Род князёў Сапегаў быў у Беларусі адным з самых старажытных. Але найбольш праславіў яго Леў Сапега, які нарадзіўся ў вёсцы Астроўна, што недалёка ад горада Бешанковічы на Віцебшчыне.
Калі хлопчыку споўнілася шэсць гадоў, бацькі завезлі яго ў Нясвіж. Тады там была найлепшая ў Беларусі школа, адкрытая князямі Радзівіламі. Якраз тым часам вучоны і асветнік Сымон Будны выпусціў у Нясвіжскай друкарні беларускія кнігі. Па адной з іх Сапега вучыўся чытаць.
У Нясвіжскім замку, дзе жыў хлопчык, працавала шмат запрошаных Радзівіламі вучоных, вядомых па ўсёй Еўропе. Тут яны пісалі свае творы, выкладалі ў школе, клапаціліся пра багацце Радзівілаўскай бібліятэкі. Гэтыя людзі ведалі старажытныя і сучасныя мовы. Беручы з іх прыклад, Леў Сапега ўжо ў дзяцінстве, апрача беларускай мовы, ведаў лацінскую, грэчаскую, нямецкую, польскую. Ледзь не кожны дзень здольны да навукі хлопчык праводзіў у бібліятэцы. Ён чытаў старадаўнія рукапісы, друкаваныя кнігі і хутка назапашваў веды.
(145 слоў)
Паводле У. Арлова.