Свет вялікі… Словы, словы…
Колькі іх – і не злічыць!
Толькі «мама» на ўсіх мовах
Скрозь аднолькава гучыць.
I хоць розных моў таксама
Ў цэлым свеце о-ё-ёй!..
Толькі мамы, нашы мамы,
Размаўляюць на сваёй.
Той, што змалку сэрцу блізка,
На якой зімой і ў май
Пела маці над калыскай:
«Спі, мой сынку, засынай»
Адганяла цень трывожны,
Атуляла дабратой
I спявала… Хіба ж можна
Адрачыся песні той?
Хай табе не засціць памяць
Аніякая імгла…
Калі крыўдзіў хто, ты ж маму
Клікаў… Мама ўсё магла:
Адагнаць бяду, нягоды,
Холад, немарач, адчай…
Добрым сынам будзь заўсёды
I яе не засмучай.