Алена Васілевіч — Бабуліны кватаранты

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

  У сярэдзіне лета ў маленькім бабуліным доміку пасяліўся кватарант.
  Прыйшоў ён да бабулі з паходным рукзаком за спіной і паляўнічай стрэльбай цераз плячо. На другім плячы ён нёс некалькі бамбукавых вудзільнаў. Быў ён высокі і худы, у акулярах, і гаварыў вельмі мала. Бадай што зусім не гаварыў. Прыйшоў ён раніцай, а ўвечары, калі сабраўся на рыбалку, за ім цягнуўся ўжо цэлы хвост малых з усёй нашай вуліцы. Хлапчукі самі не давалі прамовіць яму слова, наперабой расказваючы, дзе лепей падсекчы акуня, дзе бяруцца шчупакі. Знайшліся і ахвотнікі паказаць яму балота, на якім было ліха ведае колькі качак…
  Бабулін кватарант уважліва слухаў малых, дазваляў ім пакратаць спінінг і бліскучыя ствалы дубальтоўкі. У гэтыя ствалы можна было глядзецца, нібы ў люстэрка, праўда, твар у іх здаваўся крыху шыракаватым.
  Чалавек ён, відаць, быў добры і не скупы, бо пад вечар на нашай вуліцы з’явілася нямала хлопчыкаў-багацеяў. Аднаму ён даў кручок на шчупака, другому адматаў ажно пяць метраў лёскі, трэцяму выразаў хвацкае арэхавае вудзільна, а некаму нават дакляраваў падарыць адну сваю вуду, як будзе ад’язджаць у горад.
  Не дзіва, што ўсе малыя лічылі гэты дзень самым адметным за ўсю вясну і лета. А бабулін кватарант аднагалосна атрымаў сярод іх характарыстыку самага выдатнага чалавека, які толькі сустракаўся ім у жыцці.
  Не падзяляла гэтай думкі, здаецца, толькі адна гаспадыня. Ужо назаўтра, расказваючы суседкам пра свайго новага кватаранта, яна, можна сказаць, зрабіла першую спробу забракаваць яго заслугі, гэтак узвялічаныя хлапчукоўскім насельніцтвам усёй вуліцы:
  — Ат, нейкі дзівак, ды і толькі! Заваліў мне ўсю хату ламаччам, — меліся на ўвазе вуды, стрэльба і іншыя паляўнічыя і рыбацкія прылады кватаранта, — назбіраў поўны двор дзяцей і сам, як маленькі, слухае, што яны яму плятуць.
  — Ну, а з вамі не вельмі часам ганарысты? Не вельмі камандуе і выдумляе? — цікавіліся суседкі.
  — Ды не, гэтага не скажу… Я ж кажу, дзівак. Учора пытаюся: «Чым жа вас карміць? Ці патраплю часам?..» А ён набраў у адну руку цэлы пук гэтых дубцоў, — зноў-такі бабуля вяла размову пра вуды, — у другую ўзяў стрэльбу і кажа мне: «Вось дзе будзе наш харч…». Ноччу зноў. Я ўжо другі раз прачнулася, а ў яго агонь гарыць. Дзверы былі прычынены — я і зазірнула ў пакой, а ён чытае… А ўстала — яго ўжо няма. Праз акно, каб не грукаць дзвярыма, вылез і паляцеў на рыбалку. Дзівак, ды і толькі…

  Аднойчы вярнулася бабуля з рынку і са сваёй бяздоннай кашолкі выцягнула стракатага пеўніка, развязала яму крылы і галянастыя ногі, звязаныя чырвонымі стужкамі, і скінула з каленяў на зямлю.
  — Вось які вам сёння крупнік будзе, — звярнулася яна да свайго кватаранта, які ў гэты час каля студні абліваўся да пояса халоднай як лёд вадою.
  — Гм… — усяго толькі і прамовіў той і пачаў ледзь не да крыві шараваць і расціраць сябе калматым зялёным ручніком.
  Пеўнік жа, адчуўшы волю, гучна ўзмахнуў крыламі, ваяўніча тупнуў нагой і гэтак жа ваяніўча задзёр угору востры чырвоны грабеньчык:
  — Ко!
  Бабулі пеўнікава задзірыстаць не спадабалася:
  — Бач ты, генерал знайшоўся! Нагой яшчэ прытупвае. Вось пагляджу я, як ты ў мяне ў гаршку прытупнеш…
  Пеўнік, нібыта ён зразумеў бабулю, зноў гэтак жа грозна ўскінуў грэбень і, сярдзіта маргнуўшы круглым вокам, коратка і тонка адпеў бабулі:
  — Кук-рэ-ку!
  — А ці варта сапраўды яго ў крупнік? Вунь які ён маладзец,— звярнуўся да бабулі кватарант і, не чакаючы адказу, накіраваўся ў свой пакой.
  Адтуль ён вярнуўся з кавалкам булкі.
  — Пеця! Пеця! — пачаў ён клікаць пеўніка, кідаючы на зямлю кавалкі булкі.
  Пеўнік недаверліва ўзняў галаву і не крануўся з месца.
  — Пеця! Пеця! — запрашаў яго пакаштаваць булкі бабулін кватарант.
  Пеўнік зрабіў нерашучы паўкрок наперад, паспешліва і нясмела схапіў адзін кавалачак, потым другі, трэці…
  Ён, відаць, быў галодны, і таму голад перамог страх: пеўнік аж давіўся — так даспадобы прыйшлася яму булка.
  Бабулін кватарант тым часам наліў у бляшанку ад кансерваў вады і непрыкметна падсунуў яе пеўніку. Пеўнік і ад вады не адмовіўся.
  — Бач, выгаладаўся, — паспачувала яму бабка і павярнулася да кватаранта. — Дык што ж сёння на абед прыдумаем, калі вам гэтак яго шкада?
  — Прыдумаем што-небудзь, гаспадынька, прыдумаем… Хіба ж можна такога певуна ды пад нож… Гэта ж будзе злачынства.
  Кватарант быў у гуморы, больш гаваркі, чым звычайна, і бабулі не захацелася псаваць яму настрой сваім бурчаннем.
  — Ды пэўна ж, з голаду не памраце. Нешта ж іншае будзем маракаваць…
  Прагнаўшы голад і смагу, пеўнік важна прайшоўся каля студні і падаўся да расчыненага ў пакоі кватаранта акна. Бабулін кватарант асцярожненька абышоў пеўня і паклаў на падаконнік яшчэ кавалачак булкі. Пеўніка яда больш не цікавіла, і ён не звярнуў на булку ўвагі.
  Аднак зазірнуць, што робіцца ў пакоі, яму, відаць, хацелася. Ён пахадзіў, пахадзіў пад акном і раптам адважыўся: растапырыў шырока крылы, узмахнуў імі ў паветры — і ўзляцеў па падаконнік. Дзеўбануў раз булку і скінуў яе на двор. Потым яшчэ крыху патупаў, патупаў па падаконніку і зляцеў у пакой на падлогу.
  — Бачылі, гаспадынька? Гэта будзе ўжо мой кватарант. Я — ваш, а Пеця — мой…
  — Надта ж ён нахабны, гэты ваш кватарант, — пажартавала бабуля, — без спросу, без дазволу — шусь у чужую хату.
  — Не нахабны, а цікаўны, — паправіў бабулю яе кватарант, — знаёміцца з новым домам…
  — Глядзіце, каб не прыйшлося вам падлогу мыць пасля яго.
  — Кукарэку! — грозна крыкнуў з пакоя пеўнік — бабуліны словы, відаць, не спадабаліся яму.
  — Ой-ёй, як страшна, — засмяялася бабуля і пайшла на кухню.
  — Малайчына, Пеця, будзем лічыць, што знаёмства адбылося, і ніхто з нас не будзе скардзіцца на свой лёс,— сказаў бабулін кватарант.
  Не прайшло і гадзіны, як пеўнік зноў дзёўб бабуліны крупы, падскакваў і біўся да крыві з суседскім пеўнем і наогул адчуваў сябе на двары паўнапраўным гаспадаром, быццам тут ён і нарадзіўся.
  Заганяць яго на седала вечарам таксама не спатрэбілася. Не яго павялі, а ён сам павёў усіх бабчыных куранят у хляўчук, дзе стаяла каза. Назаўтра ён падхапіўся раней за ўсіх і, гарланячы як апантаны, разбудзіў усіх жыхароў свайго і суседняга дома. Усе, вядома, раззлаваліся па яго за гэтае няпрошанае, недарэчнае кукарэканне.
  Адзін толькі бабулін кватарант не сердаваў на гарластага пеўніка. Ён саскочыў з пасцелі, накрышыў пеўніку снедання і ціхенька паклікаў:
  — Пеця! Пеця!
  Як і ўсякі, хто сумленна выканаў свой абавязак, пеўнік не прымусіў сябе доўга ўпрошваць. Распасцёр крылы і — мах, мах! — апынуўся на падаконніку. Паснедаўшы, ён, мусіць, вырашыў, што ўставаць гэтак рапа няма патрэбы, і, узляцеўшы на спінку ложка, нібы на седала, заплюшчыў свае круглыя вочы.
  Заснуў зноў і бабулін кватарант. Прачнуўся ён ад таго, што яму здалося, быццам нехта на ім ходзіць… Ён расплюшчыў вочы і вельмі здзівіўся. Яго ўчарашні «крупнік», як казала бабуля, нібы кацяня, прымасціўся на коўдры.
  Кватарант адчуваў прыемнае цяпло і баяўся паварушыцца, каб не патрывожыць пеўніка.
  Але пеўнік быў не з тых, хто доўга спіць.
  Неўзабаве ён падхапіўся, страсянуўся, нібы праганяючы сон, і саскочыў на падлогу. Там ён пахадзіў, пахадзіў трохі і ўзляцеў на падаконнік.
  — Заспявай, браток Пеця…
  Пеўнік акінуў яго дапытлівым позіркам, нібыта хацеў спытаць: «А не жартуеш ты з мяне?»
  — Паспявай, паспявай, Пеця,— на твары гаспадара не відаць было ніякага падвоху.
  «Сапраўды, чаму я павінен адмовіць добраму чалавеку?» — так, мусіць, падумаў пеўнік.
  I, выцягнуўшы стромкую белую шыю, ён заспяваў:
  — Кук-рэ-ку!
  Кожную раніцу Пеця прачынаўся раней за ўсіх і будзіў сваім крыкам жыхароў дома і суседзяў. Кожную раніцу залятаў ён у адчыненае акно бабулінага кватаранта, еў сваё першае снеданне і драмаў на седале — спінцы ад ложка. Потым ён перабіраўся на ложак і заканчваў свой сон на коўдры ў нагах бабулінага кватаранта. А потым спяваў яму сваё звычайнае «кукарэку» і накіроўваўся на двор.
  А калі бабулін кватарант паехаў і не ўзяў пеўніка з сабою, ён некалькі дзён хадзіў пад зачыненым акном і ўсё некага здзіўлена клікаў:
  — Ко! Ко! Ко!
  I не спяваў ні разу небарака — сумаваў.

1962

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений