Ёсць любоў да блізкага чалавека, ёсць любоў да роднай зямлі, да сцежак маленства, да матчынай песні. I ёсць любоў да горада, складаная і невыказная, як радасць і боль. Любімы горад заўсёды жывы і неабходны, са сваім абліччам, са сваім характарам, настроем, дыханнем і думкамі, са сваёй маладосцю і сталасцю, са сваім жыццём і сваімі марамі, з мінулым і будучым, з дзесяцігоддзямі, пражытымі разам з ім. Я часта гавару з ім, як з найлепшым і шчырым другам. Ён усё помніць, усё ведае, усё разумее. Я заўсёды спяшаюся да яго, як на самае радаснае спатканне: ён – калыска маёй чалавечай сталасці, ён – мой вялікі дом, у ім усе знаёмае і сваё.
Іду з вуліцы ў вуліцу, як з пакоя ў пакой, і скрозь пазнаю знаёмыя абліччы сяброў і тысячы людзей, з якімі яшчэ не паспеў пагаварыць і пасябраваць. Але я іх ведаю, адных – даўно, другіх бачу ўпершыню і захапляюся іх высакароднай прыгажосцю, светлай і юнацкай весялосцю. Нават калі мой горад тушыць агні і засынае, я слухаю яго дыханне, чую ўдары сэрца…
(170 слоў)
Паводле С. Грахоўскага.