Усе для жыцця на белы свет прыйшлі:
І людзі, і расліны, і жывёлы.
А. Балуценка
Вечарэла. Яшчэ здалёк я ўбачыў зайчыка на палянцы. Каля высокага куста ядлоўцу ён ласаваўся дзікай канюшынай. Нечакана над палянкай з’явіўся каршун. Зайчык не чуючы пад сабой ног кінуўся ў кусты арэшніку.
Каршун праляцеў над палянкаю, развярнуўся і таксама скіраваў да арэшніку. Раптам ён рэзка спікіраваў да зямлі, але зайчык выбег яму насустрач і ўдарыў драпежніка пярэднімі лапамі.
Каршун усё насядаў, але зайчык не здаваўся. Фыркаў, біў каршуна пярэднімі лапамі. Такое болей я трываць не мог, прыспешыў крок, закрычаў.
Каршун спалохаўся, паляцеў з палянкі. Схаваўся ад мяне ў кустах і зайчык-смяльчак. Я падышоў да ляшчыны, а пад ёю двое зайчанятак ляжаць.
Многія лічаць, што заяц баязлівы, але гэта на самай справе не так. Ён асцярожны, бо ў яго шмат ворагаў: і драпежныя птушкі, і ліса, і воўк, і чалавек са стрэльбай. I ён уцякае, каб уратавацца, выжыць.
Ішоў дамоў і радаваўся, што ноч наўкола ўладарыць, што зайчык пра паядынак з каршуном забудзецца, да дзетак вернецца.
(158 слоў)
Паводле Я. Галубовіча.