Нізкае неба зацягнула смуга. На вуліцы і на тратуары, дзе асеў і павыбіваўся асфальт, стаялі лужыны жоўтай вады. Ігнат Чэкан ішоў, не гледзячы пад ногі. Калі б яму яшчэ сёння раніцай хто сказаў, што яго карціна будзе мець такі поспех, ён бы не паверыў… Эх, мастацтва…
Яшчэ гадоў дваццаць назад, калі Ігнат Чэкан быў студэнтам, ён марыў пра такі поспех, верыў у яго. Ён два гады пісаў дыпломную работу, пісаў з раніцы да вечара, не хадзіў ні ў кіно, ні ў тэатр. Ён пісаў першую пасляваенную вясну ў калгасе. Па полі ішоў стары на драўлянай назе, сеяў жыта, а следам за ім жанчыны цягнулі барану. Экзаменацыйная камісія палічыла яго карціну невыразнай і вялай.
Пасля інстытута яго накіравалі ў абласны горад працаваць у фондаўскіх майстэрнях. Ігнат Чэкан працаваў цэлымі днямі: пісаў рэкламы для рэкламных кас, размалёўваў агітмашыны, аўталаўкі, вітрыны.
Праўда, ён пісаў карціны і для выстаўкі, пісаў звычайна за некалькі дзён. Яго творамі не захапляліся, іх амаль не куплялі. Ігнат пачаў думаць, што ён бяздарны; мара пра шэдэўр, пра славу даўно згасла, і ён узяўся кіраваць мастацкай студыяй у дарожным тэхнікуме.
Зосю Ігнат заўважыў на першых занятках. Прыходзіла, клала на калені альбом – яна вельмі доўга не магла прывыкнуць да мальберта, – нізка схіляла галаву і малявала. Калі да яе падыходзіў Ігнат, яна нібы нямела, аловак застываў у руцэ, а сама чырванела, шморгала носам і нагіналася яшчэ ніжэй. Апраналася Зося заўсёды сціпленька: чорненькая спаднічка, шэры світэр. Малявала яна вельмі дрэнна.
Але з часам у яе малюнках пачало з’яўляцца нешта такое, ад чаго Ігнат, здзіўлены, усё часцей і часцей спыняўся перад яе мальбертам. Зося была не тое што здольная, а па-сапраўднаму таленавітая. I гэтую таленавітасць бачыў пакуль што толькі адзін ён.
А калі Зося была на трэцім курсе, калі яна пасля летніх канікулаў зайшла ў студыю, Ігнат заўважыў, што яна дзяўчына яшчэ і рэдкай прыгажосці.
У тую восень студыйцы ўпершыню выязджалі на эцюды ў лес. Ігнат сачыў за работай вучняў, бачыў іх бездапаможнасць перад натурай, няўменне ўлавіць настрой прыроды.
Да Зосі ён баяўся падыходзіць. Баяўся ўбачыць на яе мальберце тое, што і ва ўсіх. Назіраў здалёку. Зося прысела на адно калена, пакусваючы губы, доўга некуды ўглядалася. Потым спахапілася, пачала хутка маляваць… Валасы яе рассыпаліся, закрываючы твар…
Ігнат Чэкан залюбаваўся Зосяй. Ці не ў той дзень і стукнула яму ў галаву намаляваць яе партрэт.
На другі дзень ён сустрэў Зосю ля тэхнікума пасля заняткаў. Яны пайшлі разам. Па дарозе ён расказаў ёй пра сваю задуму:
– Я намалюю вас у бярозавым лесе. Ранняя вясна, рэдкія плямы снегу. А вы ля бярозы… Будзеце піць бярозавік. Але гэта яшчэ не канчаткова, у працэсе работы ўсё можа памяняцца. Ну, дык як?
– Я згодна.
Ігнат Чэкан ніколі не пісаў з такім натхненнем. Ён не заўважаў часу. З самае раніцы да змяркання быў у майстэрні. Ён думаў толькі пра Зосю. Зося прыходзіла ў майстэрню заўсёды, як ён прасіў.
Неяк пад вечар у майстэрню зайшоў Ярозаў.
– А гэта што за мадам? – кіўнуў ён на партрэт Зосі.
– А гэта проста для сябе.
– Слухай, давай яе на выстаўку. Ты ўсіх здзівіш, абяцаю. Цябе ўсе ведаюць як майстра індустрыяльнага пейзажу, а тут раптам такая лірыка… Разумееш?
Два дні сядзеў яшчэ Ігнат над карцінай і закончыў яе ў нядзелю раніцай. Адышоўся, глянуў на бярозы і залюбаваўся.
За гадзіну да адкрыцця выстаўкі ён прынёс сваю карціну ў Палац культуры.
Разглядаючы карціну, высокі чалавек у цяжкіх прафесарскіх акулярах разводзіў рукамі: «Я заўсёды лічыў наватарства галоўным у мастацтве. А гэты без усялякага наватарства малюе дзяўчыну ў бярэзніку. Па форме банальна, а вачэй не адарваць».
Нечакана сустрэўся сам Ярозаў.
– Ну што, поўны поспех? А я што табе казаў? – гаварыў Ярозаў, нібы іменна ён стварыў такі поспех карціне Ігната Чэкана.
(592 словы)