Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Мы з Толікам на двары паставілі лавачку. Добрую, са спінкаю. Як толькі зрабілі, паселі і сядзім. Добра сядзець у цяньку пад ліпаю. Колькі хочаш сядзі, каго хочаш запрашай пасядзець – лавачка наша.
Вось так мы сядзім адны дзесяць хвілін, дваццаць.
З дому выйшаў наш сусед дзед Андрэй. Убачыў лавачку, здзівіўся: нічога не было, а цяпер лавачка стаіць.
Мы пасунуліся.
– Калі ласка, – сказалі дзеду Андрэю. – Гэту лавачку мы зрабілі.
Цяпер сядзім утрох. Дзед хваліць лавачку і нас малайцамі заве. Добра, кажа, у цяньку пасядзець.
З трэцяга пад’езда выйшаў яшчэ адзін дзед.
– Хадзі, Іван, пасядзі, – паклікаў дзед Андрэй.
Падышоў дзед Іван і спытаўся:
– Гэта ты, Андрэй, зрабіў лавачку?
– Не, мы з Толікам, – пахваліўся я, – наша лавачка.
Я ўстаў і даў месца дзеду Івану. Потым Толік саступіў месца бабулі, якая падышла да нас.
Мы стаім, а два дзяды і бабуля сядзяць на нашай лавачцы.
– Няхай пасядзяць, – сказалі мы. – Паспеем насядзецца.
Пагулялі ў двары, пабегалі па вуліцы, вярнуліся, а на лавачцы сядзяць тры бабулі. Схадзілі ў кіно, паабедалі, выйшлі на двор – зноў лаўка занятая. Нейкія дзядзька і цётка з дзіцем селі. Так у той дзень мы і не дачакаліся, калі можна будзе пасядзець на сваёй лавачцы. I на другі, і на трэці дзень тое ж самае – сядзяць людзі на ёй, а нас убачаць – хваляць:
– Малайцы, хлопцы. Такую добрую лавачку зрабілі.
Кожнаму хочацца пасядзець на лавачцы, а яна ж невялікая, толькі на тры чалавекі.
I рашылі мы зрабіць яшчэ адну лавачку, вялікую, каб усім хапіла месца…
– Цюк! Цюк! – стукае наша сякера. Памагайце, малыя, мы робім другую лавачку.
Большую, са спінкаю. I для старых, і для малых.