Адзінец – немалады ўжо, шасцігадовы лось, падагнуўшы пярэднія ногі, увесь змакрэлы і аблеплены ледзяшамі, ссунуўся з берага на каленях да пролабкі ля берага ў Віліі і, апусціўшы гарачую пысу ў чорную ледзяную ваду, стаў смактаць, задыхаючыся, сапучы і раз за разам паварочваючы галаву.
Недзе там, адстаўшы ад яго, засталіся ваўкі. Гайня… Падавалі толькі здалёку голас, падвываючы. Ён вадзіў іх цэлы дзень кругамі і, адарваўшыся, прыйшоў у Ліпнікі, на бераг да Віліі.
Сцямнелася, і ў чыстым чорна-сінім небе загарэліся ядраныя начныя зоркі. Узышла круглая чырвоная поўня, нейкая ўся ціхая і замглёная сінім сяйвом.
На рацэ пачаў страляць лёд; стрэлы пачуліся і высока на беразе ў лесе – на дрэвах лопалася кара.
Супакоіўшыся, ён успомніў і пазнаў гэта месца.
Доўга стаяў і слухаў.
Ад поўні ўсё наўкола: і лес, і Вілія, і далёкае поле за ёй – сталі сінія, пасля сінеча згусцела, заіскрылася ў вачах у розныя колеры і зрабілася зялёнай.
Ад зялёных іскраў ён заплюшчыў вочы…
I тады ўсё наўкола зрабілася зялёным… Летнім…
Ён, бывалы ўжо, вопытны лось, прывёў у тую зялёную летнюю раніцу да Віліі на вадапой сваю ласіху з маленькім ласяняткам. Ён прывёў іх на стромы бераг, стаў на самым краі за сасной і глядзеў на раку, на лозы, на сонца…
Гэтай раніцай вуха лавіла ўсё, як заўсёды. На рацэ пад сіняй палоскай туману плавала дзікая качка з малымі качанятамі…
Значыць, на беразе ціха…
Ён стаяў, як стаіць вартавы, сцеражучы сваё самае дарагое, што меў… Ласіха падштурхнула пысай малое – яно ссунулася па пяску з берага ўніз – і, падымаючы высокія зграбныя ногі, пайшла, нагнуўшыся над ім, да Віліі.
Ля ракі ласіха стала на калені, маленькае ласянятка рабіла ўсё, што і яна, і яны абое, нагнуўшы галовы, зафорскалі, п’ючы ваду. Якраз проці качак.
Старая качка раптам павярнула ад іх і павяла свой вывадак – жоўтую жменьку – пад чырвоную палоску туману ў зялёны вербалоз…
I тады з таго берага, дзе схавалася дзікая качка з вывадкам, трэснуў стрэл.
Адзін, і адразу за ім другі…
У ласіхі ўздрыгнулі, падскочыўшы, заднія ногі. Яна падняла ўгару галаву – і адразу ткнулася ёй у раку, схаваўшы пад ваду і падняўшы пырскі. Сама цяжка, як нехаця, лягла на мокры жвір ля берага.
Малое ляжала ля яе на бачку і дробненька перабірала ножкамі – хацела яшчэ ўстаць. Пасля яно супакоілася і больш не краталася.
Страляў чалавек вопытны – не хацеў пакідаць малое адно: пашкадаваў – загіне ці зарэжуць ваўкі.
Ён, бывалы, вопытны лось, застыў на месцы і доўга яшчэ стаяў нерухома, гледзячы зверху ўніз на бераг – на ласіху і цялятка, – ніяк не могучы зразумець, што зрабілася… Пасля ўлавіў носам пах дыму ад пораху, праціўны і едкі, і ўспомніў, што пачуў жа, як трэснулі стрэлы, і яго адразу абдало ўсяго холадам. Ён крутнуўся на месцы і, задраўшы галаву, рвануў з месца.
Ён бег напралом праз малады сасоннік туды, адкуль яны сёння ўсе трое прыйшлі да Віліі, думаючы, што там, адкуль яны прыйшлі, знойдзе іх, каго пакінуў ляжаць на беразе Віліі. Яны там – трэба толькі бегчы і бегчы…
I ён бегаў па лесе і па пасецы, бегаў цэлы дзень, бегаў круг за кругам, пакуль сам ля балота не ўпаў ад знямогі на зямлю і не ўткнуўся гарбатым носам у халодны мокры мох…
I назаўтра, і пасля ўсё лета ён калясіў па лесе і па пасецы, шукаючы ласіху з цялём, выходзіў на бераг, стаяў, не баючыся, на тым месцы, дзе пачуў два стрэлы, і глядзеў з гары на ціхую шырокую бліскучую Вілію.
На трэці год гон збіраўся далёка ад Ліпнікаў – цэлы месяц там рыкалі ласі кожны дзень, падаючы зазыўны голас. Але ён туды не пайшоў, астаўся ў Ліпніках, дзе паявіўся на свет, дзе гэтулькі жыў і дзе ў яго была аднойчы і ласіха, і малое.
I ён астаўся адзін. Адзінцом…
(600 слоў)
Паводле I. Пташнікава.