Палац у Ружанах

Пераказы і дыктанты

  Найважнейшай славутасцю пасёлка Ружаны, што ў Пружанскім раёне Брэстчыны, з’яўляюцца рэшткі вялікага архітэктурнага комплексу на пагорку побач з рачулкай. Гэта руіны колішняга палаца, помніка XVI-XVIII стагоддзяў. Гісторыя тых збудаванняў непадзельна звязана з радаводам вядомых магнатаў Сапегаў, якія ў мінулыя стагоддзі ўпарта сапернічалі з Радзівіламі і Агінскімі за дзяржаўныя тытулы, палітычны ўплыў і ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Сапегам належалі палацы не толькі ў Ружанах, алеі ў Дзятлаве, Дзярэчыне і іншых мясцінах Беларусі. Ёсць звесткі, што ўжо ў пачатку XVI стагоддзя яны мелі ў Ружанах багатыя ўладанні. Сюды ў госці да Яна Сапегі прыязджаў нават польскі кароль Жыгімонт Стары.
 Ружанскі палацавы комплекс – вынік працы не аднаго пакалення майстроў і архітэктараў. Ён узводзіўся і перарабляўся на працягу амаль трох стагоддзяў. Галоўны двухпавярховы крыжападобны корпус палаца будаваўся ў асноўным у XVI стагоддзі, хоць работы працягваліся яшчэ і ў пачатку XVII стагоддзя. Пачаткова палац меў тры вежы, якія надавалі яму выгляд замка. У цэнтры будынка размяшчаліся парадныя залы і вестыбюль з лесвіцай на другі паверх, у бакавых частках – жылыя пакоі і рабочыя кабінеты, архіў і бібліятэка. Пад палацам знаходзіліся двухпавярховыя скляпеністыя падвалы. Кожны каралеўскі візіт прыносіў уладальнікам новыя дароўныя граматы і пашыраў багацці, у гонар і памяць аб чым у вялікай параднай зале ўстанаўліваліся мармуровыя дошкі з адпаведнымі надпісамі.
 У 1698 годзе войскі шляхецкіх канфедэратаў разбурылі Ружаны, а збудаванні палаца моцна пашкодзілі. Аднаўляўся па лац ужо ў першай палове XVIII стагоддзя. Пашкоджаныя вежы разабралі, а вакол галоўнага параднага фасада ўзвялі новыя збудаванні, што надавала палацу большую велічнасць і прыгажосць. Ва ўсходнім корпусе размясціўся прыдворны тэатр, у заходнім – карцінная галерэя. Уезд на парадны двор вёў праз трохпралётную трыумфальную браму. Тут жа былі разбіты аранжарэі і дэкаратыўныя алеі сквера. Усе гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы вынесены за межы ансамбля, куды выходзілі бакавыя вароты. На стылі архітэктурнага комплексу адбіліся рысы позняга барока і класіцызму.
 З найбольш важных культурных каштоўнасцей палаца варта адзначыць вялікую бібліятэку, багаты рукапісны архіў, а галоўнае – тэатр.
 З 1786 года пры палацы працавалі невялікая фабрыка шаўковых паясоў, шпалераў, абрусаў з гербамі і суконная фабрыка. Апошняя праіснавала амаль да паловы XX стагоддзя.
 Аднак ужо ў канцы 80-х гадоў палац у Ружанах пачаў траціць сваё значэнне, а яго гаспадары перабраліся ў Дзярэчын.
 Цудоўныя будынкі архітэктурнага комплексу выкарыстоўваліся пад жыллё і цэхавыя памяшканні суконнага прадпрыемства. Унутраная планіроўка, а часткова і фасады палаца ўвесь час змяняліся: гэтага вымагала вытворчасць. Для фабрычнай каналізацыі былі выкарыстаны падвалы, а ў некаторых з іх сушыліся сыравіна і прадукцыя. На першым паверсе галоўнага корпуса жылі гаспадары фабрыкі. а на другім – месціліся склады. Будынкі ніколі капітальна не рамантаваліся.
 У жніўні 1914 года ад пажару, што пачаўся ў драўлянай прыбудоўцы, згарэў галоўны корпус колішняга палаца. Але невялічкая ткацкая фабрыка існавала тут да 1944 года, пакуль яе не спалілі немцы падчас адступлення з горада. У мураваных флігелях пры параднай браме да 1965 года размяшчаўся кафельны цэх. Затым усе будынкі некалі цудоўнага архітэктурнага ансамбля былі закінуты, і час стварыў свой разбуральны прысуд.
(478 слоў)

Паводле В. Супруна.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений