Няма больш прыемнага занятку, чым збіраць грыбы. Але, на жаль, грыбны час занадта кароткі.
Я часта задумваўся над тым, як бы падоўжыць гэтыя шчаслівыя дні.
Неяк мінулай вясною я звярнуў увагу на веснавыя грыбы. На іх цёмных шапачках ляжала сухая ігліца, бурае леташняе лісце.
Чым жа гэта не грыбы?
Я зняў капялюш і тут жа нарэзаў у яго грыбоў.
Падсмажаныя на сале, прыпраўленыя смятанай, яны былі ніколькі не горшыя за іншыя, нават смачнейшыя.
Цяпер я блукаю з кошыкам па лесе не толькі летам, але і вясною. А ўжо аб прывабнасці веснавога лесу шмат гаварыць не даводзіцца. Залітыя майскім сонцам палянкі і сцяжынкі востра пахнуць духмяным ландышам і расквітнелай чаромхаю, маладым лісцем і медуніцай. У галінах ізумрудных дрэў весела свішчуць галасістыя берасцянкі, гучна кукуюць зязюлі.
Дык навошта ж дарэмна час губляць? Хуценька, сябры, бярыце кошыкі ды спяшайцеся ў лес па веснавыя грыбы.
(143 словы)
Паводле Р. Ігнаценкі.