Увага! Поўны змест
Шмат гадоў прастаяла на калгасным прыгуменні, старая, без сіт, арфа*.
Хто ведае, колькі часу яшчэ праліпела б яна, прытуліўшыся праламаным бокам да гумна, каб не дзіцячыя хованкі. Летам для гэтай гульні ўмовы найлепшыя. I ў лапуху схаваешся, і на яблыню ці вішню залезеш — хто цябе ў голлі ўгледзіць, і ў траву лёг — нібы патануў…
Бабка Марыля спяшалася накапаць на вячэру маладой бульбы. У полі стаяў усё той жа, што і цэлы дзень, прыглушаны гул малатарні, з калгаснага току вецер даносіў абрыўкі то смеху, то песні. Сонца хілілася да захаду. Трэба было распальваць у печы, рыхтаваць вячэру сям’і, якая неўзабаве збярэцца і сядзе, згаладаўшыся, за стол пасля дзённай працы.
Старая спяшалася і не вельмі зважала на малых, што займаліся на прыгуменні сваімі гульнямі. Ведала: у агуркі ні адзін пры ёй не асмеліцца лезці. За мак яна таксама была спакойная — няхай паспрабуе каторы хоць макаўку скруціць — яна сама вушы таму адкруціць.
Самая меншая дзяўчынка, Марыліна ўнучка Ірка, якой ішоў усяго пяты год, на дыбачках, быццам той, хто павінен быў шукаць, мог пачуць яе крокі, падбегла да бабкі і, захліпаючыся ад хвалявання, зашаптала:
— Бабачка, родненькая, схавай…
У бабкі Марылі не было лішняга часу. Аднак успамін аб сваім уласным дзяцінстве (зараз такім далёкім, што не верылася нават, ці было яно наогул) адбіўся па зморшчаным бабчыным твары цёплай усмешкай і разгладзіў глыбокія маршчыны. Адкінуўшы ўбок рыдлёўку, бабка Марыля порсценька прыкідала Ірку свежым цяўнікам і зноў спраўна ўзялася за рыдлёўку.
Прашмыгнулі, нібы мышы, упаўголасу папярэдзіўшы бабку: «Не паказвайце, баба, дзе мы», і зніклі ў густым вішняку ўнук Васілёк і суседчын хлапчук Віцька.
Упалі ніц у разору непадалёк ад старой яшчэ двое. Стукнула арфа.
I хутка з усіх бакоў пачулася рознагалосае «ўжо!».
Бабка Марыля сама захапілася на хвілінку дзіцячай гульнёй. Разагнулася і, не праганяючы з твару ўсмешкі, з цікавасцю сачыла за маленькім Вовам. Той, нібы зайчынё, выскачыў з гумна, дзе ён, заплюшчыўшы вочы, добрасумленна чакаў гэтага сігналу, прабег спачатку ў адным напрамку, потым пастаяў хвілінку, падумаў і подбегам кінуўся ў другі бок.
Услед яму яшчэ раз піснула зусім недарэчнае «ўжо» Ірка. Але хлопчык, не разабраўшыся, адкуль яно прагучала, не звярнуў на яго асаблівай увагі. Бабка ж, сама міжвольна з’яўляючыся ўдзельніцай гульні, ціха папярэдзіла Ірку:
— Маўчы, унучка, і не абзывайся, а то цябе першую знойдзе…
Вова пабегаў кругом і, нікога не знайшоўшы, наблізіўся да старой і па-змоўніцку зашаптаў ёй:
— Баба Марыля, дзе яны?
Яна пашкадавала Вову і кіўком галавы наказала на вішняк. Хлопчык, чапляючыся і падаючы ў высокім бульбяніку, нарэшце дабраўся да вішняку і рантам шчасліва закрычаў:
— Вось яны! Васіль! Віця!
Васілёк і Віцька неахвотна вылезлі са свайго сховішча.
— А як ты ведаў, дзе мы? — запыталіся яны.
— А вось ведаў… — хітранька засмяяўся Вова. Неўзабаве ён пачаў знаходзіць аднаго за другім астатніх таварышаў.
Маленькая Ірка, пачуўшы вясёлы многагалосы гоман сваіх сяброў, не ўцярпела, сама вылезла:
— А вось і я…
Не было аднаго толькі Ігара. Заглядвалі ва ўсе куточкі, стапталі бабцы Марылі ўсю бульбу — як у ваду кануў. Нарэшце нехта здагадаўся:
— Можа, ён у арфе?
I ўсе шуганулі туды.
— Вось ён!
— Чаго ж ты сядзіш, хутчэй вылазь!
Ігар і сам рад быў бы выбрацца з арфы, але зрабіць гэта было не так проста.
Усё цела яго знямела, і ён тузаўся ва ўсе бакі і толькі крактаў:
— Ніяк не вылезці…
Бабка, якая зноў занялася сваёй справай, больш не звяртала ўвагі на дзяцей, а яны, колькі было сілы, цягнулі за рукі, за ногі, папіхвалі з усіх бакоў Ігара і нічога не маглі зрабіць.
Паклікалі бабку. Яна спачатку не паверыла. Думала, жартуюць з яе, старой, малыя. А потым, пачуўшы роспачны крык Ігара, кінулася да арфы. Toe, што яна ўбачыла па ўласныя вочы, здалося ёй вельмі страшным. Яна паспрабавала сама цягнуць хлопчыка, але ён яшчэ мацней заплакаў.
— Бацюхны мае, задушыцца дзіця! — усклікнула, памярцвеўшы ад страху, старая.
На плач і крык прыбегла са свайго агарода суседка.
— Што тут у вас робіцца?
— Авой, Аўдолька, бяжы хутчэй вазьмі пілу і сякеру… Арфу трэба секчы… Гэта ж Ігара ніяк не выцягнем з арфы.
Праз некалькі хвілін сякера і піла былі на месцы.
Ігар сядзеў у арфе і баяўся дыхнуць, яму здавалася, што сякера вось-вось уп’ецца яму ў галаву. Спрытныя суседчыны рукі ў момант разнеслі старую арфу на трэскі.
— А мой жа ты ўнучак, — смяялася і плакала бабка Марыля, выцягваючы ўнука з пасткі, у якую ён трапіў.
А калі першы страх мінуў і прыціхшыя дзеці ўселіся непадалёку ад бабкі і пачалі абмяркоўваць нядаўняе здарэнне з Ігарам, яна прыстрашыла іх:
— Будзе цяпер вам хованка ад старшыні калгаса. Гэта вам не жарт: машыну пасеклі. 3 бацькоў цяпер, пэўна, па дваццаць працадзён знімуць у праўленні. Ды і ў школе вас не пахваляць, калі даведаюцца. Вось настаўнік возьме ды ўсіх і адправіць дадому: «Не патрэбны, скажа, мне шкоднікі ў школе, што калгаснае дабро псуюць». Гэтак і парты нядоўга пасекчы з вашымі хованкамі…
— А хіба гэта мы секлі? Гэта ж цётка Аўдоля, — заступіўся за Ігара і за ўсю кампанію Васілёк.
— Ну, але, цяпер цётка Аўдоля вінавата, — ужо ідучы дахаты, адгукнулася бабка Марыля. — А чаго ж ён крычаў на ўвесь свет, як у арфе сядзеў? Няхай бы сам вылазіў, дык ніхто і не вінаваты быў бы, — кінула яна апошні папрок Ігару.
Той апусціў прысаромленыя вочы. Твар і вушы ў хлопчыка гарэлі ад хвалявання. Трэба ж было яму лезці ў гэтую арфу. Цяпер сапраўды колькі непрыемнасцей можа быць і ад старшыні калгаса, і ад настаўніка. I бацька, напэўна, не даруе… Ах, каб гэта можна было зрабіць так — няхай бы як хацеў пакараў яго тата, але каб толькі астатніх ніхто не чапаў, каб астатнія не цярпелі праз яго, Ігара, дарэмна. А то старшыня, мусіць, сапраўды будзе склікаць праўленне, яшчэ і цётку Аўдолю ўмяшаюдь у гэтую справу…
Усе гэтыя думкі паспелі прамільгнуць у галаве Ігара ў тую хвіліну прыкрага маўчання, якое запанавала на момант сярод дзяцей.
— Падумаеш, шчасце якое, арфа, ды яшчэ паламаная. Яна зусім і не патрэбная калгасу. Замест яе даўно новы трыер і веялку купілі, — зноў паспрабаваў апраўдаць усіх Васілёк. — Яна толькі перашкаджала тут.
— Гэта ты ўжо выдумляеш, брат. Нікому яна не перашкаджала. А калгасныя машыны ламаць забараняецца. Вось і ўсё, — панура сказаў дванаццацігадовы Віцька, самы старэйшы сярод дзяцей.
Маленькі Вова маўчаў і толькі пераводзіў напалоханыя сінія вочкі з твару на твар, сам не ўмеючы добра разабрацца, вялікую ці малую шкоду яны зрабілі. Самая малодшая, чатырохгадовая Ірка, якую яшчэ мала закраналі і хвалявалі падобныя падзеі, сядзела цяпер у бабчыным гурочніку і з апетытам ела зялёны храбусткі агурок.
— Ведаеце што, хлопцы, — рашуча звярнуўся да сяброў Ігар. — Вы тут усе пасядзіце, а я сам пайду і ўсё раскажу старшыні. Няхай, калі хоча, з майго таты зніме працадні, я ж пасвіў цэлы месяц калгасных цялят, дык у яго кніжцы і мае ёсць. А каб вы ўсе за мяне адказвалі — я не хачу. Во я ж сам і ў хованку гэтую гуляць надумаўся…
I ён бягом накіраваўся ў калгасную канцылярыю.
Старшыня з рахункаводам і брыгадзірам праглядалі парад на працу і аб нечым раіліся між сабой. Ігар бачыў іх заклапочаныя твары, але адкладваць надалей размову са старшынёй ён не мог.
— Дзядзька старшыня, — моцна паклікаў ён, пераступіўшы парог. I тут жа адчуў, як смеласць раптам пакінула яго і нейкі невядома адкуль узнікшы страх папоўз па усім яго целе.
— Дзядзька старшыня, я зламаў арфу, — нечакана адным духам выпаліў Ігар.
— Зламаў арфу? Якую арфу? Дзе? — відаць, даўно забыўшы пра існаванню калекі-арфы, здзівіўся старшыня.
«Можа, не трэба было казаць і нічога не было б?» — на адну секунду ўсумніўся ў сваім рашэнні Ігар, аднак тут жа забракаваў гэтую думку. I цяпер, калі ўсё самае страшнае было сказана, калі з яго плеч нібы гара звалілася, Ігар шчыра расказаў усё, што здарылася сёння на калгасным прыгуменні.
— Та-ак, справы, брат, неважнецкія. Калгасную маёмасць, хоць і старую, ламаць не прадугледжана ні ў адным статуце, — хаваючы ў густых рыжаватых вусах хітрую ўсмешку і гледзячы проста ў вочы Ігару, сказаў старшыня.
Ігар вытрымаў гэты позірк і смела папрасіў:
— Дык няхай праўленне зніме з майго таты працадні, толькі каб больш ні з кога, бо я вінаваты…
— Якія працадні?.. A-а, зразумела, зразумела, — старшыня пераглянуўся з брыгадзірам і рахункаводам. — За шкоду, значыць. Ну, вядома, трэба гэта зрабіць. Толькі пры чым твой бацька? Не ён жа вінаваты, а ты, ужо, можна сказаць, дарослы і свядомы чалавек… Трэба з цябе зняць, але ж у цябе няма сваёй працоўнай кніжкі. Значыць, нечым іншым ты павінен сваю віну выкупіць, няхай не цяпер, пазней крыху…
— Дзядзька, я калі вырасту і вывучуся на інжынера, дык я такую машыну зраблю, што яна ў сто разоў будзе лепшая за гэтую паламаную арфу… — горача і ўпэўнена паабяцаў Ігар.
— Трэба, брат, рабіць лепшую не за паламаную, а за цэлую, добрую машыну, — паправіў яго старшыня.
— За трыер у сто разоў лепшую мы з Віцькам зробім. Каб вы паглядзелі, які мы з ім самалёт змайстравалі!..
— Ну-у?! — здзівіўся старшыня. — Калі самалёты будуеце, дык трыер новы, ці як там ён будзе звацца ў вас, напэўна прыдумаеце, — не ўсумніўся ён.
— Прыдумаем. Яшчэ якую машыну прыдумаем! — бліснуў шчырымі вачыма Ігар.
— Ну, а калі так, дык трэба дараваць вам сённяшнюю правіннасць. Толькі ты дасі слова, што ў нутро нашага самаходнага камбайна ці трактара ты ўжо не палезеш… Як вы думаеце, таварышы, можна дараваць? — звярнуўся старшыня да брыгадзіра і рахункавода.
— Трэба дараваць, — падтрымалі яго тыя.
— Пайду хлопцам скажу! — узрадаваўся Ігар і, забыўшы нават падзякаваць, куляй выляцеў на двор і памчаўся да сяброў з важнай навіной.
1951
Арфа – машына з ручным прывадам для веяння абмалочанага збожжа.