Веснавой раніцай я ішоў палявой дарогай між руні. У празрыстым блакіце свірчэлі жаваранкі. Цёплае сонейка прыгравала зямлю, а лёгкі ветрык ласкава халадзіў твар.
Я спыніўся, каб парадавацца з веснавога хараства, сонца і цеплыні. Гэтым часам у небе з’явіўся каршун. Ён кружыўся амаль на адным месцы, выглядаючы сваю ахвяру. Я павольна падаўся берагам. Не прайшоў і некалькі крокаў, як над маёй галавой са страшэннай хуткасцю прашумеў каршун і тут жа зноў шугануў угару.
«Што з ім за ліха, ледзь капялюш не збіў?» – падумаў я. Падумаў так і адчуў, што быццам пацяжэў мой капялюш. Я зняў яго і ўбачыў маленькую шэранькую птушачку ў жалабку. Стуліўшыся, яна спалохана пазірала на мяне.
«Што з ёю?» – мільганула думка, і я падняў руку, каб узяць птушачку. Гэта быў жаваранак. Ён пырхнуў і паляцеў у блакіт.
Цяпер толькі дайшло да мяне, якая трагедыя разыгралася над маёй галавой: жаваранак, ратуючыся ад смерці, упаў на мой капялюш.
Бедная птушачка, відаць, адчула, што не наважыцца драпежнік нападаць на чалавека, а ў яго яна можа знайсці ратунак.
I знайшла.
(169 слоў)
Паводле А. Пальчэўскага.