Ніл Гілевіч — Любоў мая, гордасць і вера

Ніл Гілевіч

Згодна плану, прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з займаемай ім тэрыторыі. Значыць, 25 працэнтаў беларусаў па плану галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі падлягае анямечванню…
З апублікаваных дакументаў аб гітлераўскім плане «Ост»

 
Дык вось што з табою хацелі зрабіць,
Любоў мая, гордасць і вера!..
Аб гэтым патомкаў прашу не забыць
На сто пакаленняў уперад.
 
Які нечуваны чакаў прыгавор!
Прымусіўшы гвалту скарыцца,
Тры чвэрці адправіць на голад і мор,
А рэшту – хрысціць у арыйцаў.
 
Тры чвэрці адправіць за тысячы вёрст
Ад гоняў, дзе й вецер быў родны,
Каб нават памерці да дзедаўскіх гнёзд
Вярнуцца не мог аніводны.
 
А рэшту пакінуць, каб неслі крыжы,
Каб самі магілу капалі
Для скарбаў тваёй неўміручай душы,
Для сонечных песень Купалы;
 
Каб сёння, праз дваццаць гадоў усяго,
Нявольнік і раб на Радзіме,
Не мог я маленькага сына свайго
Па продку назваць нашым імем.
 
Паганаю, чорнай варожай крывёй
Быў план перакрэслен вар’яцкі!
У сховах зямлі шматпакутнай тваёй
Іх дух датлявае ваяцкі.
 
Гніюць-дагніваюць таго касцякі,
Хто прагнуў знайсці тут прастору.
Табе ж уздымаць пераможна сцягі –
Чым далей, тым вышай угору.

1960 г.
 

Крыніца: Гілевіч Н. Лісце трыпутніку. Выбраныя творы. Мінск: «Беларусь», 1968, – 256 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений