Алесь Разанаў — Горад

Алесь Разанаў

  Горад горды і высакародны: ён стаіць на высокім месцы — на ўзгорку, на грудзе, і, адгароджваючыся ад навакольнага асяродка вежамі і сцяною, не адлучаецца ад яго, а вылучаецца з яго — як яго цэнтр, сярэдзіна, сарцавіна.
  Ён — бесперапыннае пераўтварэнне дольняга ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён — іхнія народзіны, і таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, і таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, і таму ўсім крывічам і радзімічам ён нібы ўзнагарода, родны і дарагі.
  Горад загартаваны ў горне розных нягод і прыгод, ён перагараджае ордэну і ардзе дарогу да валадарства, і калі на ўсё горла ворагі прадракаюць: «Гора — гораду!» і абрушваюць на яго град камянёў і стрэлаў, горад адказвае ім пагардай.
  Да горада горнуцца вёскі, лясы, пасады, палі, агароды, і ён з’ядноўвае іх у радзіму, а разнаісную грамаду — смердаў, рамеснікаў, гандляроў — гуртуе ў народ.
  I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ і радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку.
  У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе.

Сказать спасибо
( 7 оценок, среднее 2.57 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений