Ляснік выйшаў на паляну сярод лесу, спыніўся. Заўважыў, што ў авёс наведаўся мядзведзь. Ласі, алені, дзікі ядуць авёс стоячы. А вось мядзведзь заходзіць у авёс, садзіцца, пярэднімі лапамі прыхінае да сябе сцёблы і абшморгвае мяцёлкі з салодкімі зярнятамі. Падзівіўся ляснік на мядзведзеву работу і накіраваўся дадому.
Ішоў і думаў, як адвадзіць мядзведзя ад аўса. Так задумаўся, што не заўважыў, як прыйшоў да мастка. Ужо ступіў на яго і тут адчуў, што на другім баку нехта стаіць. За пяць крокаў ад яго стаяў на задніх лапах вялізны буры мядзведзь.
Ляснік не мог ні крыкнуць, ні варухнуцца. Звер стаяў нерухома, глядзеў на чалавека. Відаць, сустрэча з лесніком для драпежніка была таксама нечаканасцю. Потым звер апусціў пярэднія лапы, павярнуўся і скаціўся з дарогі ў алешнік. Ляснік нясмела ступіў на масток. Адышоўся далекавата, азірнуўся і ўбачыў касалапага. Той зноў спяшаўся ласавацца аўсом.
(140 слоў)
Паводле З. Бяспалага.