Я люблю цябе да скону,
Я люблю цябе да звону,
Я люблю цябе з вагона,
З самалёта, з карабля,
Цёплы шарык мой зялёны,
Ціхі шарык мой зялёны,
Мікрашарык мой зялёны –
Несхадзімая зямля!
На табе – вясна віруе,
На табе – зіма снягуе,
На табе – і лета чуе:
Восень у лісці шуршыць.
Я цябе знайшоў такую,
Я цябе адкрыў такую,
Зберагу цябе такую,
Покуль буду сам я жыць.
Вось таму змаўчаць не можна,
Вось таму баіцца кожны:
Над табой, такой мурожнай,
У павевах вецярка,
Чуеш, як зусім трывожна,
Як нахабна і трывожна,
Дзесьці здружана трывожна
З мечам шэпчацца рука.
Крыніца: Сіпакоў Я. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Паэзія / Прадм. Л. Ламекі. – Мн.: Маст. Літ., 1995. – 431 с.