Плача сірочая ў лесе жалейка…
Сціхла ты,
Змоўкла, наша Надзейка.
Хто ж гэта думаў, як давялося:
Вочы закрыла хмурая восень,
Выцвілі косы,
Шчокі запалі,
Рукі завялі.
– Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка. –
Болей рукам тваім
Жыта не жаці,
Жыта не жаці,
Снапоў не вязаці. –
Трэцюю ночку вісне дзяўчына
На белай бярозе ля роднай хаціны.
Горачка-гора сэрца скавала,
Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?
З лісцем пажоўклым горкія слёзы
Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:
– Добрыя людзі, жальбу здыміце,
Лепей мяне вы, бярозу, спіліце.
Гэтую дзеўчыну знала я дзіцем… –
Жоўты пясочак.
Зялёны вяночак.
Сінія вочкі,
Што васілёчкі.
Буйныя ветры, лютыя буры…
Ходзіць па лесе хлопец пануры.
– Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка.
З лісцем пажоўклым горкія слёзы
Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:
– Хлопец-юнача, смутныя вочы,
Зрэж мяне, белую, цёмнаю ноччу, –
Цяжка стаяць мне з горам дзявочым.
Помню я смех ваш,
Гулі-гулянкі,
Песні-вяснянкі
Аж да світанку.
Хлопец жалобу носіць на полі.
Ён у бярозы пытаецца з болем:
– Што ж не схавала ты любую голлем?
– Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка.
З лісцем пажоўклым горкія слёзы
Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:
– Як наляцела цемра-навала,
Змеі напалі, джалілі джалам.
Дымам дыхнулі, – чорнай я стала,
З крыкам і тлумам,
Гвалтам і глумам
Красу загубілі,
Дзяўчыну забілі.
Ходзіць па лесе, пушчах, дубровах
Хлопец разгневаны, хлопец суровы:
– Скора вярнуся
Разам з сябрамі,
Грукнем маланкамі
Ды перунамі,
Выпечам змеяў жалезам калёным,
Неба ачысцім, хмары разгонім,
Дзеўчыну ўславім,
Голле расправім,
Травы абсыплем чыстай слязою,
Чыстай слязою,
Быццам расою.
Надзя! Надзейка!.. – кліча жалейка.