Ранак прынёс доўгачаканую навіну: прыляцелі жаданыя госці! Яшчэ не ўбачыўшы, пачуў іх урачысты ўскрык. Мабыць, ніхто з птушак, сустрэўшыся адна з адной, гэтак радасна не вітаецца, як яны.
Доўга я чакаў іх прылёту. Нешта ўсё рупіла майму спакою: чаму сёлета іх так позна няма? Спазніліся яны на добрыя два тыдні. Значыць, не было ў іх упэўненасці, што ў нашай старане цёпла. Хаця цвітуць ужо вішні, грушы. Нясмела спрабуюць раскрыць свае ружова-белыя пялёсткі яблыні, а жаданых гасцей з выраю ўсё няма. Сапраўдную ж вясну прыносяць ластаўкі. На абсягу прасторнага неба лаўлю знаёмыя маршруты і звыклыя трасы ранніх варон, галак, шпакоў, што спяшаюцца на сняданак. Раз-пораз кідаюцца з дахаў і надаконных казыркоў на зямлю галубы. Задзірыста і настырна ўвіхаюцца ў сваім клопаце вераб’і. А дзе ж мае доўгачаканыя госці?
Я іх яшчэ не бачу, але ўжо ведаю: яны ёсць, прыляцелі. Радасны вокліч іх прывітання ўрачыста гучыць у паднябессі. Ластаўкі прыляцелі!
(151 слова)
Паводле В. Віткі.