Янка Маўр — Запіска

Янка Маўр

Увага! Поўны змест

  Гады праз тры пасля вайны мне давялося пабываць у калгасе «Зарэчча» Н-скага раёна. Калгас гэты, у які ўваходзіла тры вёскі, быў абкружаны лясамі — то непраходным ельнікам, то светлым сасоннікам. I адваяваная ў леса зямля была — то балота, то пясок. I там дрэнна, і тут нядобра. Спрадвеку людзі жылі бедна. I не бачылі наперадзе нічога добрага: якая зямля, такое і жыццё. Не пераробіш жа зямлю!
  Але прыйшоў час, калі вёскі ў гэтым кутку аб’ядналіся ў калгас, і неўзабаве выявілася, што зусім неабавязкова жыць так, як кажа зямля. Можна жыць так, як чалавек захоча. Калгаснымі сіламі можна і зямлю перарабіць. Яна сама падказвала, як зрабіць гэта. Балоцістую нізіну трэба перакапаць каналам, а ваду пусціць у раку, якая працякала тут жа. Для гэтага трэба толькі пракапаць высокі пясчаны бераг, на якім стаялі дзве вёскі (трэцяя была па той бок балота). Частку выкапанай чорнай зямлі можна вывезці на пяскі. I тады ўжо будзе і там добра, і тут нядрэнна.
  Ніколі яшчэ з часоў стварэння гэтых паселішчаў людзі не працавалі з такой ахвотай, як цяпер на канале. Але скончыць работы не паспелі — прыйшла вайна…
  Калгас «Зарэчча» быў адным з тых нямногіх беларускіх калгасаў, якія не бьуіі спалены ў часе вайны. Глухмень, аддаленасць ад важных дарог, дзейнасць партызан і, нарэшце, прыход Савецкай Арміі — усё гэта перашкодзіла фашыстам выканаць сваю «задачу».
  Старшыня калгаса, Антон Сцяпанавіч Патапчык, з захапленнем паказваў мне пасляваенныя дасягненні. Канал быў скончаны і ўліваўся ў раку новым прытокам. Балота хоць не было яшчэ цалкам асвоена, але месцамі на ім зелянеўся густы авес, лапушылася капуста. I на пясчаных палях жыта было зусім не такое, як раней. У вусці канала, між дзвюма вёскамі, стаяла новая школа.
  — Тут будзе цэнтр калгаса,— тлумачыў Антон Сцяпанавіч — На канале можна пабудаваць маленькую электрастанцыю. Затым пабудуем праўленне, клуб. Але пакуль што ўся наша ўвага накіравана на гаспадарчыя будынкі.
  Гэтыя гаспадарчыя будынкі — свірны, гумны, хлявы — былі аднесены далей, уніз па рацэ. Адтуль далятаў меладычны звон жалеза пад кавальскім молатам. На зялёнай нізіне бялеліся групы калгасніц. Двое мужчын капалі бакавы равок ад канала. Ціха, спакойна ішла мірная праца; збоку здавалася, што і знаку ад яе няма. Але куды ні глянеш, усюды відаць сляды чалавечай працы, усюды прырода падпраўлена чалавечай рукой.
  Гасцінны гаспадар запрасіў мяне да сябе, у старую сялянскую хату, такую, як і ўсе іншыя.
  — Дажываюць свой век нашы дзядоўскія хаты,— казаў ён.— Прыязджайце праз гадоў пяць-восем, пабачыце, што тут будзе.
  «Дзядоўская хата», як ёй і належыць, была нізкая, цёмная, урослая ў зямлю. Сустрэла нас чарнявая гаспадыня з белай касынкай на галаве.
  — Прымай, Аксіння, гасцей! — весела крыкнуў гаспадар, кідаючы на лаву шапку.
  — Калі ласка, просім,— сказала гаспадыня, звыклым рухам прыводзячы ў парадак стол і лаву.
  — Вы даўно старшынёй? — спытаў я гаспадара.
  — Трэці год. Раней быў брыгадзірам. Цяжкая справа быць старшынёй, але затое, захацеўшы, можна зрабіць больш карысці. Трэба толькі быць справядлівым, і тады цябе кожны паслухаецца.
  Увайшла смуглявая дзяўчына гадоў дваццаці.
  — А гэта мая дачка,— сказаў гаспадар,— вучыцца ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Праз год будзем мець свайго ўласнага спецыяліста. Не глядзіце, што ў нас такі закутак. Па падліках выходзіць, што наш калгас гадоў праз пяць можа зрабіцца мільянерам. Вядома, па збожжы ў нас далёка не пойдзеш. Бяром кірунак на жывёлагадоўлю і тэхнічныя культуры.
  Адчувалася, што ў гэтай дзядоўскай хаце дух панаваў зусім малады. Праз спарахнелыя сцены гаспадары бачылі другое, новае жыццё. Яны ведалі, дзеля чаго яны жывуць і што іх чакае.
  Праз маленькія вокны ледзь прабівалася святло. У куце, над сталом, абрысам вызначаўся партрэт Леніна, а побач з ім — нейкая фотакартка ў рамцы з вяночкам. Я стаў прыглядацца да яе. Заўважыўшы гэта, гаспадар сказаў:
  — Бачу, вы зацікавіліся, хто такі знаходзіцца побач з Леніным. Так, месца пачэснае. Але каб быў тут Ленін, ён сам сказаў бы змясціць гэты партрэт побач з ім.
  Я зацікавіўся яшчэ больш і падышоў бліжэй. Гэта была фатаграфія хлопчыка ў піянерскім гальштуку. Хударлявы, прадаўгаваты твар, сціснутыя вусны, строгія ўдумлівыя вочы; непакорная пасма валасоў звешвалася з аднаго боку. За рамку была засунута запіска, пажоўклая, пакамечаная.
  — Калі хочаце — вазьміце паглядзіце гэтую запіску,— пачуў я голас ззаду.
  Узяў я ў рукі запіску, разгарнуў. Гэта быў абы-як адарваны кавалак паперы, відаць, з самаробнай запісной кніжкі, якія часта вучні робяць сабе з сшыткаў. На паперцы наспех былі напісаны алоўкам нейкія словы, значна ўжо сцёртыя. Я нахіліўся да акна, каб прачытаць. У хаце зрабілася зусім ціха, нібы гаспадары выйшлі. Прачытаў я запіску і таксама замёр і заціх…
  Потым я доўга гутарыў з бацькамі, і тады перада мной паўсталі такія яркія карціны, нібы я сам бачыў іх…
 

* * *

  Пяць гадоў назад за гэтым самым сталом сядзеў партызан. Ён часта пазіраў у акно, дзе ля варот стаяла на варце яго пятнаццацігадовая дачка Каця. Аўтамат ляжаў на лаве, пад рукой. Жонка рыхтавала яму на дарогу клунак.
  Перад партызанам стаяў трынаццацігадовы хлопчык, сур’ёзны, пахмуры. Апусціўшы вочы, ён круціў у руках нейкую палачку і глухім голасам казаў:
  — Чаму нельга? Чаму? Я таксама магу быць карысным: і каня дагледзець, і на варце пастаяць, і ў разведку пайсці, а калі трэба, то і страляць магу.
  — Зразумей ты,— даводзіў бацька,— што мы не маем права браць з сабой дзяцей. Які ж гэта будзе баявы атрад з дзецьмі?
  Хлопчык зірнуў бацьку прама ў вочы і пакрыўджана сказаў:
  — Дзеці? Хіба я такое ўжо дзіця? А навошта тады нас навучалі: «Піянер! Да барацьбы за справу Леніна будзь гатоў!» А калі прыйшоў час барацьбы, то кажуць: дзеці!
  Бацька зусім не чакаў такога павароту. Словы сына моцна ўразілі яго, і некалькі хвілін ён нават не ведаў, што адказаць. Затым пачаў тлумачыць:
  — Правільна ты гаворыш, але не так разумееш. Ніхто вам не казаў, што піянеры павінны ісці на вайну ў трынаццаць год. Яны павінны змагацца там, дзе яны могуць, — у вучобе, у дапамозе дарослым…
  — Вось і я хачу дапамагаць дарослым,— перапыніў хлопчык.
  — Ну і гавары ты з ім! — усміхнуўся бацька. — Ды зразумей, што немагчыма браць усіх дзяцей, якія захочуць. Тады прыйшлося б узяць у армію ўсіх піянераў. Што ж тады будзе?
  — Навошта ўсіх? — адказаў хлопчык. — А толькі тых, хто будзе добра дапамагаць. Калі не спраўлюся, ты можаш мяне адправіць назад.
  Бацька адчуў, што спрачацца яму цяжка. Ён зірнуў на маці, нібы чакаючы дапамогі. Маці прыйшла на дапамогу па-свойму.
  — Алёшачка! — сказала яна. — Цябе ж могуць забіць!
  Хлопчык сур’ёзна паглядзеў на маці.
  — Забіць? — сказаў ён. — Татку таксама могуць забіць. А гэта яшчэ горш, бо ён трымае ўсю сям’ю. I дзядзьку Андрэя могуць забіць, і Васіля Пракопчыка могуць забіць. I чырвонаармейцаў, што ваююць на фронце, могуць забіць. Што ж тады ўсім рабіць?
  — Куды табе раўняцца з дарослымі? — паківала галавою маці.
  — Я не збіраюся раўняцца, — адказаў сын. — Я хачу дапамагчы, чым магу. Антось Макарэня з Падлесся толькі на год старэйшы за мяне, а ўсе яго хваляць.
  — Дык і ты хочаш, каб цябе хвалілі? — падхапіла маці. Хлопчык нездаволена паморшчыўся і сказаў:
  — Я не аб гэтым думаю. Я кажу толькі, што ў партызанах ёсць ужо такія, як я. А чаму ж мне нельга?
  Некалькі хвілін бацька задумліва глядзеў на сына, а потым сказаў:
  — Выйдзі на двор, пагуляй, а мы тут з мамкай абмяркуем.
  Калі хлопчык выйшаў, бацька ўсхапіўся з лавы і пачаў хадзіць па хаце.
  — Ведаеш, маці, — казаў ён усхвалявана, — гэты хлопчык сёння перавярнуў мне ўсю душу.
  — А мне ён кожны дзень пераварочвае, — уздыхнула маці. — Месца сабе не знаходзіць. Толькі аб гэтым і гаворыць. Часам я баюся, што ён сам уцячэ. Няшчасце дый годзе!
  — Значыцца, гэта не выпадковае дзіцячае жаданне, — разважаў бацька. — Ды і па ўсяму відаць, што ён сур’ёзна глядзіць на гэтую справу. Ён адчувае становішча, можа, глыбей за нас, а мы яму гаворым розныя «разумныя» словы…
  — Ці не хочаш ужо ўзяць яго ў партызаны? — з трывогай спытала жонка.
  — Зусім не хачу, але ты сама чула, як цяжка з ім спрачацца. На ўсё ён адказвае так, што не ведаеш, як і пярэчыць. Калі хочаш знаць, то адзіны наш адказ можа быць такі: мы не хочам, каб наш сын рызыкаваў так, як, скажам, Антось Макарэня. Няхай рызыкуюць іншыя. Падумай, Аксіння, ці можна цяпер так разважаць?
  — Хопіць і таго, што ты ваюеш за нас, — адказала жонка. — Навошта яшчэ ўцягваць дзіця?
  Муж сеў побач, узяў яе за руку і сказаў:
  — Сама бачыш, я не хачу яго ўцягваць, яго душа сама цягнецца. А ў мяне не хапае духу заглушаць яго высокія пачуцці. Мы ўсе цяпер рызыкуем. Рызыкуеш таксама і ты, седзячы тут. Ніхто не ведае, што з ім здарыцца. Калі я вазьму яго да сябе, ён будзе пад маім наглядам. Калі яго імкненні цвёрдыя і сталыя, ён будзе на сваім месцы, а калі ўбачу, што ахвота ў яго праходзіць, то адпраўлю дадому…
  Доўга яшчэ гутарылі бацька з маткай. А калі сын вярнуўся ў хату, то маці са слязьмі кінулася яго абдымаць і цалаваць. Але папрокаў ніякіх не было.
 

* * *

  Антон Сцяпанавіч так і не дачакаўся, пакуль у яго сына адпадзе жаданне цярпець нягоды партызанскага жыцця. Алёша ўсё рабіў з ахвотай — і бульбу чысціў, і галлё для агню збіраў, і каня даглядаў, і па ваду бегаў, і зброю чысціў, і пад дажджом мок, і на зямлі спаў. I не толькі ў першыя дні, але і ўвесь час. I ўвесь час ён адчуваў гонар і задавальненне, што прымае ўдзел у важнай справе.
  Найбольш падабаліся Алёшу таварыскасць і пачуццё адказнасці адзін за аднаго, якія адчуваліся ва ўсім жыцці атрада. Што б хто ні рабіў, ён рабіў для ўсіх. Лежачы ў халодную дажджлівую ноч у зямлянцы, Алёша ўяўляў сабе, як у гэты самы час недзе стаяць на варце таварышы і пільнуюць усіх. Калі група партызан пойдзе на заданне, а іншыя застаюцца ў лагеры, Алёша думаў, што вось цяпер таварышы змагаюцца там за ўсіх, а яны тут сядзяць спакойна. I які ўздым адчуваў Алёша, калі ўсе партызаны па трывозе кідаліся туды, дзе была небяспека, дзе трэба было выручаць таварышаў. Не страшна было яму ў такую мінуту, а займала дух, бы на арэлях. Як шкадаваў ён, што не можа прыняць у гэтым удзелу!
  Але надзею на гэта ён меў. Ён ведаў, што Антось Макарэня, які быў у другім атрадзе, мае свой аўтамат і прымае ўдзел у сапраўдных баях. А пакуль што Алёша рабіў усё, карыстаўся кожнай магчымасцю, каб навучыцца добра валодаць зброяй. Вядома, што пры такім жаданні поспехі яго ў гэтай справе былі выдатныя.
  Бацька ўважліва сачыў за сынам, прыглядаўся да яго паводзін і павінен быў прызнаць, што хлопчык сапраўды знаходзіцца «на сваім месцы». Ніколі ён не траціў добрага настрою, ні на што не скардзіўся, з радасцю выконваў кожнае даручэнне. А даручэнні паступова рабіліся ўсё больш і больш адказнымі.
  Антон Сцяпанавіч быў камандзірам узвода. У яго ўзводзе быў малады хлапец, гадоў дваццаці, Юрка Цішук. Вясёлы, шчыры, храбры, з светлымі вачыма і светлымі валасамі, ён падабаўся ўсім, хто яго ведаў. Алёша з ім хутка падружыўся і карыстаўся кожным выпадкам, каб быць з ім разам.   Юрка вучыў Алёшу валодаць аўтаматам, кулямётам, гранатай, ставіць міны і знаёміў з усёй партызанскай навукай. З ім Алёша першы раз пайшоў у дазор, як сапраўдны партызан, з аўтаматам і гранатай. Нічога з імі не здарылася, але Юрка, вярнуўшыся ў лагер, усім казаў:
  — З Алёшам я згодзен заўсёды хадзіць. З ім не прападзеш, ён усё ўбачыць, усё заўважыць.
  Потым яны хадзілі ноччу, і Юрка казаў:
  — З ім можна спакойна спаць, ён ноччу і вожыка не прапусціць.
  У хуткім часе Алёшу было дадзена вельмі важнае заданне: пайсці ў адну вёску за кіламетраў трыццаць ад лагера пад выглядам пастушка. Бацька з картай у руках пачаў яму тлумачыць:
  — Гэта тая самая вёска, Дубкі, дзе мы з табой раз былі ў дзядзькі Андрэя. Памятаеш?
  — Трохі памятаю.
  — Да яго цяпер ты і пойдзеш. Калі будуць пытацца, скажаш, што ты пляменнік Андрэя Прахорчыка, што твая маці, а яго сястра Палага з вёскі Карчы — вось яны на карце — паслала цябе да дзядзькі папрасіць солі. На кожны выпадак памятай, што жонка дзядзькі Андрэя завецца Кацярынай, што ў іх ёсць пятнаццацігадовая дачка Вера і шасцігадовы сын Юзік. У вёсцы звычайна дзядзьку завуць Андрэй Янукоў. Калі ты добра запомніш усё гэта, то баяцца табе няма чаго.
  — Я не баюся, — пакрыўджана адказаў Алёша.
  — Добра, ведаю, — пяшчотна сказаў бацька, паклаўшы руку яму на плячо. — Мы цябе з лесу вывезем, тады ісці табе прыйдзецца кіламетраў васемнаццаць. Спяшацца не трэба, ідзі павольна, адпачывай колькі хочаш. Спачатку давядзецца сачыць, каб хто не звярнуў увагі, што ты ідзеш з лесу. Разумееш?
  — Разумею.
  — Дзядзька табе раскажа, што ведае аб немцах, і ты прыйдзеш назад. Запісваць нічога нельга — трэба вывучыць усё на памяць. Вось табе план дарогі; яго таксама трэба вывучыць, а потым знішчыць. Сёння добра паспі, а раніцою — у дарогу.
  Да выхада з лесу Алёшу везлі чатыры ўзброеныя партызаны, у тым ліку і бацька. Развіталіся і доўга глядзелі, як патупаў па дарозе пастушок з торбай і пугай…
  Быў гарачы чэрвеньскі дзень. Не раз у такі дзень Алёша бесклапотна бегаў па лясных і палявых сцежках, па лугах і пералесках. Але цяпер ён быў шчаслівейшы, чым тады. Тады ён проста цешыўся жыццём, як тая птушка, а цяпер усе яго пачуцці, усе думкі мелі глыбокі сэнс, хвалявалі і запаўнялі душу. Ён не проста ішоў па дарозе, а выконваў вялікую справу. Ён не проста пазіраў навакол, а з усяго, што бачыў, рабіў вывады, нібы рашаў цікавую задачу. Ідучы па сцежцы збоку дарогі, ён улічыў усё, каб хто не ўбачыў яго перш, чым ён убачыць таго. Ён добра памятаў словы бацькі, што чалавек і без жадання можа пашкодзіць, можа сказаць дзе не трэба, што бачыў хлопчыка, які ішоў з лесу.
  Але на дарозе людзей бадай-што зусім не было. Толькі сям-там на палях бялеліся хусткі жанчын. Праз некалькі кіламетраў трапілася спаленая вёска. Некалькі жыхароў поркалася каля руінаў. Праз гэтую вёску Алёша прайшоў спакойна: не знойдзецца тут чалавека, які што-небудзь скажа на карысць немцам. Кіламетраў праз восем Алёша падышоў да другой вёскі. Мінуўшы некалькі хат, ён убачыў, што насустрач ідзе… паліцай! Алёша адчуў, як усярэдзіне ў яго пахаладзела і замерла, нібы сэрца перастала стукаць і кроў спынілася. Але затое галава пачала працаваць чыста, шпарка, спакойна, нібы самастойны механізм. Алёша раптам гікнуў, свіснуў і, падскакваючы ды ляскаючы пугай, панёсся насустрач паліцаю. Той не звярнуў на яго ніякай увагі. Ці мала вясковых хлопчыкаў носіцца па вуліцы?..
  За вёскай Алёша адчуў, што ён страшэнна змарыўся. Ён збочыў з дарогі, з асалодай апусціўся на траву і выняў з сваёй торбы хлеб і сала. Першая сустрэча з ворагам яго супакоіла, надала ўпэўненасці; ён убачыў, што нічога страшнага няма, калі не палохацца, а шукаць выхаду. Па плану, які Алёша вывучыў, выходзіла, што тут недалёка павінна быць рэчка, а там да Дубкоў застанецца кіламетраў сем-восем. Да вечара яшчэ далёка, паспець можна. Толькі надта ногі баляць. Гадзіны дзве адпачываў Алёша, нават заснуў.
  Разбудзіў яго голас:
  — Гэй, уставай! Торбу ўкрадуць!
  Алёша ўсхапіўся, глядзіць — перад ім стаіць хлопчык гадоў дванаццаці.
  — Ты каго тут пасеш? — спытаўся той са смехам.
  — Я так, адпачываю,— адказаў Алёша.
  — А куды ідзеш?
  — У Дубкі.
  — А пропуск маеш?
  — Які пропуск? — спалохаўся Алёша.
  — Там на мосце сёння пытаюцца прапускоў.
  Высветлілася, што на мосце стаіць патруль і правярае паперы — хто такі, адкуль?
  — I ў дзяцей пытаецца? — спытаў Алёша.
  — Не ведаю, — адказаў хлопчык і пайшоў далей.
  Алёша зноў сціснуўся ўвесь, зноў «самастойна» запрацавала яго галава…
  Рачулка была маленькая. Уброд перайсці яе было зусім лёгка. На мосце стаялі тры паліцаі. Алёша нейкі час сачыў за імі, ходзячы каля ракі. Першая думка была — адысці далей і пераправіцца ў якім-небудзь ціхім месцы. Але немцы, мусіць, і самі гэта ведаюць і, пэўна, сочаць. Калі зловяць, тады будзе ясна, хто ён такі.
  Алёша зрабіў іначай.
  Ён падышоў да ракі крокаў за сто ад моста, дзе берагі былі парослыя кустамі. Стаў так, каб паліцаі маглі яго бачыць, прылажыў далоні да рота і закрычаў на ўсё горла:
  — Юрка-а!.. Дзе мая каро-о-ва?
  Вартавыя абыякава зірнулі на яго. Алёша зноў крыкнуў:
  — Юрка-а!.. Гані сюды-ы!..
  А потым узяў ды і пайшоў цераз рэчку. Вартавыя не звярнулі на яго ніякай увагі — яны сачылі за чужымі людзьмі, за партызанскімі разведчыкамі, а не за тутэйшымі пастухамі…
  Далей Алёша ішоў спакайней.
  Праз некаторы час ён заўважыў далёка на гарызонце пыл. Можна было здагадацца, што гэта ідуць машыны. Разгледзець іх нельга. Алёша пабег да бліжэйшага ўзгорка і адтуль убачыў, што машын было каля дзесяці. Усё гэта ён адзначыў на сваім плане, што быў у яго галаве.
  Далей ён убачыў, што наперадзе стаіць машына, каля якой поркаюцца немцы. Алёша збочыў з дарогі, прайшоў па кустах, а потым зноў выйшаў на дарогу ў тым месцы, дзе стаяла машына. Падышоў зусім блізка і пачаў дзівіцца, разявіўшы рот, як дурны, пакуль яго не прагналі. Алёша пайшоў назад у кусты да свайго «статка», адзначыўшы ў сваёй галаве ўсе знакі нямецкай формы, а таксама і машыны.
  Да Дубкоў ён падышоў пад вечар. Тут ён успомніў, дзе была хата дзядзькі Андрэя, і прайшоў да яе праз агарод.
  …Вярнуўся ён у лагер на трэці дзень з такім багатым і важным матэрыялам, які і ацаніць было цяжка.
 

* * *

  На другі дзень пасля звароту Алёшы ў лагер пачалася падрыхтоўка да пераходу на новае месца. Фактычна справа ішла аб тым, каб перавезці раненых, жанчын і маёмасць атрада. Байцы заставаліся, каб сустрэць ворага. Не звязаныя лагерам, яны будуць магчы свабадней манеўраваць. Ім пакідалася пэўная колькасць прадуктаў і боепрыпасаў, а рэшту трэба было перавезці далей у лясы і балоты, кіламетраў за сорак. Чакалася, што агульнае наступленне немцаў пачнецца ў самыя бліжэйшыя дні.
  З двухсот шасцідзесяці байцоў трыццаць прызначалася суправаджаць абоз, які складаўся з васемнаццаці вазоў. Сюды ўвайшоў і ўзвод, якім камандаваў Антон Сцяпанавіч. Алёша вельмі шкадаваў, што яму не прыйдзецца прыняць удзелу ў «сапраўдным баі».
  Раніцою наступнага дня тыя, хто ад’язджаў, развіталіся з таварышамі, і абоз папоўз па вузкай лясной сцежцы. Наперадзе — разведка, на пэўнай адлегласці ад яе — дваццаць чалавек, затым — падводы, а ззаду — дзесяць чалавек пад камандай Антона Сцяпанавіча.
  Ціха было ў лесе, утульна. Толькі перагукваліся птушкі, рыпелі колы ды чулася ціхая гаворка людзей. Сцежка выгіналася, як вужака, скрыжоўвалася з іншымі такімі ж сцежкамі. Гушчары змяняліся пералескамі, вільготны ельнік — сухім сасняком. Трапляліся паляны, балотцы з грэблямі. Праз гадзіну-другую людзі сціхлі, і абоз доўга цягнуўся моўчкі. Апаўдні зрабілі прывал. Затым ехалі да самага цямна. Пераначавалі ў бары на ўзгорку, а раніцою рушылі далей.
  Алёша чуў гутарку, што хутка будзе шырокая лагчына, якая цягнецца ў абодва бакі больш як на дзесяць кіламетраў. Адтуль застанецца ехаць пятнаццаць кіламетраў.
  Раптам наперадзе, з левага боку, пачуўся стрэл, другі — і пачалася траскатня. Абоз спыніўся. Антон Сцяпанавіч са сваімі байцамі, чакаючы загаду, падрыхтаваўся сустрэць ворага і з правага боку. Але там было ціха. Праз некалькі мінут прыйшоў загад: Патапчыку ўдарыць немцам ва фланг, а абозу ехаць далей.
  — I я з вамі! — крыкнуў Алёша.
  — Ззаду таксама трэба пільнаваць! — строга крыкнуў бацька. — Сядай на воз і сачы!
  Ён пабег у лес. Алёша ўскочыў на воз, якім кіравала цётка
  Антаніна, кухарка атрада, звесіў ногі ззаду і падрыхтаваў свой аўтамат. Абоз крануўся з месца.
  Страляніна паступова набліжалася да задніх вазоў, але разам з тым усё далей і далей адсоўвалася ад дарогі — значыць, немцаў гоняць. Алёша пільна сачыў за процілеглым бокам, хоць па ўсяму было відаць, што адсюль нападу чакаць ужо не даводзіцца: каб немцы былі і там, яны напалі б адразу з двух бакоў.
  I вось ён са свайго воза бачыць, як адтуль, схіліўшыся і хаваючыся па-за кустамі, прабіраюцца два немцы… Што яму рабіць, ён не паспеў падумаць, а проста пусціў туды чаргу з аўтамата. Потым толькі спалохаўся і схаваўся за мех.
  Але адтуль ніякага адказу не было. Ці не забіў ён іх абодвух адразу?
  Падбегла некалькі байцоў ад пярэдніх вазоў.
  — У чым справа? — спытаў старэйшы з іх, дзядзька Андрос, з шырокай рыжай барадой.
  — Там… два немцы,— адказаў Алёша, саскочыўшы на зямлю. — Я ў іх выстраліў — і нічога.
  — Ты добра бачыў?
  — Зусім добра.
  — Чаму ж яны не стралялі? — задумаўся дзядзька Андрос.
  Яму, як старэйшаму, трэба было зараз жа, за якую хвіліну, вырашыць, што рабіць. Калі хлопчык не памыліўся, гэта былі разведчыкі. Значыцца, там ёсць немцы, якія зараз жа нападуць. А аховы ўсяго восем чалавек, уключаючы Алёшу. Абоз расцягнуўся далёка. Невядома, у якім месцы могуць напасці. Як размеркаваць людзей? Ці ёсць сэнс пасылаць разведку ў лес? Зараз выедуць на адкрытае месца, можа, пад абстрэл. Спыняць абоз ці не? Ці пасылаць паведамленне туды, дзе ідзе бой? А можа, наогул нічога не будзе? Чаму ж яны не нападалі адразу з двух бакоў, як яно і павінна быць?..
  Рашэнне за гэтую хвіліну было такое:
  — Ісці ланцугом з правага боку, побач з абозам, за крокаў трыццаць-сорак ад дарогі. Калі немцы з’явяцца, залегчы і адбівацца, а абоз пойдзе далей.
  Пабеглі наперад, асцярожна падаючыся ўбок, — нікога не відаць і не чуваць… Кожны ў ланцугу ледзь бачыў наперадзе свайго таварыша, які то знікаў у кустах, то зноў паказваўся. Алёша быў апошнім, і яму здавалася, што ён застаўся адзін далёка ззаду…
  Страляніна з другога боку заціхала: ці то далёка зайшлі, ці бой канчаўся…
  Праз некалькі мінут пачуліся стрэлы і з правага боку. Усе заляглі — і пачалося…
  Алёша ляжаў за кустом і нічога больш не бачыў. Не бачыў і пярэдняга таварыша, не бачыў ніякіх немцаў. Толькі стрэлы чуліся наперадзе. I зноў ён адчуў тое самае, што тады ў разведцы: сэрца сціснулася, ён увесь замёр, напружыўся, пачуцці нібы выключыліся, ён не адчуваў ні страху, ні храбрасці, ні свайго цела, нават хвалявання не адчуваў, хоць яно, вядома, і было. I думак ніякіх не было, апрача адной: што ён павінен рабіць? Не думаў ён, напрыклад, ці многа немцаў, ці ўдасца іх адбіць, ці падаспее дапамога, ці не загінуць яны тут. Для такіх думак проста не было месца ў галаве, бо яна была занята адным і самым галоўным: што трэба рабіць зараз, вось у гэтую хвіліну.
  Перад ім немцаў не відаць, страляюць наперадзе, значыцца, трэба пасоўвацца туды, на дапамогу. Затым ён заўважыў, што немцы страляюць з прасекі, зарослай густым маладым сасоннікам. Сасонкі малыя, галінкі іх даходзяць да самай зямлі і пераплятаюцца паміж сабой. Толькі па стрэлах ды па калыханні сасонак можна распазнаць, дзе немцы. Яны патрошкі пасоўваюцца туды, дзе была галава абозу.
  Алёша знаходзіцца ў баку ад бою. А што, калі падацца ўправа ды зайсці ім ва фланг? Яны гэтага не чакаюць, падумаюць, што новыя сілы падышлі.
  Лес ад прасекі ішоў досыць рэдкі. Сям-там раслі кусты алешніку.
  Крокаў за сто ад прасекі — гняздо маладога ельніку. Адтуль добра было б абстраляць фашыстаў.
  Цяпер Алёша ведаў, што яму трэба рабіць! Каб вярней было, ён трохі падаўся назад і зрабіў круг. Ад куста да куста ён дабраўся да ельніку. Прыладзіўся, прыгледзеўся — і ўбачыў, што на ўскрайку прасекі стаіць на адным калене немец. Час ад часу ён страляе наперад, уздоўж прасекі, а потым пазірае ўбок. Але робіць гэта не надта пільна, бо ніякай небяспекі для іх адсюль не відаць.
  «Здагадлівыя, гады!» — са злосцю падумаў Алёша.
  Стрымліваючы нецярплівасць, Алёша добра прыцэліўся і пусціў чаргу. Немец паваліўся. Тады з розных месц прасекі высунулася ў гэты бок яшчэ некалькі немцаў. Алёша пачаў страляць у іх…
  Партызаны, пачуўшы, што да іх прыйшла дапамога, з крыкамі «ўра» кінуліся наперад. Немцы замітусіліся, пасунуліся назад, але хутка сцямілі, што «дапамога», як відаць, складаецца з аднаго чалавека. Яны прыпыніліся і накіравалі агонь на ельнік.
  Алёша закруціўся, як уюн, хаваючыся ў ямках, за купінкамі, і, нарэшце, залёг за пнём старой елкі. Калі немцы не зойдуць збоку, ён тут зможа пратрымацца…
  — Ды там Алёша! — здагадаліся партызаны.
  Але становішча яго было небяспечнае. Сем партызан выбіць немцаў з густога сасонніку не маглі. Добра ўжо тое, што яны іх затрымалі і далі магчымасць адысці абозу. Самым правільным цяпер было б паступова адыходзіць, прыкрываючы абоз.
  Але трэба ратаваць Алёшу.
  Дзядзька Андрос загадаў двум байцам размясціцца так, каб трымаць пад абстрэлам выхад з сасонніку да ельніку. Двое немцаў паспрабавалі пасунуцца з двух бакоў да ельніку, але пад агнём гэтых двух байцоў і Алёшы вымушаны былі адступіць.
  Націск немцаў на партызан замарудзіўся. Ужо адно гэта было на карысць партызанам. Але трэба было чакаць, што немцы зробяць больш глыбокі абход у тыл Алёшу.
  Тады дзядзька Андрос крыкнуў:
  — Алёша! Адыходзь назаад!
  Карыстаючыся аховай двух байцоў, Алёша папоўз назад, у лес. Немцы зразумелі, што час прайграны, што абоз адышоў, што зараз прыйдзе да партызан дапамога, і пачалі адыходзіць.
  Тым часам вярнуўся Алёша. Тады дзядзька Андрос крыкнуў:
  — Хутчэй наперад, даганяць абоз! Можа, яны там захочуць перахапіць яго.
  Усе пабеглі наперад. Але немцам было не да нападу. Вярнуліся ўсе партызаны і пачалі лавіць немцаў, як зайцоў. Колькі іх выратавалася — невядома. Абоз спакойна дайшоў да месца, а партызаны, у тым ліку і Алёша, дайшлі туды толькі ноччу.
  Не будзем казаць, колькі гаворкі было аб Алёшу, што адчуваў ён сам і яго бацька. Скажам толькі, як здарылася ўся гэтая гісторыя.
  Лагчына, аб якой мы казалі, падзяляла на дзве часткі лясны масіў, дзе былі партызаны. Для немцаў было б вельмі выгадна заняць яе. Але па канцах лагчыны былі гушчары і балоты; апрача таго, партызаны ахоўвалі гэтыя пункты. Прарвацца сюды немцы маглі б толькі значнымі сіламі ў часе агульнага наступлення, а дробныя сілы самі трапілі б у пастку. Таму для партызан да гэтага часу небяспекі тут не было.
  Цяпер, перад агульным наступленнем, каб палегчыць сабе справу, немцы парашылі закінуць сюды людзей невялікімі групамі, па некалькі чалавек. Маленькім групам прабрацца было няцяжка. Яны павінны былі ціхенька сядзець некалькі дзён, пакуль пачнецца агульнае наступленне, і хавацца ад партызан.
  Перастрэлка пачалася не таму, што немцы напалі, а таму, што нашы дазорныя на іх натрапілі. Там было чалавек трыццаць, якіх партызаны гналі датуль, пакуль насустрач не падышлі іншыя партызанскія групы. Агульнымі сіламі гэтая група немцаў была ліквідавана.
  Другая група хавалася з другога боку і таксама не збіралася нападаць, а толькі сачыла за абозам. Убачыўшы, што галоўныя сілы партызан адышлі і што каля абозу засталося зусім мала аховы, яны захацелі скарыстаць гэта і трапілі ў бяду, як і тая група.
 

* * *

  А затым пачалося тое, што засталося ў памяці беларускага народа пад словам — блакада. Пачалася адна з тых блакад, прарываючыся з якой сотні народных мсціўцаў гераічна змагаліся з тысячамі вымуштраваных, дасканала ўзброеных нямецкіх салдат.
  Піянер Алёша Патапчык змагаўся ў гэты час разам з усімі. Партызаны прывыклі ўжо глядзець на яго, як на паўнапраўнага байца. Прывык да гэтага і яго бацька, хоць і стараўся пры кожным выпадку адхіляць яго ад удзелу ў такіх аперацыях, якія не зусім падыходзілі для яго ўзросту. Але ён усюды быў карысны, усюды патрэбны.
  Аднаго разу досвіткам на далёкай заставе пачулася раптоўная, моцная перастрэлка. Хутка яна перакінулася на бліжэйшыя заставы. Праз некаторы час высветлілася, што фашысты ў розных месцах прарываюцца ў лес і што адна з застаў, дзе быў Алёша, адрэзана…
  Атрад заняў свае пазіцыі. З-за кожнага дрэва, з-пад кожнага куста фашыстаў сустракала смерць. Распачаўся доўгі, упарты бой, дзе поспехі наступлення мераліся метрамі, ды і то пасля многіх мінут. Сярод партызан аднекуль пайшлі чуткі, што фашыстаў усяго ў два разы больш, чым іх. А калі так, то справіцца можна.
  Узвод Антона Сцяпанавіча знаходзіўся якраз на тым участку, дзе была адрэзана застава. «Што цяпер з імі? Што цяпер з Алёшам?..» — думаў бацька і яго байцы. Юрка з ручным кулямётам працярэбліваў дарогу, узвод патрошку пасоўваўся наперад. Але ў іншых месцах пасоўваліся патрошку немцы. Лінія бою выгіналася то ў той, то ў другі бок.
  Так прайшло гадзіны дзве. А затым пачуліся сярод партызан радасныя крыкі, узмацніўся агонь — гэта прыйшоў на дапамогу другі атрад. I фашыстам давялося адступаць…
  З вялікім хваляваннем пасоўваўся Антон Сцяпанавіч наперад. Вось і тое месца, дзе была застава. На ўзгорку, сярод кустоў, некалькі малых акопчыкаў. Пустыя гільзы ляжаць.
  Тут яны адстрэльваліся, а потым, відаць, пачалі адыходзіць.
  У таварышаў з’явілася надзея: можа, адышлі, выратаваліся?
  Але хутка за паўсотні крокаў убачылі яны забітага Косцю Ткачука. Яшчэ далей — Сеню Марозава…
  Убаку — маленькая светлая палянка. Пасярэдзіне стаіць пень, а вакол яго — маладыя парасткі бярозы. Тут убачылі Алёшу…
  Ляжыць на левым баку. Галава, правае плячо і рука скрываўлены выбухам гранаты. За два крокі — сляды крыві, многа крыві, шматкі шэрай нямецкай адзежы… Відаць, тут было не менш двух нямецкіх салдат.
  Карціна ясная: Алёша ў апошнюю мінуту ўзарваў гранатай фашыстаў і сябе.
  А затым у Алёшавай шапцы знайшлі запіску:
  «Тата! Нас акружылі. Косця і Сеня забітыя. Але я ўсё роўна не здамся…»
  Вось гэтую самую запіску я цяпер і трымаў у руках.

Сказать спасибо
( 5 оценок, среднее 3.6 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений