"Пуцайце, я і сада држым час" *, –
словы Мілае Паўловіча, настаўніка
з Крагуевацца, сказаныя фашыстам,
калі яны расстрэльвалі 300 школьнікаў…
Дзеці, супакойцеся,
Мы правядзём сягоння з вамі
Апошні свой урок…
Па-першае, давайце мы паўторым
Мінулае.
Хто ведае, скажыце мне,
Што значыць радасць, воля, смех, Радзіма?
О, столькі рук –
Засвоілі вы добра урок мінулы.
А цяпер давайце запішам тэму новага урока…
Прабачце, не запішам, а запомнім.
Увага, Глішыч! Не глядзі спалохана
На аўтаматы…
Не круціся…
Значыць, тэма:
"Звяры дваццатага стагоддзя".
Мэта:
Вас навучыць хачу я ненавідзець
Такіх звяроў…
Страляйце ж крывасмокі!
Чакаеце…
Ну што ж, тады прадоўжым
Урок наш, дзеці… Перад вамі экспанаты,
Не выкапнёвыя – жывыя экспанаты
І жорсткасці, і трусасці звярынай:
Яны ж баяцца нават вас, малечы, –
Безабаронных,
Вяснушчатых,
Кволых,
Хоць кулачкі адны – ўся ваша зброя…
Цішэй, не шморгай носам, Йовановіч!
Баяцца…
А таму, зірніце, абчапляўшыся
Гранатамі,
Нажамі,
Кулямётамі,
З дзяцьмі ваююць смела, неданоскі…
Не чысці, Крсціч, у фашыста боты –
На іх дыміцца кроў тваіх бацькоў…
Страляйце ж, ваўкаўё!
Марудзяць кулі…
Пойдзем тады далей,
Каб лепей разабрацца ў нашай тэме.
Звярніце ўвагу, дзеці:
У фашыстаў
Тупыя, абыякавыя твары,
А ў галаве пустой
(Хоць і такой вялікай!)
Не хопіць месца і маленькай думцы…
Не плач на ўроку, чуеш, Мілаевіч!..
Зірніце:
Вось – вышэйшай расы людзі,
Ніжэйшыя па думках за жывёлу,
Бо нават і ў сабачаняці вашага,
Вы помніце,
Якая мордачка разумная была…
Урок вы зразумелі, дзеці?
Можа,
Пытанні ў каго будуць? Задавайце.
Бо зараз зазвініць званок…
Званок той быў чаргою кулямётнай, –
Яго ўжо дзеці не змаглі пачуць…
* "Страляйце, я і зараз вяду ўрок"