I
Слалася на лугі,
на сцежкі
белае мліва.
У снега прысмак тугі:
ён мамаю асаблівы.
Ён асаблівы мной:
блукаю ў яго завеі…
Снег –
скрушнаю навіной.
якою –
не разумею.
Якою… –
растануць сябры:
стану для іх старонні,
быццам збаяцца пары –
разгойданага прадоння.
Снег –
проста снег –-
быў наш,
луг –
толькі луг –
агульны…
Завея – развадыяш:
мне ў ёй асабліва ўтульна.
Даверуся –
замяце,
засцеражэ ад злуды…
Заклятая ў немаце,
што выкажа –
не забуду.
(Птушкі –
падзёрты шнурок,
а пакідалі ззянне
і неба, як шаргунок:
пакінулася запытанне…)
Водгалас…
водспеў…
уздых
з-за разнасцежанай брамы…
Я быццам ведаў іх:
а найглыбейшы – мамы.
Поры людскія – ў век:
якая пара –
зімою?!.
Мама ля мёртвых рэк:
я асаблівы ёю…
Мама ля зябкіх лоз,
як вываратняў калекіх,
ля насцярожаных лёз –
мроіцца –
небяспекі.
Прадбачу яе –
маю,
у вечнай пары –
такую…
Сюды настае:
стаю –
мама ўва мне смуткуе.
(Кветкі,
а касмылі
завейныя:
не адбалела
лета,
калі цвілі…
Узор дасканалы: – белы.)
Што болей мне:
я сустрэў –
і болей мне лес не пагрозны…
Ад невідушчых дрэў
ужо сябе не адрозню.
Снежыцца ў вочы, ў твар…
Сутонне… Абсяг жабрачы…
Блякла мільгне ліхтар:
мама ідзе –
пабачу.
II
Пракінуся:
ў цёмныя рамы
узбуджаны перапад…
Выходзіць за дзверы мама –
мама, калі назад?!
Адна яна…
ўвек…
надзея –
без роздыху,
без пары
(дзень нараджэння днее)
на вёскі і хутары.
Што люба –
на свет,
што не люба –
прытояць рака і лаўжы…
(Згушчаецца ноч загубы):
спяшаешся –
памажы!..
Ці вытчацца з лет і зім
кілім,
нібы сненне,
пухам –
найроднейшая ўсім:
доктарка-павітуха…
Табою споўніўся лёс,
мной –
вострае паўтарэнне:
палохае скрыгат калёс…
цяжыць тваё карэнне…
Час завязаўся ў паўтор:
жорстка зацягнуты прэнзлі…
Воз уязджае ў двор –
бацьку майго
прывезлі.
Самі сабе свой суд
прытоім:
прапойца… пустэльга…
Дарога звязалася ў скрут,
а развязацда нельга.
Сціснецца выйсце ў сіло,
сцежка ўпадзе на схіле…
Коратка лета цвіло:
плачацца –
у бяссіллі.
Плачацца: вечны раз…
З пагубных рук бацькі
таропкі
гарлач…
над табою…
ў абраз:
абрынуцца ачаропкі.
Ні меры ім, ні цаны:
маленькія людзі –
суддзі:
якімі будуць яны?!. –
вязні:
што з імі будзе?!.
Далеччу дол акрыты,
і неба, нібы гаpа…
Мамачка… ма… –
куды ты?!
Цёмна без ліхтара.
Сонца высокага –
досць…
Нізкае –
на расстанне…
Віною мне –
мама ёсць,
большаю –
што не стане.
Табою жыву ў зямлю…
Неба не свеціць –
засціць…
Навучаны, не дзялю:
надзелена стратай шчасце.
Мама,
наведаем снег,
барвовую аблачынку…
Закружаны кругабег:
мару аб адпачынку.
ІІІ
Вострая зорка весніць
заплаканую зіму…
Ціхія скаргі весніц
настойлівыя –
каму?!
Ужо ад зямнога злёку
не вылечыдца:
гібей…
Спіцца –
бы скон, глыбока,
не спідца –
яшчэ глыбей.
Штыкеты брыдуць мяжой,
трызніць асвер пры хаце…
У студні –
тады чужой –
ўтапілася маміна маці.
Нібы прадказала двор –
сюды
пераедзем потым…
(…Пнуцца звяры ў калідор…
Бандыты
стаяць за плотам…
Схавацца –
у цёмную печ,
шапа глухая –
прытулам…
Дочачка, не пярэч:
я бачыла іх,
я чула…)
Балесная,
у жары,
сышла з-пад нагляду –
ў нябыту
ратунку прасіць:
звяры
не трапяць…
не знойдуць бандыты…
Лёс… –
не пазбыцца… –
шчыт… –
бароніць… –
гняце… –
каменны…
Сумеецца варажбіт:
заклён на чатыры калены.
Не вывялі… –
у віну:
маўчаць сваякі па-сваяцку.
З хатаю…
хворы…
ў вайну
звуголіўся мамін бацька.
Клікалі –
бы здалёк
зірнуў,
не падаўся ўпрочкі…
Хлеб ля яго, збанок,
ліст ад Надзеі –
дочкі.
Ля жорсткіх дзвярэй
(на вякі
клямка на іх наклана)
прыпыніцца…
Сваякі
забудуцца – дзе пахаваны…
Які ён, падземны гай?!.
Адзіны:
бяздонна…
плытка…
Мама, не ўспамінай:
не мецьме яна забытку.
Штодня –
па бяду ад бяды,
па каласы ад пожні –
ці выйдзем адсюль куды?!.
Я пасля мамы –
апошні.
IV
Свет разнасцежаны – дом…
Сцежка заціснута ў тронках.
Лета цвіце,
ідзём –
мама, куды?! –
ў рамонках.
Пачуецца – а не ўслых:
бы адазвуцца бомы…
Мы – ад усіх…
да ўсіх…
Мама, куды?!. –
дадому.
Воблакі ўсё гусцей,
ветрыцца пацяруха…
Дзеці малююць дзяцей –
я намалюю скруху.
Вялікі расці!..
Куды?!. –
у ростань…
надзею…
страту.
Каменныя гарады
зачыняцца ў інтэрнаты.
Сумесна –
а чужакі,
агулам –
а разнародна,
людзі і глыжакі:
пагодненыя нязгодна.
Староннія манастыры…
Далечыня – распяцце…
Быў юны, не быў стары:
не будзе мяне на свяце.
Хто іх саджаў…
Хто сек?!. –
вязы паўстануць струнка.
Не выкажашся праз век:
…марна, няма ратунку.
Сустрэліся на зямлі…
Уцягнутым у вандроўку
ці здарыцца дзе калі –
найродным –
сустрэцца зноўку?!
Сцежкі залом і звіх…
А побач,
надзейней, чым сковы,
адзіныя – удваіх:
хто побач абавязковы?!.
Суцішны яе адказ
(што я даводзіў маме?!.):
хочуць рамонкі і вяз –
як мы імі –
споўніцца намі.
Задумаюся –
няўцям…
Сцежка цішком звузее…
Мама,
чаму я сам?!.
Вырасту – зразумею…
У агонь апраметны –
з агню…
Не хопіць сябе –
ў падучым
моманце прысягну
душою тваёй:
ці балюча?!.
Спаборнік мой спор нажу:
сам ранюся…
родных раню…
На споведзь –
адной –
скажу –
я маме –
прыеду –
ўранні.
У дзённым пярэдыху –
шляк
вярэды…
Ад’еду пад вечар…
Выведзе моўчкі на шлях:
што скажа, што не –
дарэчы.
Атручанае сцябло…
Дрэвы лясам зайздросцяць…
На зное… на праспект… –
што было
па чалавечым росце.
Звіхнуліся пазванкі –
дыскрэтныя кіламетры…
бяссувязныя званкі:
цэнтр чалавечых нетраў.
Губляюцца адрасы…
Ціша плыла – здранцвела…
Бы трэшчыны, галасы:
моўчкі –
незразумела.
Ноч выб’ецца з чарады,
сонца заледзянее –
з чым правядзеш тады,
мама мая –
надзея?!.
Апошні крок
зойме змрок,
першы –
ў параненым ранні…
Задзівімся ў пасмы аблок —
рамонкамі
ў дні прыстанем.
V
На момант –
а прыпыню…
З’яснелае лісце гаю
глыбока,
нібы радню,
маму маю ўхінае.
Мама,
у той старане
плачацца і нішчымна…
Мама…
Яна зірне
так раптам –
адтуль –
вачыма.
Надзея Іванаўна… – дзе?!
Надзея –
атрутны трунак.
Птушкі пільнуюць людзей:
дам зерня –
хто паратунак?!.
Неба не праміне:
будзь – моцнаю,
будзь – слабою…
А рысы твае пры мне
жывыя перад табою…
Воблакі – уваччу,
адчулі бяздонне вены…
Мама,
я не хачу
табе заступаць
узамену.
Птушка хісне крылом,
кінецца ўгору матлошна…
Весткаю –
першы гром,
дрэва ўпадзе –
апошні…
Хто завязаў трывала
роды людскія
ў чаргу?!.
Мама –
уберагала,
маму –
не ўберагу…
За рамаю –
год пярэсты:
ветах вісіць труной…
Якіх не хапіла вестак?!..
Ад мамы…
пра маму… –
адной.
Двояцда людзі –
зрэдзь
спаткаемся,
а найболей –
адзінства не зразумець:
рамонкам цвіцецца ў полі.
Двояцца… –
для пары,
а век паяднаны разам…
Пахмурыцца – угары…
Крамяна яснеецца вязам.
З сабой не бярэш –
сама:
абое – да раздарожжа…
Буду чакаць…
Няма…
Мамы не быць не можа.
Мама!.. –
яна між стром.
Мама!.. –
між буралому…
Упоцемках, з ліхтаром…
Мама, куды?!. –
дадому.