Малюнкі прыроды мяняліся адзін за адным. Толькі што Алесь захапляўся высокім абрывістым берагам. Але раптам дарожка, што белая ручаінка, пакацілася з узгорка ўніз, і перад вачыма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба. Дзе-нідзе толькі віднеліся на гэтай неабсяжнай зялёнай роўнядзі асобныя купкі беланогіх бярозак, якія стаялі мясцінамі, як тыя дзяўчаты ў карагодзе. Зусім нізка дарожку перабягаў невялікі ручай, які цурчэў з-пад маладой алешыны, што ўзнімалася над чаратамі. Вада была такая чыстая, што нават круглыя гладкія каменьчыкі, што ляжалі на дне ручая, здаваліся белымі каралямі. І хоць Алесю не хацелася піць, ён нахіліўся – прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Пасля падняўся, далонню выцер пот, абтрос з кашулі празрыстыя кропелькі і адчуў, што прасвятлела ў вачах. Нават лягчэй цяпер ступалі ногі.
(132 словы)
Паводле П. Броўкі.