Расстралялі паэта
I цела вярнулі зямлі.
I на неба душу адпусцілі паспешна.
Але ўгору ўзляцеў адно пылу зажураны клін,
А душа засталася
У вершах.
А калі тыя вершы схавалі ад зроку людзей,
Падалася душа вандраваць па краіне.
I, адкрытая свету,
Яна адчувала мацней
I любоў, і нянавісць.
I ў мілай Айчыне
Зарыдала душа —
у пякельных слязах да краёў,—
Закрычала душа прад людзьмі на каленях: —
Што ж вы робіце з моваю
Вашых бацькоў і дзядоў!
Што ж вы так пагарджаеце
Вашым найменнем!
Здрыганулася неба.
Сарваліся спуджана і —
Зіхатлівыя зоркі уніз паляцелі.
Толькі людзі не чуюць
Ні крыку,
Ні плачу,
Калі
Не адзета душа
I ні ў верш,
I ні ў цела!
Расстралялі паэта
I цела вярнулі зямлі.
У трыццатыя
Гэта рабілі паспешна.
Узлятаў над Айчынаю пылу зажураны клін,
А душа заставалася ў вершах.