– Сястра! Я нічога не бачу. У мяне ў вачах толькі белы туман!
Ян Кулеш зразумеў, што гэты туман над ім назаўсёды. Ён аслеп. Яму стала горача. Слых яго ўлавіў, як медсястра некага ўстрывожана клікала… А потым ён успомніў сонечны дзень.
Гэткія дні бываюць у канцы жніўня і на пачатку верасня. Сын Павел усё ж прымусіў, угаварыў бацьку пайсці на паляванне на качак. I ён згадзіўся, выбраў вераснёўскі пагодны адвячорак, дастаў старую аднастволку, знайшоў чатыры патроны да яе і павёў сына да рэчкі, на старыцы.
З крыкам падхопліваецца на крыло, імклівым зігзагам узвіваецца ўгору з куп’я бакас. Стрэліць бацька не паспявае. Акрамя бакаса, больш ні на што ім не пашанцавала, і сын засмучаны, хаця Кулеш даў яму два разы стрэліць.
I ў гэты час ад алешніку роўна, не хаваючыся, ляцяць дзве птушкі. Ляцяць крыху далекавата, упэўнена і спакойна. Кулеш ускідае стрэльбу, страляе і бачыць, як адна птушка камячком падае ў траву.
Дзікі голуб, горлінка, нават не ўцякае ад іх, сядзіць, прыпаўшы на перабітае крыло, і круглае яго вока здзіўлена і балюча глядзіць на людзей.
– Горлінка, – гаворыць Кулеш і адчувае, як прыкра самому, што не стрымаўся, што страляў. Навошта ім гэтая прыгожая лясная птушка. Галубы гэтыя любяць сядзець на вяршынях дрэў на ўсходзе і на захадзе сонца. Стройныя, быццам вытачаныя, нерухомыя.
Кулеш нагінаецца, бярэ ў рукі птушку. Крыло само падае, але шрацінка папала ў цела пад ім, і таму крылом птушка не можа варухнуць. На зямлі яна прападзе.
– А мы забяром яе дадому! Хай жыве ў нас!
Павел па-дзіцячаму рады, што ў яго будзе жывая цацка, свой дзікі голуб.
Дадому ён бяжыць амаль подбегам перад бацькам, задаволены і шчаслівы, што ёсць здабыча.
Кулеш скіроўвае на агароды, каб зайсці на двор непрыкметна для людзей.
Маці Люба сварылася тады на яго з-за падстрэленага галубка.
– Дзіця магло пацешыцца. А ты, стары чалавек, узяў падстрэліў птушку. Куды ж цяпер яе?
Ян маўчаў, гаварыць не было чаго.
Пасяліўся дзікі голуб жыць на дварэ пад перавернутай скрыняй. Пакрысе голуб ажыў, пачаў кляваць зерне, піць ваду. I калі аднойчы Паўлік прыпадняў скрынку, ён выбег з-пад яе і ўзляцеў на яблыню.
– Дальбог узляцеў! – зарадавалася старая Люба.
– А як мы яго назад зловім? – Паўліку не хацелася разлучацца з птушкай.
– Назад ты яго не зловіш. Паляціць ён сваіх шукаць. Пара ім у чароды збірацца і адлятаць.
Але не адляцеў дзікі голуб, якому давялося пабыць пры чалавеку.
– Што ж ён сабе думае? Калі не адляціць, прападзе ж зімой, – бедавала старая Люба.
А Паўлік падсыпаў круп, і голуб прылятаў карміцца, злятаў з даху на плот, з плота на зямлю і па-гаспадарску разгульваў па двары…
Чамусьці гэты выпадак, гэты паход з сынам успомніўся Куляшу зараз. Можа, і не было больш магчымасці пабыць вось так разам. Пахадзіць па траве на аселіцы, адпачываць пад лазовым кустом. Увесь час Кулеш быў на рабоце, МТС брала сваё, жыць даводзілася не дома. I Павел вырас сам па сабе, вывучыўся, стаў вялікім чалавекам, цяпер зрэдку ў госці прыязджае. Цяпер у сына з бацькам няма часу. Але Куляшу хацелася, каб прыехаў сын. Гэтак жа, як і калісьці сыну пайсці з ім на паляванне.
(501 слова)
Паводле А. Жука.