Усё, што крэйда крэсліць і піша, лёгка сціраецца, аднак крэйда на гэта не крыўдуе і на гэта не скардзіцца: яна рада, калі ў ёй маюць патрэбу, калі ёю карыстаюцца.
Крэйда творыць рэйд у невядомыя абсягі пазнання, і кожны раз для яе гэта абсяг – tаbulа rаsаe.
Крэйда можа памыляцца, можа рабіць «крывыя» высновы, але робіць яна гэта самааддана і самаахвярна, і таму заўсёды мае крэдыт даверу.
Усёю сваёю істотаю крэйда імкнецца ўвасобіцца ў незнішчальнае, у несціральнае слова праўды, і ў гэтым яе крэўнае крэда.
Крыніца: Разанаў А. Паляванне ў райскай даліне: Версэты. Паэмы. Пункціры. Вершаказы. З Вяліміра Хлебнікава. Зномы. Мн.: Маст. літ., 1995, — 287 с.