1
Ой ты, Юрачка,
Што не вучышся?
Так да невукаў
Ты далучышся.
А як вырасцеш
Ты няўмекаю,
Усе высмеюць
Недарэкаю.
* * *
А ў нашага Юрачкі
З’елі сала шчурачкі,
Як пабег ён у лясок,
Каб схавацца ад кніжок.
А ў нашага Юрачкі
У капоце дзюрачкі,
Нарабіў ён іх сабе,
Як стаў лазіць па вярбе.
2
Ой, ты, Юрачка,
Што лянуешся,
Хаткі нашае
Не пільнуешся?
Толькі бегаеш,
Забаўляешся,
Гэтак з кпінамі
Напаткаешся.
* * *
А ў нашага Юрачкі
Пагублены гузічкі,
Ён тады іх пагубляў,
Як з садочку уцякаў.
А з нашага Юрачкі
Сталі кпіць і курачкі,
Што не мыўся цэлы дзень
I бубніць, як авадзень.
3
Ой ты, Юрачка,
Кінь ляніціся,
Ды надумайся
Ты вучыціся.
Будзем цешыцца,
Што ты вучышся
I да невукаў
Не далучышся.
* * *
А нашаму Юрачку
Кот зрабіў пячурачку, –
Юрка мейсца там заняў
I з катком – курняў! Курняў!
А нашаму Юрачку
Тнуў камар у скурачку,
А Юрачка – ай-ай-ай!
Камарочак, не кусай!
1932