Сцежка, добра ўбітая, нават у нізінах спружыніла. На ёй было столькі каранёў, нібы хто некалі там гаць гаціў. Усе яны ажно гулі пад нагамі. Здавалася, што ідзеш не па сцежцы, а па мудрагеліста сплеценай драбіне.
Вось і дуб. Колькі ж гэта вякоў ён вартуе Свіцязь? Глядзеў, а ўспамінаўся той, што ў Шчорсах, у старым парку стаіць. Гэты – падлетак у параўнанні з тым. Той дуб у народзе называюць Міцкевічавым. Пад ім, кажуць, паэт пісаў сваю гераічную паэму «Гражына». Пад ім не раз марыў аб светлай долі для свайго народа.
Каб зберагчы жывы помнік і падоўжыць яму жыццё, мясцовыя кавалі яшчэ некалі спавілі дуб жалезнымі абручамі. Але стары волат аджывае сваё. У апошнія гады толькі адна-адзіная галіна зелянее на ім. Але і гэта – вялікая радасць для мясцовай дзятвы. Яна прыбягае туды гаманкім табунком, пазірае на тую, жывую яшчэ, галіну і марыць дачакацца жалудоў, каб вырасціць з іх новыя дрэвы.
(149 слоў)
Паводле Я. Пархуты.