Македонская балада. VIII стагоддзе
Як пайшло ў бедняка ўсё навыкрут,
Так ідзе і ідзе перакрутам.
Што ні хоча – яму не ўдаецца,
Што ні робіць – ніяк не выходзіць:
На палетку – ані каласочка,
А дзяцей – быццам тога гароху.
Ад цямна да цямна ён гарбуе,
Спаць жа вечна кладзецца галодны.
Раз вяртаўся з чужога ён поля
I ля самае хаты успомніў,
Бач, дажаўся – цяпер толькі ўспомніў,
Што забыўся свой серп на іржышчы.
Покуль зноў да палосы датэпаў,
Ужо добра у полі сцямнела.
Бачыць, хтосьці па зжатаму ходзіць,
Каласы падбірае упоцемку
I бубніць, нібы лае кагосьці:
«Жнуць нячыста, нягоднікі, ўпохап,
Каласоў столькі доле кідаюць –
Не даюць адпачыць мне і ўночы».
Тут бядняк яго – хоп! – за ручышчу:
«Хто такі і чаго ты тут ходзіш?
Можа, злодзей і крадзеш калоссе?»
Ну а той ані ў pyx не спужаўся
I адказвае ціха, спакойна –
Быццам ведаў яго сотню жніваў:
«Я не злодзей. Я, ведаеш, Шчасце
Уладальніка гэтага поля.
Я яму, як сабе, памагаю –
I ўзарань, калі спяць яшчэ птушкі,
І ўцямрынь, калі людзі кладуцца…
Ну, а ты што тут робіш, бядача?»
«Я свой серп недзе ў полі забыўся
I яго пашукаць во вярнуўся».
«А навошта шукаць? Серп – з табою,
На плячы тваім спіць, натамлёны», –
Усміхнулася Шчасце чужое,
Але тут жа наноў засмуцілася:
«Цяжка жыць табе. бачу, гаротнік,
Бо тваё Шчасце дужа ляное –
Увесь дзень весялуе за поясам,
Без клапот на тамбуры іграючы.
Гэта ж трэба, яно добра бачыла,
Што твой серп на плячы быў і зараз,
Як ішоў ты шукаць яго ў поле,
А табе не сказала пра гэта.
Распусціў, чалавеча. ты Шчасце!
Яно й зараз, павер, маракуе,
Каб зусім адкруціцца ад працы.
Заўтра толькі нахопішся жаць ты,
Яно скінецца зайцам пудлівым,
Прабяжыць у цябе між нагамі,
Ты ж сярпом на яго замахнешся
I нагу сабе толькі парэжаш.
Працаваць з такой ранай не зможаш,
А яно зноў выгульвацца будзе
I іграць дзень пры дні на тамбуры.
Слухай, што табе зрадзіць хачу я:
Ты мяшок вазьмі у поле з сабою
I яго прывяжы за нагамі.
А як толькі шмыгне зайцам Шчасце –
Так адразу ў мяшок твой і трапіць.
Вось тады не шкадуй лайдачыну,
Як яно цябе не шкадавала!»
Так бядак і зрабіў раніцою.
А як Шчасце у мяшку апынулася,
Ён хахол закруціў панадзейней,
Завязаў яго туга завязкай
I узяўся штосілы дубасіць.
Б’е і так яго, б’е яго й гэтак,
Адзін бок адлупцуе як трэба,
А затым на другі пераверне.
Біў, ляное, пакуль не стаміўся –
Гэта ж праца цяжэй, чымся жніва!
Сам стаў мокры – хоць зараз выкручвай,
Кроплі поту цякуць – па бабіне.
Б’е ён Шчасце, а сам прыгаворвае:
«Ну, цi будзеш яшчэ ленавацца?
Ну, ці зробішся добрым памочнікам?»
Стала Шчасце маліцца-прасіцца,
Перастане лайдачыць, казала,
I тамбур паламаць абяцала:
«Буду, буду табе я памочнікам».
Развязаў ён хахол і адразу
Адпусціў паланянку на волю,
Сам жа сеў на мяшок і заплакаў,
Што няўдзячную правіў работу.
З таго часу змянілася Шчасце,
Яно рупіцца стала якдзённа:
Жаць ішоў – звычна серп яму несла,
Калі жаў – каласы нахіляла,
Пот каціўся – без слоў выцірала,
Калі трэба – каня запрагала.
I зярняты на ржышчы збірала,
I дзяцей – як гароху! – люляла.
Хутка хлеб на стале паявіўся,
I хоць дзетак ўсё прыбаўлялася,
Спаць не клаўся ён зараз галодны
I зрабіўся шчаслівы-шчаслівы…
Біце, людзі, і вы сваё Шчасце,
Як шчаслівымі быць заманецца!