Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,
Край неўміручай партызанскай славы!
На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я
Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.
Мяне б і зараз памяць прывяла
Да той зямлянкі на пяшчанай выспе,
Дзе вера светлая са мной жыла,
Дзе не па ўзросту гнеў у сэрцы выспеў.
Я і сягоння адшукаць бы мог
Сцяжынкі топкія ў дзічы дрыгвістай,
Дзе карані паўзуць Бужамі ў мох,
Дзе смерць знаходзілі сабе фашысты.
Тут кожны куст трывожнаю парой
Хаваў мяне ад нечысці звыроднай.
Тут да зямлі, халоднай і сырой,
Я прыпадаў, як да матулі роднай.
Тут грозны час сяброў мне не збярог,
Ім светлы дзень сустрэць не давялося.
Тут на магілах брацкіх ля дарог
Не вянуць кветкі ні вясной, ні ўвосень.
Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,
Край неўміручай партызанскай славы!
На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я
Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.
1958
Гілевіч Н. Збор твораў у 23-х тамах. Т І. – Прадмова аўтара; Маст. В. Корзун – Мн.: ГА БТ «Кніга», 2003. – 416с.