Адступаюць лясы.
Высыхаюць балоты.
Усё меней красы –
Усё больш адзіноты.
З дбайным сумам глядзяць
Землякі-хлебаробы
На сваю сенажаць,
На свае агароды…
Чалавек – уладар,
Бог прыроды і знаўца,
Толькі ўсё ж гаспадар
Яшчэ дрэнны, прызнацца.
…Мазалі да крыві,
Кроплі вечнага поту…
Трошкі больш бы любві
Нам яшчэ да работы.