Алесь Разанаў — Рагнеда

Алесь Разанаў

Адсылаюцца сваты —
рэй пусты…
Трубу абрыне
не абраны, не святы:
для рабыніча — рабыні.

Як страла трымціць —
прыспеў…
Курны дым — як сцелюць воўну…
Налучыўся неспадзеў
карны выкуп за князёўну.

Слынна
        ў варварскія дні 
выкшталцоўвалася крэда:
пры вачах шчытной радні
абняслаўлена Рагнеда.

Уладзімір, уладар,
праз вякі крычыць здарэнне,
праз вякі гудзе пажар:
чад і слёзы — парадненне.

Ад радзіны анідзе —
парадненне —
анікога.
Праз вякі на збой ідзе —
тлен і парасткі —
дарога.

Цесны церам,
змор звініць,
зазвініць душа-вярэда…
Прыпадзе каханка ніц…
Занясе лязо Рагнеда,
не за волю і дабро —
за няволю і змірэнне…
О, рабыннае таўро —
з пераможцам парадненне.

Неназванаю была,
неназванай засталася —
знак святлейшага гала
пад хусцінаю Настассі.

На зняверанай вярсце
адрачонымі начамі
прыадчыніцца:
                     расце
сын — вачамі палачанін.

Адраджэнне:
заснуе…
адрадненне:
верне краю
род упарты —
ўсе свае…
Род адступнікаў карае.

А пакуль, князь,
                       а ці знаў — 
ты не сам тут…
Як закляцце — прыўзнімае Ізяслаў
меч,
     атрыманы ад маці. 

Сказать спасибо
( 8 оценок, среднее 3.75 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений