Гарэў касцёр. Доўгія языкі агню ласкава абхоплівалі пачарнелае вядро, у якім варылася юшка.
Калі полымя разразала цемру ночы, можна было добра разгледзець старога рыбака. Ён ляжаў, абапёршыся на локаць, у расшпіленай вышытай кашулі, падпяразаны саматканым поясам з кутасамі. Загарэлы, як бронза, твар старога каля вачэй і на лбе ўкрыты глыбокімі маршчынамі. Задумлівыя вочы пад калматымі бровамі сведчылі пра светлы розум і вялікае сэрца гэтага чалавека.
З возера часам наскокваў парывісты вецер. Тады шум сасновага бору змешваўся з дзіўнай мелодыяй пляскання хваль, што набягалі на пясчаны бераг.
Рыбак падрабязна расказваў нам пра возера Нарач, якое ляжыць у маляўнічай катлавіне. На паўночным беразе яго ўзвышаюцца высокія ўзгоркі, а на поўдні стаяць сасновыя бары. На ўсходзе да возера падступаюць балоты, сярод якіх прабівае сабе шлях глыбокая рака Нарачанка. У пахмурнае надвор’е супрацьлеглага берага амаль не відаць, і возера тады нагадвае марскую затоку.
(142 словы)
Паводле І. Гурскага.