З кнігі "У гасцях у вечнасці"
Беларусы з даўніх давён кланяліся і пакланяліся камяням. Кланяліся, калі да сёмага поту стараліся выбраць іх з кожнага сялянскага поля, а тыя, як жывародныя, усё вылузваліся і вылузваліся з зямлі. Кланяліся, будуючы з іх крэпасці і замкі, палацы і цэрквы, стайні і свірны, брукуючы грукатлівыя гасцінцы. I паважалі, як належыць, за іхні сталы ўзрост.
З далёкіх дахрысціянскіх часоў беларусы верылі ў цудадзейную сілу камянёў. Нашы даўнія продкі лічылі, што сімвалам бога Перуна, напрыклад, з’яўляецца каменная сякера. Ёю сівабароды грамавержац рассякае чорныя хмары і поіць зямлю дабрадзейным дожджыкам. Лічылася, што яна абараняе ад злых духаў, спрыяе ўрадлівасці і пладавітасці, ратуе ад хвароб. Меркавалі, што чалавека з такой сякерай не зачэпіць ні д’ябал, ні маланка.
З асаблівай цнатлівасцю адносіліся беларусы да культавых камянёў, камянёў-прошчаў, следавікоў з адбіткамі слядоў Хрыста, Багародзіцы, святых угоднікаў. У дні свят да іх ладзілі хрэсныя ходы, богаслужэнні, ім прыносілі ахвяры, каля іх будавалі капліцы, цэрквы.
Магутныя ледавікі яшчэ задоўга да з’яўлення першых пасяленцаў на беларускай зямлі не раз і не два старанна прасавалі яе, пакідаючы пасля сябе мноства вялізных і важкіх валуноў. Багата іх стала пазней сапраўднымі абярэжнікамі і ахоўнікамі краю. Яшчэ і сёння можна пакланіцца шурпатым скандынаўскім прышэльцам, папрасіць у іх заступніцтва, дапамогі і спрыяння сабе і свайму народу, спазнаць іх дабратворны ўплыў. Зрабіць гэта можна не толькі ў запаведна-святых месцейках Беларусі, дзе захоўваюцца культавыя камяні, а і ў Музеі валуноў, які знаходзіцца пад адкрытым небам ледзь не на галоўным праспекце сталіцы. Гэты унікальны для Беларусі і ці не адзіны ў свеце музей створаны ў 1985 годзе як Эксперыментальная база па вывучэнню ледавіковых валуноў пры Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук.
Каля 3 тысяч рэдкіх гістарычных памятак звезена сюды з усіх куткоў нашай зямлі. Збочыўшы з шумных гарадскіх вуліц на ціхі поплаў, што ля мікрараёна "Уручча", можна сустрэцца не толькі з Перуном і Дажбогам, Князь-каменем і Вялесам, Асілкам і Святым каменем, але і са Змеем, Чортам і іншымі нячысцікамі, якія таксама ўсяляліся ў камяні. Можна без перасцярогі рукамі пакратаць найстаражытнейшы музейны экспанат Беларусі — валун, якому больш за 2 мільярды гадоў.
З біблейскіх часоў вядома, што грэшнікаў збівалі камянямі, неслухаў ператваралі ў валуны. "Каб ты каменем стаў" — дагэтуль клянуць у нас благога чалавека. Нават Закон Майсея, як сведчыць Біблія, быў накрэслены на камянях: "I звярнуўся Гасподзь да Майсея: падыміся да мяне на гару, і будзь там; і дам табе скрыжалі з каменя, і закон, і запаведзі, якія я напісаў для навучання іхняга".
Ці не з той пары з’явілася ў беларусаў звычка рабіць на камянях надпісы? Выдатнымі помнікамі эпіграфікі XII стагоддзя — каменнага пісьма — сталі знакамітыя Барысавы камяні, што знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны. "Господі помозі рабу своему Борисоу". Гэткі надпіс-заклінанне высечаны на іх па загаду полацкага князя Барыса. Адзін з 7 камянёў называўся Барыс-Хлебнік. Як казалі, ён "выходзіў з вады" пад свята Барыса і Глеба — 24 ліпеня. У гэтую пару звычайна пачыналася жніво, што і засведчана ў прымаўцы: "На Глеба-Барыса за хлеб бярыся". Зараз Барыс-Хлебнік спачывае ля знакамітага Сафійскага сабора ў Полацку.
У Аршанскім раёне доўга захоўваўся знакаміты на ўсю Еўропу Рагвалодаў камень з надпісам: "В лето 6679 (1171) месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крешении Рогволоду сыну Борисову". Надпіс-маленне зрабіў князь пасля галоднай зімы ў спадзеве на будучы добры ўраджай. Легенды апавядаюць, што камень стаяў на чатырох нагах, быў падобны на звера, меў каменную галаву, з якой тамтэйшы млынар зладзіў жорны. Ды камень не толькі сам змалоўся ў пясок, але і перамалоў увесь набытак і ўсё сямейства млынара.
Некаторыя даследчыкі называлі гэты помнік прыроды дальменам — найстаражытным збудаваннем накшталт вялізнай каменнай скрыні, накрытай пляскатай плітой, якая мела свой унутраны аб’ём. Згадваюць, што і пад Рагвалодавым каменем часта хаваліся ад дажджу мясцовыя сяляне. У 1805 годзе над ім была збудавана капліца, на пакланенне ў якую сцякаліся вернікі з многіх ваколіц.
Прыкладу князёў следаваў і люд паспаліты. У парку валуноў захоўваецца камень з надпісам жыхара вёскі Бярозаўка Маладзечанскага раёна Адама Галдакоўскага. На валуне выбіты лічбы "1842" і лацінскія літары "АН". Гэткім чынам увекавечаны год куплі зямлі і ініцыялы яе ўладальніка.
Пашанотныя адносіны да валуноў як да надзеленых вышэйшай сілай і адухоўленых спрыяльнікаў чалавека выявіліся ў вырабе каменных ідалаў і крыжоў. У музеі захоўваецца крыж, каля якога ў час Лівонскай вайны адпачываў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. На крыжы выбіты рыцар з каронай і надпіс "RSВ": Кех Stеfаn Ваtorу.
У Лепельскім павеце некалі ляжаў легендарны камень, на якім у 1426 годзе пры штурме замка Варанеч абедаў вялікі князь Вітаўт. Пра гэта сведчылі шэсць паглыбленняў на валуне, за што яго празвалі талеркамі Вітаўта. Там жа знаходзіўся яшчэ адзін помнік даўніны — Вітаўтавы відэльцы.
Пра камяні народ склаў безліч паданняў, легенд, показак. Некалі, даўным-даўно, калі яшчэ Бог хадзіў па зямлі, на месцы возера Бяздоннае ў Слонімскім раёне была вёска. У яе і зайшоў Гасподзь у адзенні жабрака. Старац прасіў у людзей хоць кавалак хлеба. Ды людзі адварочваліся ад яго. Толькі адна кабета літасціва падала пахкі бохан. Бог параіў ёй сысці з вёскі, а па дарозе не азірацца. Але кабета не стрымалася. А калі азірнулася, убачыла на месцы вёскі вялізнае возера, абкружанае камянямі — былымі вяскоўцамі. Аднак і сама яна сталася каменем у выглядзе жаночай постаці з доўгай касой.
Паданні пра ператварэнні ў камяні жывуць сярод многіх народаў. А вось легенды аб камянях-краўцах і шаўцах бытуюць толькі ў беларусаў.
Яшчэ не так даўно ў Талачынскім раёне ляжаў вялізны квадратны камень, якога называлі Сцяпанам. На яго месцы даўней жыў рупны майстар-кравец. Ды нечым не дагадзіў ён нячыстай сіле, і тая ператварыла Сцяпана ў камень. Аднак і камень працягваў справу краўца. Дастаткова было вечарам пакласці на яго тканіну і папрасіць: "Сцяпан, пашый каптан", як досвіткам усё было гатова. Ды аднойчы нейкі неразумны жартаўнік задумаў выпрабаваць чароўную сілу каменя. "Сцяпан, — папрасіў ён, — зрабі мне ні тое, ні сёе". Зайшоўся ад крыўды камень і перастаў шыць: не гнявіце дабрачыннасць.
Ёсць у музеі валун з незвычайнай назвай Дзед. Раней ён знаходзіўся на старажытным мінскім капішчы — культавай святыні язычнікаў, дзе людзі пакланяліся сваім дахрысціянскім багам. Да пачатку XX стагоддзя дзейнічала старадаўняе свяцілішча на беразе Свіслачы, дзе сённяшняя вуліца Лодачная.
Многія камяні праз вякі хаваюць свае таямніцы, не хочуць адкрываць іх людзям. З вёскі Стайкі Лагойскага раёна прывезены ў музей некалькі валуноў з загадкавымі знакамі на іх. Гэтыя малюнкі пераклікаюцца з аналагічнымі знакамі ў наваколлі Ноўгарада, якія ў сваю чаргу нагадваюць наскальныя малюнкі ў Швецыі, зробленыя 5 тысячагоддзяў таму.
Так, беларускія камяні можна чытаць як самую займальную кнігу. Можна слухаць іх, як найцікавейшых суразмоўцаў. Можна захапляцца імі, як самымі найшляхетнымі і найдасканалымі. Незвычайная музейная калекцыя — толькі маленечкая часцінка гэтых самавітых сведкаў і велічных помнікаў гісторыі. Гуляе над імі зімавей, дзюбаюць іх дажджы, руплівіцца вакол мурава, загарэлы чэрвень шчодра абсыпае досвіткавай расой — а ім з вышыні свайго спаконвечнага ўзросту ўсё гэта падаецца толькі дзіцячымі забаўкамі. Праз усё сваё невымерна доўгае жыццё годна і немітусліва нясуць яны сваю адвечную вахту: спрыяць людзям і аберагаць іх ад злога. Бо гэтыя камяні — дзівосныя ахоўнікі спакою на маёй і тваёй Беларусі.