На акне маім вазон,
«Агеньчыкам» завецца ён.
Я вазон той даглядаю,
Пыл сціраю, паліваю.
I расце ён, і расце,
Аж палае – так цвіце.
Кветкі, як жарыначкі,
Гараць на ўсіх галіначках.
I дома ўсе, і з вуліцы
«Агеньчыкам» любуюцца.
Заўтра гэтую красу
Я бабулі аднясу.
Каб святлей жылося ёй,
Падару «агеньчык» мой.