У сетку з дзіўна хітрасплеценых нітак папалася муха.
Сетку зрабіў і наставіў павук. Зрабіў і наставіў, — як рабілі і настаўлялі такія ж самыя сеткі павуковы дзяды і прадзеды.
Папалася ў сетку муха, як пападаліся ў такія ж сеткі яе бабкі і прабабкі. Як там было ў гэткіх сетках бабкам і прабабкам, муха чула і ведала, але цяпер, трапіўшы сама туды, як толькі наляцеў на яе павук з сваімі клюшнямі дый пачаў накідаць кандалы, сцягваючы і звязваючы імі крыллі з ножкамі, — яна заартачылася.
— Слухай ты, — кажа, — крывапіўца: натуру тваю дасканальна знаю і ведаю, што дабра ад цябе не спадзявацца; дай жа хоць слова сказаць…
— Э-э, — адказвае павук, — ведаю я гэтыя гутаркі вашыя — старая песня! Кожная з вас, як толькі пападзецца да мяне, усялякімі тонамі галосіць: "Павук крывапіўца!" А ці ж я адзін такі? Ці мала такіх жа крывапіўцаў паміж вашага брата? Глянь на аваднёў, камароў: іх цэлыя хмары! Ды і з твайго роду ёсць такія, што калі ўрэжа ў лытку…
— Не, павук, — перапыніла муха, — тое — дый не тое: праўда, ссуць і яны кроў, але жыцця не адбіраюць, а і то, праўду кажучы, хоць іншым разам і ім не даеш ты спуску, усё ж такі лічым мы іх больш тваімі спадручнікамі, чым нашымі. Такія, як я, нічога супольнага з імі не маюць: мы жывём божым дарам…
— Чым бы вы там ні жылі, — ужо злосна пераняў мову мухі павук, — гэта мне ўсё роўна; мне толькі абы была кроў, а пакуль ваш род не звядзецца, то і павукам крыві хваціць.
— А ці ведаеш жа ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо яшчэ не адна такая, як я, але як зразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады не толькі яна паляціць у ласкуткі, я, бадай, і ты жывым не выйдзеш? Здзекаваўся ты, пакуль па адной нас перабіў, але зыкну я толькі, і цэлая хмара…
— Ха-ха-ха! — зарагатаў павук і наляцеў ужо на галаву мухі. — Зыкнеш? Ты зыкнеш? Недачаканне! Недачаканне тваё!
I павук, запеніўшыся са злосці, як бач прабіў галаву мусе і пачаў смактаць з яе кроў.
Ніколі, здавалася павуку, не смакавала так яму кроў, як гэтай мухі. Ніколі такой прагавітасці ў яго не было, як вось цяпер. Вісеў ён над мухай, ажно пакуль што да капелькі крыві не выссаў з яе, і тады толькі адбегся і глыбока заціснуўся ў сваю шчыліну.
Хоць сыт быў — не спаў гэтай ночы павук. Неспакойныя думкі наляталі на крывёй заліты павуковы мозг. А што, калі і праўда наляціць зразу цэлы рой мух? Ці ўтрымаецца сетка? Ці здолее ён даць усім адразу рады? I як гэта адважылася гэткая паганая муха такое слова яму, яму — павуку сказаць? Не адна муха мо не раз ужо і думала так, але каб сказаць?
Не спаў гэтай ночы павук, а назаўтра, надумаўшыся, зрабіў і наставіў новых яшчэ дзесяць сетак…
Ідэйны змест
Байка «Павук» (1911) — вострасатырычная алегорыя. Злая сатыра накіравана тут супраць прыгнёту, эксплуатацыі, супраць прыгнятальнікаў, якія жывуць за кошт працоўных. Відаць, штуршком для напісання гэтай алегорыі паслужыла знаёмства Ядвігіна Ш. з артыкулам «Павукі і мухі» вядомага дзеяча нямецкага сацыял-дэмакратычнага руху Вільгельма Лібкнехта. Артыкул гэты ў свой час быў вельмі папулярны сярод рускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў.
Алегарычныя вобразы павука і мухі ў байцы Ядвігіна Ш. маюць у сваёй аснове той жа рэальны жыццёвы змест, які ўкладваў у іх у сваёй публіцыстычнай брашуры і Лібкнехт: павукі — гэта паны, капіталісты, духавенства, рабаўнікі і паразіты ўсіх ступеней і рангаў; мухі — працоўныя людзі, бязвінныя ахвяры капіталістычнага ладу. Больш таго, алегарычная сцэнка байкі «Павук» Ядвігіна Ш. амаль поўнасцю паўтарае кампазіцыю сімвалічнага малюнка, які адпавядае асноўнаму зместу брашуры В. Лібкнехта.
Алегорыя «Павук» зроблена з характэрнай для баек Ядвігіна Ш. мастацкай яркасцю. У сетку з дзіўна і хітра сплеценых павуком нітак трапіла муха. Павук зрабіў і наставіў сетку так, як гэта рабілі яго дзяды і прадзеды. I муха папалася ў сетку такім жа чынам, як траплялі ў падобныя сеткі яе бабкі і прабабкі.
Аднак цяпер, у новы час, нешта змянілася. Калі раней кожная муха, трапіўшы ў сетку, толькі і галасіла на розныя таны: «павук-кравапіўца», то гэта муха ўжо асмелілася і пагражаць павуку. «А ці ведаеш ты, пракляты вісельнік, — пачала муха, — што хоць згіну я, згіне мо яшчэ не адна такая, як я, але як адразу наляціць цэлы рой мух, ударыць у тваю сетку, тады не толькі яна паляціць у ласкуткі, а бадай і ты жывым не выйдзеш?! Здзекваўся ты, пакуль па адной нас перабіраў, але зыкну я толькі: і цэлая хмара…»
Не паспела муха закончыць свае гнеўныя прароцтвы…
Праўда, задумаўся павук над словамі мухі, нават ноч не спаў, а назаўтра зрабіў і паставіў новых яшчэ дзесяць сетак.
Гэтыя новыя сеткі сімвалізуюць панаваўшую ў краіне рэакцыю, узмацненне паліцэйскіх рэпрэсій. Пісьменнік быццам бы гаворыць сваёй байкай: мухі паспрабавалі аб’яднацца ў барацьбе з павуком, але павукі яшчэ ў поўнай моцы і на кожную такую спробу адказваюць бязлітаснымі жорсткасцямі.