Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,
Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы.
Вы ж гадавалі мяне ў лодцы – шырокай калысцы,
Усланай луской акунёвай,
хвастамі самоў паўсліжанай;
Як салодка я засынаў пад рып асцярожны уключын,
Нібыта ў хаце сасновай пад спеў цвыркуна
ў запеччы…
Лодка была, для мяне ўсім маім цяжкім набыткам:
Возам, калі я вазіў сена з зарэчнага поплаву,
I выязнымі калёсамі, калі я збіраўся ў госці, –
Паціху грабешся і чуеш,
як клыгі ў каменні клыгочуць.
Як стукаюць рыбы ў язы
і з шумам назад уцякаюць.
Як цёмным, халодным прадоннем
чарнее ў дне катлавіна.
А калі я жаніўся,
то лодка нясла на мой бераг вяселле.
Вы ж помніце, рэкі,
як свацці вялі захмялелыя песні,
Як дзеці, па беразе скачучы,
«Плывуць!», а не «Едуць!» крычалі,
Як потым і я ў сваё падарожжа вясельнае ехаў –
З жонкаю рыбу лавіць…
Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,
Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы.
Сам я з Дняпра,
з-пад Оршы,
са шляху з вараг у грэкі,
Дзе яшчэ й сёння, здаецца, смаляць дыхтоўныя
лодкі –
Пахне смалою навокал,
у куродыме вэндзіцца Копысь.
А на Кабылянскіх закрутах заселі
нармандскія лодкі,
Як рыбы, пляскочуць хвастамі –
не сарвацца ніяк з перакатаў,
Хоць іх і чакаюць у Оршы
багатыя, шчодрыя румы,
Дзе топчуцца бочкі з мёдам,
нібыта цяжкія мядзведзі,
Дзе лён і пянька, як бароды далёкіх, аж з казак,
асілкаў,
Дзе сала, як зімныя гурбы
бялеюць сярод зеляніны…
На румах варагаў чакаюць дзяды памяркоўныя
нашы.
Трэба сабраць ім даніну:
ад лодкі два локці тканіны;
Ад лодкі –
па белай вавёрцы,
і потым плыві сабе з Богам…
Ведаць павінны мяне вы, мае беларускія рэкі,
Ціхія, сціплыя, нібы і край, па якім цечаце вы, –
Бо я ж з берагоў дняпроўскіх,
са шляху з вараг у грэкі,
Са шляху суток вялікіх, па якіх, нібыта па венах,
I рыбакі, і рыбы назад у Прыроду вяртаюцца –
Ціхую, сціплую, нібы
і край, па якім цечаце вы.
Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.