заўважыў, як да чайкі падбіраецца камендантава кошка. Кошку ўсе ненавідзелі. Яна, як і гаспадар, была адкормленая, рыжая, з доўгімі вусамі. Зараз кошка, асцярожна намацваючы свежы лядок, крадком падбіралася да чайкі. Вязні сталі крычаць, махаць рукамі, каб адагнаць кошку, але яна, не зважаючы на іх крыкі, усё бліжэй і бліжэй падкрадвалася да птушкі.
I раптам чайка, напалоханая ці то кошкай, ці то крыкамі, разбеглася, узмахнула крыламі. Праляцела некалькі метраў і ўпала зноў. Але яшчэ імгненне – і чайка, нібы ўспомніўшы тайну палёту, шырока расправіла крылы, узнялася ў паветра. Услед ёй неслася «ўра», ды такое гучнае, радаснае, што вартавыя паднялі трывогу.
А назаўтра раніцай усе прачнуліся ад нейкага гулу, які ішоў аднекуль здалёку. Неўзабаве не спаў увесь лагер. Вязні слухалі далёкую кананаду, плакалі ад радасці, не верачы, што гэта ідзе выратаванне.
Праз некалькі гадзін гул артылерыйскай кананады ўзмацніўся, а на лагерным двары ўсталявалася дзіўная цішыня. Потым нехта пад акном закрычаў, што ахова разбеглася, можна выходзіць.
Людзі высыпалі на двор. Яны п’янелі ад свабоды, крычалі, спявалі.
Раптам нехта ўспомніў, што Хайна няма. На радасцях усе забыліся пра хлопчыка. А ён ляжаў на нарах, не маючы сілы выйсці на двор. Вязні сабраліся ля хлопчыка, плакалі:
– Чайка ж узляцела, узляцець павінен і ты!
I толькі днявальны ведаў, што хлопчык кожную ноч бегаў на раку, аддаючы ўвесь свой паёк параненай чайцы. (591 слова)
Паводле Э. Кууса.