Звярніце ўвагу! Поўны змест.
У горад прыехаў цырк.
Маці дала Кастусю грошы і сказала:
– Сёння ў дванаццаць гадзін пойдзем у цырк. Купі два білеты. Адзін – мне, другі – сабе.
Потым строга дадала:
– Глядзі ж, не баўся.
Праз якія паўгадзіны, радасны і шчаслівы, Кастусь ужо імчаўся дадому, сціскаючы ў руцэ дзве сіненькія паперкі.
Усюды ў горадзе віселі цыркавыя афішы.
Каля адной з афіш Кастусь спыніўся. На ёй быў цікавы малюнак: белыя сабачкі стаялі ў рад і пярэднімі лапкамі аддавалі чэсць мядзведзю. Як многа цікавага ўбачыць Кастусь сёння ў цырку!
Нейкі дзядзька, праходзячы міма, штурхануў хлопчыка ў плячо.
– Не бачыце, ці што? – сярдзіта сказаў Кастусь. Дзядзька спыніўся, павярнуўся назад. На вачах у яго былі акуляры з сінімі шкельцамі, у руках ён трымаў жалезную кульбу.
– Прабач, хлопчык, – ціха прамовіў ён. Памацаўшы кульбай вакол сябе, дзядзька асцярожна зрабіў некалькі крокаў.
«Сляпы», – здагадаўся Кастусь.
Сляпы ішоў проста ў лужыну.
– Дзядзька, вада там! – крыкнуў Кастусь.
Сляпы збочыў управа і наткнуўся на паркан.
– Паркан! – зноў крыкнуў хлопчык.
Ён падбег да сляпога, узяў яго за руку, вывеў на дарогу і спытаў:
– Вам далёка ісці?
– На вакзал.
– О! – здзівіўся хлопчык. – Як жа вы дойдзеце?
– Як-небудзь.
Не выпускаючы рукі сляпога, Кастусь вёў яго спачатку па тратуары, потым па скверы. А калі дайшлі да плошчы, Кастусь спыніўся. Тут яму трэба было зварочваць дадому, а дарога на вакзал ішла налева.
– Я, дзядзька, сёння ў цырк пайду, – сказаў Кастусь, – мяне мама чакае. Бывайце.
– Бывай. Дзякуй табе.
Кастусь пабег. Ужо ля самага дома ён азірнуўся і ўбачыў, што сляпы стаіць на тратуары і ніяк не асмельваецца перайсці плошчу. Машыны ішлі і ішлі бясконцым патокам. Грузавыя і легкавыя, тралейбусы і аўтобусы. А сляпы ўсё чакаў і нецярпліва пастукваў кульбай.
«Ён адзін не пяройдзе, – падумаў Кастусь. – Трэба дапамагчы».
Кастусь падбег да сляпога і зноў узяў яго за руку.
Сляпы пазнаў хлопчыка, моўчкі кіўнуў галавой і пакрочыў следам за ім.
Перайшлі плошчу. Мінулі адно скрыжаванне, другое. Да вакзала засталося не так ужо далёка.
– А зараз вы дарогу знойдзеце? – спытаў Кастусь.
– Людзі дапамогуць.
«Гэта ж ён будзе ўвесь час у людзей пытаць», – падумаў хлопчык і вырашыў яшчэ крыху правесці сляпога.
Ішлі яны павольна, старанна абмінаючы лужыны. А лужын, як на тое, было шмат: раніцай прашумеў дождж з навальніцай.
Сляпы маўчаў. Бледны твар яго быў насцярожаны, губы сціснуты.
Нарэшце яны дабраліся да вакзала.
– Вось і ўсё, – сказаў Кастусь. – Я пабег. А то мне ў цырк трэба.
Яны, як роўныя, паціснулі адзін аднаму рукі, і Кастусь заспяшаўся дадому.
На плошчы ён зірнуў на гадзіннік і адразу спыніўся. Усё прапала: і білеты, і цырк… Была першая гадзіна. Спазніўся.
Кастусь дастаў з кішэні дзве сіненькія, цяпер ужо нікому не патрэбныя паперкі і скамячыў іх.
Маці сустрэла Кастуся на вуліцы.
Яна заўважыла і слёзы на вачах сына, і скамечаныя білеты, усміхнулася і ласкава сказала:
– Не плач, сынку. Я усё бачыла. Было б горш, калі б ты не дапамог таму чалавеку. А цырк ад нас нікуды не дзенецца.
Маці купіла новыя білеты і павяла Кастуся ў цырк вечарам. I колькі цікавага ён убачыў там! Але асабліва спадабаліся яму белыя сабачкі, якія выстройваліся ў рады, маршыравалі і па камандзе аддавалі чэсць мядзведзю.