Янка Купала — Паўлінка

Янка Купала

Асобы:
Сцяпан Крыніцкі, засцянковы шляхціц, 45 г.
Альжбета, яго жонка, 40 г.
Паўлінка, дачка Крыніцкіх, 19 г.
Пранцысь Пустарэвіч, сваяк Крыніцкіх, 50 г.
Агата, яго жонка, 43 г.
Якім Сарока, настаўнік, 25 г.
Адольф Быкоўскі, 24 г.
Госці, музыкі.
 

Акт І

  Якім і Паўлінка раяцца, што рабіць, каб бацькі дзяўчыны далі дазвол на шлюб. Стары Крыніцкі не любіць настаўніка і не жадае мець зяця з мужыкоў. Якім прапаноўвае ўцячы і абвянчацца цішком: «Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, — ведама, бацькоўскае сэрца».   Паўлінка баіцца. Дамаўляюцца, што заўтра пасля вечарынкі самы раз здзейсніць задуманае. Якім дае дзяўчыне свой фотаздымак. Паўлінка хавае яго за абраз, калі настаўнік пакідае хату.
  Вяртаюцца з кірмашу п’янаваты Крыніцкі з жонкай. Альжбета пытаецца, з кім ён начаставаўся. Муж адказвае, што з зяцем, панам Быкоўскім. Альжбеце «зяць» не падабаецца. Дачка заяўляе, што пойдзе замуж толькі за Якіма Сароку. Бацька злуе і сварыцца.
  У хату ўвальваецца п’яны Пранцысь Пустарэвіч з жонкай. Крыніцкі скардзіцца на дачку, што «спуталася з гэтым… бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі».
  Паўлінка расказвае Агаце пра сваю бяду. Старая кабета раіць слухаць бацьку і маці, хваліць Якіма. Дзяўчына палохае Агату, што павесіцца, калі яе разлучаць з каханым.
  Высвятляецца, што Пустарэвіч дрэнна прывязаў кабылу і яна ўцякла. Агата з крыкам гоніць Пустарэвіча дамоў.
  Крыніцкі загадвае Паўлінцы заўтра «злавіць зяця, аб якім ён ёй сягоння гаварыў». Дастае з-за абраза куплены на кірмашы каляндар, а разам з ім — фотакартку Якіма Сарокі. Паўлінка хоча забраць здымак, бацька не аддае.
  Вяртаюцца Пустарэвічы, знайшоўшы кабылу прывязанай пад паветкай. Усе разглядаюць фотакартку, потым Крыніцкі рве яе. Пранцысь прапануе выпіць хаўтурнага. Паўлінка са словамі «Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў не варты!» вырывае з рук пляшку і б’е яе. Усе здзіўлены.
 

Акт II

  За сталом Крыніцкія і госці. П’юць гарбату. Гаспадар шкадуе, што няма пляшкі, манаполька была закрыта. Музыкі лічаць яго скнарай. Размова заходзіць пра Якіма Сароку: некаму ён падабаецца, некаму — не. Крыніцкі перапыняе гаворку, намякаючы на штосьці, паведамляе, што ён настаўніку «ўжо даў дарогу».
  З’яўляецца Быкоўскі, тлумачыць сваё спазненне тым, што «жарабец панёс з гары». Пачынае хваліцца ўласнай гаспадаркай, ураджаем. Кпіны Паўлінкі і гасцей не заўважае, прымае іх за кампліменты. Паўлінка прапануе музыкам зайграць лявоніху. Быкоўскі гаворыць, што «такіх мужыцкіх танцаў не гуляе». Ён танцуе «гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту». Пачынае вучыць Паўлінку «навамодным танцам». Дзяўчына ўрэшце вырываецца.
  Крыніцкія і Пустарэвічы п’юць гарбату, моладзь танцуе. Просяць Быкоўскага праспяваць, той няскладна спявае рамансы то на беларуска-польскай, то на беларуска -рускай трасянцы. Моладзь спявае беларускія народныя песні. Паўлінка запрашае на лявоніху Быкоўскага. Танцуюць і маладыя і старыя.
  Моладзь разыходзіцца, ад’язджаюць Пустарэвічы. Сцяпан і Альжбета ідуць спаць. Паўлінка з Быкоўскім гуляюць у карты, Быкоўскі прайграе і ўрэшце пакідае хату, перакананы, што дзяўчыне спадабаўся.
  Паўлінка ў нерашучасці. I хоча, каб з’явіўся Якім, і не хоча. Пачынае складваць рэчы. За акном чуваць шорах. Паўлінка праз акно выкідвае вузлы і збіраецца выскачыць сама. Прачынаецца бацька. Хапае Паўлінку за ногі. Камандуе жонцы несці стрэльбу, думаючы, што трымае злодзея.
  Бацька і маці цягнуць дачку праз акно назад у хату. Патрабуюць тлумачэнняў. Паўлінка гаворыць, што «хацела замуж ісці».
  Пустарэвіч за каўнер прыводзіць Быкоўскага, аб’яўляе, што злавіў злодзея. Быкоўскі тлумачыць, што збіўся з дарогі і хацеў запытацца ў Паўлінкі.
  Крыніцкі праганяе Быкоўскага, зразумеўшы, што дачка вырашыла ўцячы за яго замуж. Паведамляе, што настаўніка, «гэнага гада за афішкі арыштавалі… ужо гэтае мужыцкае насенне не будзе больш нашых сцежак паганіць».
  Паўлінка падае ў непрытомнасці з крыкам «Звяры сляпыя!!!»

 

Аналіз твора:

  У камедыі «Паўлінка» Янка Купала ва ўсім бляску паўстае драматургам-рэалістам: не выносячы дзеяння за сцены хаты засцянковага шляхціца Сцяпана Крыніцкага, выкарыстаўшы, здавалася б, не новы, традыцыйны канфлікт паміж заскарузлымі ў сваёй шляхецкай фанабэрыі бацькамі і дзецьмі, што прагнуць самастойнага шчасця, ён напаўняе сваю камедыю вельмі значным сацыяльным зместам, які выходзіць далёка за межы звычайнага сямейнага канфлікту.
  Справа ў тым, што адзіная дачка Сцяпана Крыніцкага Паўлінка, вясёлая, жыццярадасная, багатая ад прыроды натура, не хоча жыць так далей, як жылі бацькі, не прымае іх старасвецкіх запаветаў «сцерпіцца-злюбіцца».
  Бунт Паўлінкі супраць бацькоўскай маралі – гэта ўсяго толькі лакалізаванае ў межах сямейнага канфлікту праяўленне таго ж усеагульнага працэсу ўздыму пачуцця ўласнай годнасці ў асяроддзі прыгнечанай, занядбалай сялянскай масы, працэсу абуджэння асобы, які знайшоў у творчасці Купалы такое глыбокае і ўсебаковае ўвасабленне.
  Паўлінка не проста выступае супраць патрыярхальных запаветаў, выказаных прама і недвухсэнсоўна бацькам і спагадліва-суцяшальна – маці і Агатай, жонкай п’янюгі Пустарэвіча, але і гатова змагацца за сваё шчасце, і не проста да любага хлопца яе цягне, а да чалавека, які ўвасабляе разбуджаныя рэвалюцыяй сілы старой вёскі, чалавека, які сам чытае кніжкі і Паўлінцы іх дае і які ў вачах Сцяпана Крыніцкага і Пранціся Пустарэвіча – «забастоўшчык», «дэмакрат».
  Сваім імкненнем у будучыню, нязломным жаданнем адстойваць права на шчасце, гатоўнасць самаахвярна змагацца за гэтае шчасце Паўлінка падобная да Бандароўны – ідэальнага, пададзенага ў рамантычным арэоле вобраза дзяўчыны, якая таксама вышэй за ўсё ставіць сваю духоўную свабоду, незалежнасць, сваю «чэсць і славу».
  У «Паўлінцы» сутыкаецца не толькі хцівая, заскарузлая мараль патрыярхальшчыны з павевамі новага жыцця, але проста здаровая мараль працоўнага народа. I саюзнікамі Паўлінкі выступаюць па сутнасці ўсе тыя безыменныя хлопцы, дзяўчаты, вясковыя музыкі, што прыйшлі на вячоркі да Крыніцкага і сваімі скокамі, песнямі, жартамі, рэплікамі адмаўляюць усё недарэчнае, вычварнае, усё, што мае прэтэнзію называцца «панскім» і што цудоўна асмейваецца ў вобразе Адольфа Быкоўскага.
  Нават той жа вечна п’яны Пранцісь Пустарэвіч, яго жонка Агата і Альжбета, маці Паўлінкі, у душы таксама супраць «панскага», і яны, як у нейкай ступені і сам Сцяпан Крыніцкі, не пазбаўлены таго здаровага, народнага погляду на жыццё і свет, які ўласцівы людзям працы.
  Не просталінейныя, падуладныя адной толькі страсці характары малюе Янка Купала, а складаныя, супярэчлівыя чалавечыя тыпы, што нясуць у сваёй псіхалогіі супярэчнасці самога жыцця, аджыўшага і новага ў ім, цёмнага і светлага.
  Сцяпан Крыніцкі, як і Пустарэвіч, – перш за ўсё сам ахвяра пэўнага сацыяльнага асяроддзя, ён увасабляе сабой разбагацелую, але адсталую частку сялянства з уласцівымі ёй кансерватыўнымі поглядамі і норавамі. Таму Сцяпан не супраць таго, каб парадніцца з засцянковай шляхтай, што была аб’ектам высмейвання і ў жыцці, і Ў беларускай літаратуры амаль на працягу стагоддзя. Гэта і дае падставу Паўлінцы ў фінале камедыі, які гучыць трагічна (настаўніка Якіма Сароку арыштавалі па даносу Сцяпана Крыніцкага), назваць бацьку і такіх, як Пустарэвіч, «звярамі сляпымі».
  А ўвогуле камедыя «Паўлінка» – сапраўдны народны твор. Яна ўся прасякнута непадробным народным гумарам, смехам, адчуваннем жыцця, якое вядзе ў глыбіні беларускай нацыянальнай самасвядомасці, з усімі псіхалагічнымі адметнасцямі душы народа.

Сказать спасибо
( 9 оценок, среднее 4.56 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений