Янка Сіпакоў — Кантрабанда

Янка Сіпакоў

Беларуская балада. XVI стагоддзе

Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту,
Стаміліся бомы звінець пад дугою –
Матляліся ўжо неахвотна,
Ахрыпла іх песня – яна наглыталася пылу
І ўжо задыхалася ўся,
Калі варта рыплівую брычку спыніла,
Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю прасіла…
– Гэй, што ты вязеш праз граніцу? –
Чужая злавалася мова,
Пыталася варта сурова,
Шукала упарта ахова,
Шукала яна кантрабанду
У брычцы, як позняя восень, парожняй, –
Не верыла,
Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.
– Дык што ты вязеш?
– Вы ж бачыце самі – нічога.
– А можа, схаваў што?
– Навошта? Пабойцеся Бога –
Вы бачыце ўсё, што са мною…
Ясна адно – галадранцы!
Ездзяць тут розныя швэнды, – ахова ўжо стала злавацца, –
А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі Скарына
Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму,
Якую чамусьці пакінуў.
– Кнігі?
Ад іх толькі зло…
Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты…
– І ты супраць кніг, падарожны?!
Які малайчына, глядзі ты!
А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:
Нам скажуць Скарыну таго затрымаць.
І мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!
І кнігі тады мы яго
Папалім усюды ў краіне…
– Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога…
Дык як жа паліць іх?..
– Павінен
Сказаць я табе, чалавеча,
Што ты – кацянятка сляпое:
Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.
Ты знаеш, і Бога самога
Мы можам паслаць на спаленне,
Калі непрыдатным ён стане
Для нашага раптам малення…
Я веру, Скарыну таксама
Касцёр наш падсобіць на неба –
Асудзяць яго на спаленне нашчадкі…
– Так яму, неслуху, й трэба!
– Ну, едзь, падарожны…
Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы?
– Гэта ж фурман мой.
– Бач, з форсам катаюцца нават такія, як ты, – галадранцы!
Ну, едзь – не мазоль нам вачэй…

Весялей зацілімкалі бомы,
Яны адпачылі крыху –
Дзе падзелася пыльная стома!
Спяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён – вы пазналі?).
Коней сцябалі абодва –
І "пан", і "фурман" коней гналі.
Глядзеў на "фурмана" з усмешкай Скарына –
Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!
Бо гэты "фурман" – быў найлепшы друкар,
Украдзены ў караля самога.
Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.
Цілімкалі
Весела
Бомы…

 

Адказы на пытанні:
 1. Выданні Скарыны з’яўляюцца ўнікальнымі помнікамі свецкай рэнесансавай біблейскай пісьменнасці. Іх месца ў еўрапейскім і беларускім культурна-гістарычным працэсе вызначаецца гістарычнымі ўмовамі, традыцыямі, своеасаблівасцю і агульным узроўнем духоўнага развіцця Беларусі і ўсходне-славянскіх зямель ВКЛ. Разам з тым яны адлюстроўваюць і асабістыя рысы выдаўца, яго духоўную адоранасць і непаўторнасць, веліч яго подзвігу.
 Біблія Скарыны не адпавядае поўнасцю ніводнаму з вядомых рукапісных ці друкаваных зводаў Святога Пісання. Яна адыходзіць ад царкоўных традыцый не столькі сваім складам і зместам (дзе многа кананічнага), колькі агульнай накіраванасцю, жывым духам і свецкай хрысціянскай прыўзнятасцю, грамадскімі, нацыянальна-патрыятычнымі, гуманістычнымі і асветніцкімі тэндэнцыямі. Творы Скарыны непарыўна і арганічна звязаны з яго выданнямі, тэмамі і накіраванасцю яго духоўнай дзейнасці. Яны ўяўляюць сабой сукупнасць уступных, заключных і каментуючых матэрыялаў, якія дастасаваны да адпаведных біблейскіх кніг і ствараюць з імі і з усёй Бібліяй разам арганічную цэласнасць. Асноўную ролю адыгрываюць "предьсловия" і блізкія да іх па функцыях "сказання". У пражскіх выданнях 21 прадмова і 4 сказанні, у віленскіх – адпаведна 2 і 21. Большасць даследчыкаў адносіць прадмовы і сказанні да адной жанравай разнавіднасці, на думку іншых (У. Конан, В. Дарашкевіч, А. Яскевіч) – сказанні бліжэй да пазнейшых беларускіх пропаведзяў, казанняў. Яны звычайна больш сціслыя, адрозніваюцца сваёй стылістыкай, красамоўствам, насычаны багаслоўскай рыторыкай.
 Кнігі Скарыны прызначаліся для прыватнага і сямейнага чытання, выкарыстання ў царкоўных службах і свецкіх бібліятэках. Францыск Скарына ўлічваў адсутнасць у ВКЛ і ўсёй Усходней Еўропе развітой кніжна-пісьмовай традыцыі па перапісванні біблейскіх зводаў, недастатковае знаёмства з імі свецкіх і нават царкоўных колаў. Асобныя рукапісныя зводы Бібліі ("Генадзіеўская Біблія" 1499, "Дзесятаглаў" Мацея Дзевятага 1502-1507, "Пяцікніжжа" дзяка Фёдара 1514) не былі прызначаны для шырокага распаўсюджання і толькі вынаходніцтва друку адчыніла перад ёй шырокія перспектывы. Каб пазбегнуць спрошчанага, памылковага ўспрыняцця Бібліі, Скарына імкнуўся ў простай і зразумелай форме каментаваць біблейскія тэксты, падаваць звесткі аб гістарычных, побытавых, багаслоўскіх, моўных рэаліях. У тэалагічным кантэксце асноўнае месца ў прадмовах і сказаннях Скарыны займала т. зв. экзагеза – тлумачэнне алегарычнага зместу кніг Старога Запавету як прадвесця і прароцтва новазапаветных падзей, перамогі хрысціянства ў свеце і надзеі на вечнае духоўнае выратаванне. Комплекс прадмоў і сказанняў дапаўняюць калафоны – пасляслоўі з некаторымі выхаднымі звесткамі і т. зв. надпісанні – сціслыя ўступныя каментарыі да частак кожнай кнігі.
 Даследчыкі адзначаюць стылявы і жанравы сінкрэтызм асноўных твораў Францыска Скарыны, дасканаласць выяўленчых сродкаў, публіцыстычнасць, экспрэсіўнасць, прытчавы і алегарычны характар, багацце гістарычных, філасофскіх, тэалагічных каментарыяў, сугучнасць узнёслай моўнай стылістыцы кніг Бібліі.

 У вершы Скарына паўстае сапраўдным патрыётам сваёй радзімы, знаўцам роднага слова, чалавекам высокаадукаваным, гатовым ахвяраваць дзеля сваёй краіны і друкарска-асветніцкай справы.

 2. У баладзе аўтар расказвае пра падзеі з даўняй гісторыі – пачатку кнігадрукавання на Беларусі і культурна-асветніцкай дзейнасці Ф. Скарыны.
 

Бо з Прагі тут нейкі Скарына
Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму…

Спяшаўся дадому Скарына
(а гэта быў ён – вы пазналі?)…

Коней сцябалі абое –
I "пан", і "фурман" коней гналі…

Глядзеў на "фурмана" з усмешкай Скарына –
Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!

 У творы сюжэт напружаны (калі фурманку прыпынілі на граніцы), у некаторых момантах нават іранічны (размова Ф. Скарыны з вартай).
 

– Гэй, што ты вязеш праз граніцу? –
Чужая злавалася мова:
Пыталася варта сурова,
Шукала упарта ахова,
Шукала яна кантрабанду
У брычцы, як позняя восень, парожняй, –
Не верыла,
Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.

– Кнігі?
Ад іх толькі зло…
Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты…
– I ты супраць кніг, падарожны?!
Які малайчына, глядзі ты!
А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:
Нам скажуць
Скарыну таго затрымаць,
I мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!
I кнігі тады мы яго
Папалім усюды ў краіне…
– Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога…
Дык як жа паліць іх?..
 

  У баладзе прысутнічае элемент таямнічасці і загадкавасці: мы не адразу здагадваемся, што ў фурманцы едуць Скарына і…:
 

Бо гэты "фурман" – быў найлепшы друкар,
Украдзены ў караля самога.
Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.
 

  Дыялог у баладзе дазваляе аўтару не толькі паказаць характар Ф. Скарыны, але і зрабіць супрацьпастаўленне з людзьмі, якія знаходзіліся ў варце на граніцы.
 Ф. Скарына амаль кпіць над невуцтвам і сляпым выкананнем загадаў варты.
 А выказванні варты дэманструюць недалёкасць, невуцтва, выслужлівасць, фанабэрыстасць, самаўпэўненасць і глупства разваг гэтых людзей:
 

– Павінен
Сказаць я табе, чалавеча,
Што ты – кацянятка сляпое:
Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.
Ты знаеш, і Бога самога
Мы можам паслаць на спаленне,
Калі непрыдатным ён стане
Для нашага раптам малення…

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений