Аб чым маўчаць камяні

Пераказы і дыктанты

  У Мінску ёсць музей валуноў. Пад адкрытым небам ляжаць валуны-таўстуны і вечна маўчаць пра свой лёс. А кожнаму каменю ёсць пра што расказаць. От каб загаварылі, паспавядаліся, колькі б цікавых легендаў мы пачулі б.
 Звычайна пра камяні людзі прыдумляюць свае гісторыі. Калі, напрыклад, селянін збіраўся ставіць новую хату, то найперш прыносіў з чатырох розных месцаў чатыры камяні, размяшчаў іх па вуглах будучай хаты і клаўся спаць. Калі да раніцы камяні не зварухнуліся, то тады можна было ставіць на гэтым месцы хату.
 Шмат розных цікавых павер’яў склаў народ пра камяні. Валуны, розныя па абліччы, вазе, форме, раскіданы па ўсёй Беларусі. Больш за трыста камянёў лічацца культавымі, ім людзі здаўна пакланяюцца, вераць, што яны ад самога Бога.
 Такі помнік ёсць і на вясковых могілках у Сянежычах, на Навагрудчыне. Людзі лічаць яго сваім абярэгам, святыняй, своеасаблівым цудам свету.
 Камень-помнік у Сянежычах называюць следавіком. На тым валуне яўна праглядваюцца два паглыбленні-сляды. Адзін лічыцца следам самой Маці Божай, другі – д’ябла. Існуе легенда, што д’ябал гнаўся за Багародзіцай, але не мог дагнаць. Яна схавалася ў манастыры і пачала тварыць цуды.
 Людзі на каленях ідуць да таго святога каменя. Перад ім спавядаюцца, моляцца, выказваюць свае самыя патаемныя жаданні. А калі след Божай Маці напаўняецца расой ці дажджавой вадой, то вернікі карыстаюцца гэтай гаючай вадкасцю, шчыра вераць, што яна лекавая, магічная, цудадзейная. А чортаў след людзі ганьбяць, праклінаюць, некаторыя нават плююць у яго. Дабро і зло заўсёды ацэньваюцца па-рознаму. Дабро ўслаўляюць, а зло ганяць.
 Пакланенне камяням-следавікам (а яны ёсць і ў іншых мясцінах) – рытуал старажытны. Яго прытрымліваліся і егіпцяне, і рымляне, і грэкі. Божы след на камені яны лічылі сімвалам жыцця, следам самога сонца.
 Непадалёк ад Сянежыч, у вёсцы Ваўкавічы, кажуць, былі валуны, пра якія і цяпер ходзіць такая легенда. Нібыта адзін з сялян той вёскі ў першы дзень Вялікадня ўтварыў вялікі грэх.
 У дзень Божага свята ён запрог валоў і паехаў у поле араць. Не паспеў прайсці першай баразны, як валы ператварыліся ў камяні, а ён сам – у сасну.
 У вёсцы Мількавічы ёсць камень з забітымі ў яго цвікамі. Завуць яго Сіні камень. I людзі вераць, што той цвік мог забіць толькі асілак.
 Ёсць на Навагрудчыне і каменныя крыжы. Два з іх стаялі на ўскраіне вёскі Мотча, сярод закінутых магіл, каля адзінокага кургана. Каля яго, як расказваюць, аратыя выворвалі з зямлі гліняныя гаршкі. Такі ж каменны крыж знойдзены і на ўскраіне вёскі Брольнікі. Якія паданні сівой даўніны ўтойвае той крыж, даводзіцца толькі думаць ды гадаць. Ясна адно, што дапытлівым нашчадкам яшчэ шмат трэба папрацаваць, каб абагаціць нашу духоўную культуру, вярнуць да жыцця ўсю мудрасць далёкіх продкаў: іх легенды, паданні, прыродныя культы. Вярнуць тое, у што верылі нашы продкі.
 Веру, што на Навагрудчыне ўздымецца дапытлівае і чуллівае пакаленне дзяцей. Яны абавязкова зробяць свае адкрыцці, бо змалку любяць сваю малую радзіму.
(456 слоў)

Паводле У. Ліпскага.

Сказать спасибо
( 4 оценки, среднее 3 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений