Максім Багдановіч стаіць у роднай літаратуры, на нашай беларускай зямлі моцна і трывала. Яго не абмінеш абыякава. Каля яго не пройдзеш напышліва і пагардліва. Хочаш ці не, а мусіш азірацца на яго вопыт, на яго прасторавы паэтычны край.
Перачытваеш яго «Вянок» і бачыш, як там усё арганічна. Гэта не проста зборнік выпадковых вершаў, а сюжэтная кампазіцыя думкі, музыкі, пачуцця.
Максім Багдановіч шчыра верыў, што беларуская паэзія, каб стаць вядомай у свеце, не павінна саромецца свайго нацыянальнага выгляду. Ён марыў вывесці ў людзі нашу паэзію. Менавіта беларускую песню, якая б змагла ўзбагаціць паэзію свету сваімі формамі, думкамі, сваім адметным успрыняццем жыцця.
Мы павінны павучыцца ў паэта любіць сваю Радзіму. Ён, сур’ёзна хворы чалавек, знаходзячыся далёка ад свайго роднага краю, шчыра верыў, што толькі родная зямля мае тую гаючую крыніцу з жывою вадою, якая вылечвае любую хваробу.
(137 слоў)
Паводле Я. Сіпакова.