Балгарская балада. XIX стагоддзе
Зялёным зацьменнем —
Турэцкі сцяг.
Шарсцяць па каменні,
Нібы па касцях.
Блішчаць ятаганы,
Дымяцца крукі.
Па ранах, на ранах
Ідуць чужакі.
Іх стрэлі без страху —
Ды нельга спыніць…
Паўмесяц на сцягу,
Як рана баліць.
I сонца не свеціць,
Сады — не відны.
Жанчыны і дзеці
Сумуюць адны.
Спыніце паганых
Хутчэй вы, сябры!
Ды — рана ля раны —
Маўчаць ваяры.
А башыбузукі
Ідуць і ідуць…
Жаночыя рукі
Перац труць.
Бо ў іхніх праклёнаў
Памочнік адзін:
Перац чырвоны —
Зброя жанчын.
Трыце ж, жанчыны,
Зброю хутчэй
Для гэткай лавіны,
Для столькіх вачэй!
У ручках маленькіх
Перац дрыжыць:
У жменях і жменьках
Зброя ляжыць…
Зялёным зацьменнем
Турэцкі сцяг:
Ідуць па цярпенню,
Нібы па касцях, —
Бліжэй…
бліжэй…
бліжэй…