Алена Васілевіч — Шурка Рэмзікаў

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

  Так, напэўна, паступова і выветрылася б з памяці гэтая сустрэча, так, мусіць, і забыўся б Шурка Рэмзікаў, каб не вось які выпадак.
  На чыгуначнай станцыі, якая знаходзілася даволі далёка ад горада, куды я ехала ў камандзіроўку, чакаць аўтобуса трэба было нешта каля гадзіны. Занятак — мінуй ён кожнага падарожніка! Час гэты, каб ён цягнуўся не так марудна, патрэбна было нечым заняць.
  Каля цаглянай сцяны, на якой звычайным мазутам паўметровымі друкаванымі літарамі было напісана: «Багажнае аддзяленне», сабраўся натоўп. Праціснуўшыся наперад, я ўбачыла, што ў цэнтры агульнай увагі былі хлапчукі-падлеткі, чалавек пяць-шэсць. Выглядам сваім і адзежай яны маглі служыць выдатнай натурай мастаку-жывапісцу.
  Справа была летняя, і хлапчукі апрануліся з такім разлікам, каб не лішне сябе абцяжарваць. Некаторыя мелі пры сабе школьныя партфелі, у аднаго вісела цераз плячо пацёртая кірзавая палявая сумка, адзін трымаў у руках новенькі чамаданчык — такія звычайна носяць дзяўчаты-студэнткі ды яшчэ спартсмены — са свежымі драпінамі і пісягамі на бліскучых чорных баках.
  Бясспрэчна, гэтая маладзёжная група збіралася ў нейкую экспедыцыю або, наадварот, вярталася ўжо з нейкага далёкага падарожжа. Хутчэй за ўсё можна было меркаваць апошняе. Выгляд у экспедыцыі быў прыкметна пакамечаны, ды і самі ўдзельнікі яе глядзелі на свет, штосьці звесіўшы насы.
  Тут жа стаяла некалькі жанчын, відаць, матак падарожнікаў.
  Перад усёй гэтай групай важна пахаджваў уперад-назад міліцыянер-чыгуначнік.
  Відаць, некага чакалі яшчэ.
  — Бачылі рабінзонаў? — весела звярнуўся да мяне немалады мужчына, пасажыр, з якім мы ехалі дагэтуль у адным вагоне. — У Жлобіне затрымалі. У Казахстан збіраліся. Цалінныя землі асвойваць.
  Я не паспела нічога адказаць, як ззаду нас пачуўся зычны вокліч:
  — Разыходзьцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут?
  Гэтаму шыракаплечаму міліцэйскаму старшыну, відаць, было даручана вырашыць лёс рабінзонаў.
  — Здарова, арлы! — гэтак жа зычна прывітаў ён хлапцоў. — Хто тут сярод вас атаман? Няйначай, ты, — звярнуўся старшына да вузкаплечага хлапчука з тварам, усыпаным, нібы драздовае яйцо, густым рабаціннем.
  «Атаман» пераступіў з нагі на ногу і яшчэ ніжэй апусціў галаву.
  Маці «атамана» памкнулася была аб нечым папрасіць міліцэйскага старшыну, але толькі ўсхліпнула і не змагла вымавіць ні слова.
  — А-а, і ты, Рэмзікаў, тут? — звярнуўся старшына да атаманавага суседа, знаёмага, відаць, яму па ранейшых спатканнях. — Даўно мы з табой не бачыліся! Мусіць, гэтак месяцы са два будзе?
  У голасе міліцэйскага старшыны гучалі ноткі той нязлоснай насмешкі і гумару, па якіх лёгка ўгадваецца разумны чалавек, здольны глядзець глыбока і бачыць у душы другога чалавека нешта такое, аб чым той і сам часам не здагадваецца.
  Рэмзікаў, прысадзісты падлетак, не адвёў убок хмурых вачэй і панура ўдакладніў:
  — Менш.
  «Рэмзікаў» — гэтае прозвішча было мне знаёма. I не толькі прозвішча.

  Першая паша сустрэча адбылася ў гэтым жа горадзе каля трох год назад.
  Памятаю, мароз на вуліцы — не вытрываць, а тут яшчэ вецер.
  У новым гарадскім пасёлку дзесьці згубіўся дом маіх знаёмых. I, як на грэх, няма ў каго спытаць. Каму ахвота ў такое надвор’е нос на вуліцу высоўваць?
  Раптам з Двара, агароджанага напалавіну дашчаным парканам, вылятае на каньках хлапчук. Вушы рыжай шапкі наразлёт, кароценькая ватоўка падпяразана шырокай вайсковай папругай. Чырвоныя мультановыя штаны на самых непрактычных мясцінах упрыгожаны цёмнымі латкамі.
  Раз — другі распісаўся канькамі на вузкай прыдарожнай канаўцы і спыніўся — разглядае мяне.
  — Мулавейкі дзе жывуць? — перапытвае ён. — Вунь там, дзе чылвоная стлаха.
  Хлапчук картавіць і ўвесь час вымаўляе «л» замест «р». Няпэўна махнуўшы ў бок наступнай вуліцы, ён тут жа энергічна шморгае рукавом па кірпатым носе і сам паведамляе мне:
  — Іх бацька нагу зламаў.
  — У бальніцы ляжыць?
  — А дзе ж яшчэ? — кажа ён, лічачы маё пытанне недарэчным.
  — Як цябе завуць?
  — Шулка Лэмзікаў, — глухавата басіць мой новы знаёмы і зноў выцірае нос.
  Мы не стаім па месцы. Мы ідзём: я — па замеценым снегам тратуары, Шурка «піша» канькамі побач па канаўцы.
  — У якім ты класе?
  — У чацвёртым.
  Так яно і павінна быць. Шурку гадоў адзінаццаць-дванаццаць.
  — Добра вучышся?
  — Не, кепска.
  У Шуркавым адказе столькі філасофскага спакою, што мне адразу здаецца, быццам у мяне здарылася нешта непрыемнае з вушамі.
  — Кепска? — перапытваю я. — Чаму?
  — Не хачу вучыцца.
  — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не сам адказ, мяне здзіўляе Шуркаў эпічны тон.
  — Няма ахвоты.
  Паспрабуй пераканаць чалавека, каб ён рабіў тое, да чаго ў яго ахвоты няма.
  I я пакідаю ў спакоі вучобу і пытаюся пра другое:
  — А з кім ты жывеш?
  — З маткаю.
  — А бацька ёсць?
  Памаўчаў, а потым панура:
  — Айчым.
  — За двойкі карае?
  — Так я і буду чакаць, каб ён мяне біў, — і ў Шуркавых вачах на момант успыхвае злосны агеньчык.
  — А школа ў вас добрая?
  — Самая лепшая. Вунь яна! Ва ўсім горадзе другой такой няма. У тым годзе толькі пабудавалі. Чатыры паверхі.
  Школа — новы белы будынак з калонамі —сапраўды выдатная. I займае яна, адчуваецца, не апошняе месца ў Шуркавым сэрцы. Злосны агеньчык у яго вачах патухае і загараецца новы: шчырага захаплення і гордасці.
  — I настаўніца ў вас добрая? — Я стараюся адшукаць другі кончык заблытанага клубочка Шуркавай непаспяховасці.
  Маўчыць, нешта ўзважвае. Потым зноў энергічны ўзлёт рукава да носа і, пасля кароткага маўчання, няпэўна:
  — Добрая. Толькі любімчыкаў любіць.
  — А ты не любімчык? — смяюся я.
  — Не,— Шурка, мусіць, уявіў сябе любімчыкам, і яму самому зрабілася смешна. — Мяне дражняць яе любімчыкі, а яна нічога…
  Шурка вельмі шчыры і цікавы для назірання чалавек, і мне не хочацца так хутка развітвацца з ім.
  — Ну добра, — кажу я, хоць рабіць такі вывад у мяне няма зусім ніякіх падстаў. — Ты дрэнна вучышся. Ты не хочаш вучыцца. А кім ты хочаш быць?
  Відаць, ніхто не пасеяў у Шуркавым сэрцы зярняці жыватворных мар аб будучыні. I таму ён басклапотны.
  — Нікім.
  — А што ж ты будзеш рабіць, як вырасцеш?
  — Нічога.
  — Дык што ж ты будзеш есці? — Іншага пытання я ўжо не магу прыдумаць.
  — Усё.
  — А дзе браць будзеш?
  — Буду купляць.
  — За што?
  — За грошы.
  — А дзе ж ты грошы будзеш браць?
  — Маці дасць.
  — Дык маці састарыцца, дзе ж яна іх возьме?
  — Не састарыцца! — упэўнена адказвае Шурка і так энергічна шморгае рукавом па кірпатым носе, што мне робіцца боязна, ці застанецца хоць на месцы гэты пачырванелы на марозе нос. Не, нічога, усё ў парадку.
  Шурка раптам сам пачынае дапытваць мяне:
  — А чаго вы ідзяце да Муравейкаў?
  — Яны мае знаёмыя.
  — А Лорка таксама двойкі хапае, мы з ёю ў адным класе, — раптам чамусьці вырашае насаліць маім знаёмым Шурка. — Учора па фізкультуры схапіла.
  — Ну?!
  — I задавака. Як атрымае пяцёрку — за вярсту ўсім хваліцца.
  — Значыць, пяцёркі ўсё-такі Лорка атрымлівае? А ты сам атрымліваеш?
  — Ёсць, што ў дваццаць разоў больш за яе атрымліваюць…
  — Вось як?! — дзіўлюся я на самога Шурку. А ён уваходзіць у ролю поўнага адмаўлення Лорчынай асобы і хоча знішчыць яе ўшчэнт.
  — А Лорчына маці варажбітка… — басіць ён. — На картах варожыць.
  — Ну?! — яшчэ больш дзіўлюся я і пытаю: — А яшчэ што ты ведаеш пра Лорку?
  — Я пра ўсіх усё ведаю. Пра ўсю вуліцу…
  — А… верш на заўтра ты таксама ўжо ведаеш? Пытаюся наўздагад і трапляю якраз у цэль: верш на заўтра зададзены.
  — Я заўтра раніцай, да школы, вывучу, — па-свойму бесклапотна паведамляе Шурка і выпісвае на невялікай ледзяной сцяжынцы замыславатую фігуру.
  Мы падышлі да невялікага доміка з чырвоным жалезным дахам.
  — Вось тут Лорка Муравейка жыве, — паказвае Шурка і, мусіць, жадаючы хутчэй спыніць сваё дарожнае знаёмства, імчыцца далей.
  Матляліся рыжыя вушы яго старой шапкі, мільгалі цёмныя латкі на чырвоных штанах. I хоць не відаць было яго вачэй, бачыўся мне кемлівы, насуплены і не зусім разгаданы позірк.
  Нешта сімпатычнае было ў гэтым позірку.
  …Шурка здорава змяніўся за гэты час. Выцягнуўся, неяк памужнеў. Нават чуб завёў.
  На ім была палінялая блакітная саколка і падкасаныя вышэй каленяў няпэўнага колеру картовыя штаны. Чорны, непаслухмяны і, як сам гаспадар, не дагледжаны чуб тырчаў ва ўсе бакі з-пад некалі малінавай, вышытай срэбрам, аксаміднай цюбецейкі. Шурка босы — і так горача…
  — Ну што будзем рабіць з вамі, арлы? — зноў звярнуўся міліцэйскі старшына да хлопцаў.— Мне здаецца, што ўсім вам трэба спачатку ў аддзяленне міліцыі заглянуць. Там хутка вырашаць, каго з вас куды адправіць, калі ўжо вам так надакучыла жыць дома і вучыцца ў школе…
  Старшына не паспеў скончыць, як раптам здарылася зусім нечаканае. Першым здаўся «атаман». Чалавек, яшчэ не спакушаны жыццём, ён памкнуўся да маці і, забыўшы на сваю годнасць падарожніка, загаласіў раптам на ўсю прывакзальную плошчу:
  — Мамачка, я больш не паеду-у-у!..
  Гэта паслужыла нібы сігналам да адступлення іншых. Вузкаплечага атамана з палявой сумкай па баку падтрымалі астатнія.
  Капітуляцыя была самая ганебная.
  Адзін толькі Шурка Рэмзікаў, грэбліва крывячы тоўстыя пасівераныя губы, незалежна пазіраў убок, усім сваім выглядам паказваючы, што несці адказнасць за гэтую няславу ён не збіраецца.
  Падарожнікаў падтрымалі маткі. Становішча сапраўды здавалася крытычным.
  Аднак, на агульнае здзіўленне, рыжавусы старшына зусім нечакана звярнуўся да галоўных дзеючых асоб з такім загадам:
  — Ану, арлы, каб зараз жа мне ніякай вільгаці не было! I па дамах!.. Толькі майце на ўвазе: хто яшчэ раз надумаецца ехаць у Казахстан, хай загадзя напіша заяву ў аддзяленне міліцыі, тады адразу атрымае пуцёўку…
  Гаварыў ён апошнія словы ўсур’ёз ці жартаваў — разабраць было цяжка. Але хлопцы і не стараліся вельмі разбірацца. Кожны спяшаўся прыкрыць сваё адступленне матчынай спіной…
  Адзін Шурка Рэмзікаў застаўся. Па яго ніхто не прыйшоў. I гэта, відаць, яго асабліва не турбавала.
  — Мне таксама ісці? — без усякага выразу па твары пацікавіўся ён.
  — Абавязкова, — адказаў старшына. — З намі ў аддзяленне. — I тут жа, нібы спачувальна, спытаў: — Спасавала, брат Рэмзікаў, твая каманда?
  — Ну іх,— зняважліва адмахнуўся Шурка. — Разявы..,
  Яны найшлі ўперадзе, я следам за імі.
  У аддзяленні, у пакоі інспектара міліцыі, мы з Шуркам аднавілі наша колішняе знаёмства. За гэтыя тры гады Шурка, як ні скептычна адносіўся ён у свой час да вучэння, усё-такі здолеў дайсці да сёмага класа. Тут бы яму і выбраць ужо самастойную дарогу ў жыцці, але перашкодзіла пераэкзаменоўка па алгебры. Гэтая няўдача, аднак, асабліва не турбавала Шурку. Адчувалася, што навука па-ранейшаму не вабіла яго і не хвалявала. Але сказаць, што Шурка ўвогуле не змяніўся, нельга было. Ён ужо не спадзяваўся, як некалі, на маці, ён прагнуў самастойнасці, актыўных дзеянняў…
  Сям’я Рэмзікавых (маці — прыбіральшчыца, айчым Шуркі — шафёр і яшчэ трое меншых за Шурку дзяцей) не мела асаблівых дастаткаў, і не дзіўна, што дзецям у сям’і даводзілася даволі цяжка.
  Маці рэдка бывала дома. Заўсёды спяшаючыся, яна не паспявала як след дагледзець дзяцей і кожны раз на хаду наказвала Шурку сачыць за імі, каб не біліся, каб у пару клаліся спаць.
  Шурка, які праз гэтых малых ніколі не меў вольнай хвіліны, звычайна агрызаўся на матчыны загады:
  — Патрэбны яны мне. Сама глядзі іх. Я ўрокі яшчэ не вучыў.
  — Аднолькавая з цябе карысць. Вучыш ці не — усё роўна двойкі хапаеш, а з троек не вылазіш ніколі,— сама таго не разумеючы, у самае сэрца раніла Шурку маці.
  — Ну і няхай сабе. I не буду вучыць. Няхай сабе будуць адны двойкі… — глытаў горкія слёзы крыўды Шурка, стараючыся злосцю заглушыць усю безнадзейнасць свайго лёсу.
  — Ну і няхай будуць, ліха цябе бяры! Я за цябе сэрца пераядаць не буду і біцца з табой не буду… Але глядзі, дазнаецца бацька, ён цябе навучыць.
  — Які ён мне бацька…
  Шурка не памятаў свайго роднага бацькі. Але ад маці і ад суседзяў ён ведаў, што бацька яго быў чалавек, якія рэдка трапляюцца: і разумны, і добры, і рукі меў залатыя… Бацька не вярнуўся з вайны.
  А айчым… Шурка ніколі не мог дараваць яму здзеку з бацькавай фотакарткі. Фотакартка гэтая вісела ў вялікай рамцы на сцяне. У першы ж тыдзень, перабраўшыся Ў іхнюю хату, п’яны айчым разбіў рамку і, скамячыўшы, пачаў ірваць фотакартку яго бацькі.
  Жах і роспач апанавалі Шурку так, што ён спачатку не мог нават крануцца з месца… I тады, і пасля ён не памятаў, як кінуўся на п’янага айчыма, як упіўся зубамі ў яго чорны ад масла і бензіну кулак, як адляцеў, адкінуты цяжкім ботам, і стукнуўся галавой аб ножку стала… З таго дня айчым стаў кроўным ворагам Шуркі.
  Цвярозы, айчым здаваўся маўклівым, няшкодным чалавекам. Часцей за ўсё ён моўчкі сядзеў за сталом або лажыўся на ложак і, закінуўшы ногі на біла, каб не пэцкаць ботамі коўдры, курыў адну за другой цыгаркі… Яго не турбавалі малыя дзеці, якія лезлі да яго і клікалі татам. Ён іх не адганяў ад сябе, але і не лашчыў… Яму ўсё роўна было, што працякае страха і што трэба адрамантаваць дзверы. Няхай пра гэта клапоціцца жонка. Ён ведаў, што яна паклапоціцца.
  Цвярозага айчыма Шурка баяўся і ненавідзеў, бадай што, больш, чым п’янага.
  Аднак і ў Шуркавым незайздросным жыцці былі часам свае агеньчыкі, якія аздаблялі гэтае жыццё, напаўнялі яго асаблівым зместам і сэнсам, узбагачалі яго.
  Адным з такіх агеньчыкаў быў спінінг.
  Ён зачараваў Шурку і перавярнуў усё яго жыццё з таго дня, калі сусед Рэмзікавых, капітан Смыкадуб, паклікаў Шурку з сабой рыбачыць на Бярэзіну.
  З таго дня спінінг стаў марай, запаветным жаданнем, Шуркавай пуцяводнай зоркай.
  Гэтую мару песціў ён цэлы год. З ёю звязваў самыя неверагодныя падарожжы і ўловы… Першымі, з кім падзяліўся Шурка сваёй марай, былі яго малыя брат і сёстры — яго вечная нэндза і пакута. Не маючы ніякага ўяўлення, што гэта за рэч, і нават не ўмеючы вымавіць яе назвы, малыя захапіліся марай Шуркі і горача спачувалі брату.
  Маці, якой не было часу займацца дзіцячымі выдумкамі, а тым больш не было адкуль браць грошы на іх, сустрэла Шуркаў спінінг, як і ўсё іншае, абыякава і спусціла хлопца з нябёс на зямлю.
  — Глянь лепей, як ты штаны за тыдзень збузаваў. Грошай на аднаго цябе не набрацца.
  — А я ў цябе і не прашу грошай. Я толькі кажу, што капітан Смыкадуб у нядзелю налавіў спінінгам поўнае вядро шчупакоў, — пакрыўдзіўся Шурка.
  — Ведаю, я, куды ты хіліш… Капітан налавіў, дык ты яму не раўня. Капітан, калі захоча, і «Пабеду» купіць, то, можа, табе таксама захочацца?..
  Гутарка ў такім плане працягвалася яшчэ з паўгадзіны.
  Абое на гэты раз нікуды не спяшаліся. Маці мыла бялізну. Шурка, раскрыўшы задачнік, даўно забыў пра задачы і быў у палоне сваёй мары.
  Разбілася гэтая мара зусім нечакана, і пакінула яна ў Шуркавым сэрцы глыбокую балючую рану.
  Дні праз тры пасля размовы Шуркі з маткай у двор да Рэмзікавых убіўся нейкі чужы певень. На ўсёй вуліцы ні ў кога не было такога галянастага дурня.
  Малыя пагналіся за пеўнем па двары. Шурка, засунуўшы два пальцы ў рот, дзіка свіснуў услед. Замест таго каб уцякаць з двара, певень-дурань неяк смешна прысеў на месцы, зусім як старая курыца, ікнуў і кінуўся ў хлеў. Страшэнна напалоханы, праз некалькі хвілін сядзеў ён на руках у Шуркі, дарэмна спрабуючы ўзмахнуць анямелымі крыламі. Шурка чуў нават, як часта білася напалоханае пеўнева сэрца: тук, тук, тук…
  Якраз у гэты момант у варотах з’явіўся Казік Бондараў зваць Шурку ганяць мяча. Убачыўшы ў сябравых руках пеўня, Казік на момант забыў пра футбол і запытаў:
  — Гэта вы купілі?
  — Ды не, чужы прыбіўся.
  — Чый?
  — Ды не ведаю. Кажу, прыбіўся. Малыя пагналіся за ім, а ён у хлеў… Я там яго і злавіў.
  — Давай прадамо! — раптам прапанаваў Кязік.
  — Навошта? — не зразумеў адразу Шурка. — Ён жа ўцёк ад некага.
  — Ні ад кога ён не ўцёк. У каго ты бачыў такога на нашай вуліцы?
  — Я не бачыў, — няўпэўнена адказаў Шурка і ў сваю чаргу пацікавіўся: — А што купім?
  — Што купім, што купім,— перадражніў Казік. — Што захочам, тое і купім. Цукеркаў, марожанага. I малым прынясём.
  — Спінінг купім!.. — Сямігадоваму Шуркаваму брату магчымасці, звязаныя з пеўнем, здаваліся неабмежаванымі.
  — Спінінг?!
  Аб гэтым Шурка і не падумаў.

  Праз паўгадзіны яны былі ўжо на рынку. Ішлі смела, нікога не баючыся: уперадзе Казік, ззаду Шурка, аберуч трымаючы пеўня.
  Пеўня з Шуркавых рук бралі і ўзважвалі адна за адной жанчыны-пакупніцы. Але чамусьці ўсе яны хутка вярталі яго назад. Адны казалі — стары, другія пасміхаліся і называлі хлопцаў маладымі гандлярамі, трэція спяшаліся і наогул нічога не казалі, праводзячы хлопцаў і пеўня безуважнымі позіркамі.
  Шурка і Казік прайшлі па ўсім рынку і непрыкметна апынуліся каля прадаўшчыцы марожанага. Пякло сонца, абодвум хацелася піць, хоць ты бяры і за дзве порцыі марожанага аддавай гэтага пеўня.
  — Людцы добрыя, зірніце, ды гэта ж мой певень! — пачуўся раптам над вухам Шуркі крыклівы жаночы голас. — А я іду і думаю, што гэта ў Рэмзічыхі за патрэба з’явілася такая, што яна ажно хлопца паслала на базар з пеўнем.
  Пульхная, як грэцкая аладка, рука, што прыліпла да яго худога плечука, і гэты крык на ўсю плошчу ледзь не да зямлі прыціснулі Шурку. Ён збялеў і не мог вымавіць ні слова: перад ім стаяла суседка — тоўстая жанчына з чырвоным, нібы налітым бурачным сокам, тварам. Круглы год не вылазіла яна з рынку, дзень у дзень займаючы там пэўнае месца.
  — А яно вунь што! — лямантавала суседка. — Я трымаю пеўня, кармлю, а ён ужо на продаж пайшоў… Дзе ж гэта ты схапіў яго, галубок?
  — Я не хапаў яго нідзе! — ірвануў Шурка сваё вуха з ліпкіх тоўстых пальцаў. — Ён сам прыйшоў… Чаго вы хапаеце мяне за вуха?
  — Сам прыйшоў?! Ведаю я, як да вас усё само прыходзіць. Твая і матка такая!
  Ад апошніх слоў Шурку зрабілася больш балюча, чым ад учэпістых пальцаў.
  — Што вы ведаеце? — глытаючы слёзы, крыкнуў ён. — Спытайце ў Казіка, ён усё бачыў…
  Але Казіка ўжо не было. Зразумеўшы, што справа павярнулася для іх зусім не так, як яны меркавалі, Казік непрыкметна нырнуў за чужыя спіны…
  …Гэта быў першы прывод Шуркі Рэмзікава ў аддзяленне міліцыі.
  Вечарам таго ж дня Шурка атрымаў дома — каторую ўжо за сваё кароткае жыццё — лупцоўку. Пасля «навукі» айчыма Шурка доўга не мог, як усе вучні, сядзець за партай.
  Певень яшчэ больш папсаваў Шуркавы справы ў школе. Неяк так здарылася, што ніхто з настаўнікаў асабліва не здзівіўся, пачуўшы пра новы ўчынак Шуркі Рэмзікава. Ніхто не заступіўся за Шурку, ніхто шчыра не пацікавіўся, як адбылося ўсё на самай справе… Так непрыкметна да Шуркі-«гультая» прыліпла і другая, яшчэ больш крыўдная мянушка — «злодзей».
  Другі прывод быў звязаны з суседавымі жытнікамі. Жытнікі гэтыя — чырванабокія, прамяністыя яблыкі — так дражнілі позіркі хлапчукоў, што, нарэшце, не хапіла ніякай цярплівасці. Налёт адбыўся ў ноч, калі, паводле данясення разведкі, гаспадар павінен быў адлучыцца з дому.
  Прыглушана гоцнулі на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Шурка перакінуў нагу цераз плот чацвёртым. У гэты самы момант недзе пад нагамі гыркнуў суседаў сабака, пачуўся ашалелы дзіцячы крык — і ўсё патанула ў агульным плачы і сабачым брэху…
  Двое «налётчыкаў» на другі дзень былі прыведзены гаспадаром саду ў аддзяленне.
  Зноў прыходзіла ў міліцыю і забірала Шурку дадому маці. Зноў шырокая папруга айчыма да крыві «вучыла» Шурку, як трэба жыць на свеце…
  Цяпер Шурку чакала трэцяя сустрэча з маткай у міліцыі.
  — Цёця, не трэба выклікаць маму,— прасіў ён інспектара міліцыі, і ў голасе яго гучалі слёзы.
  — А што ж рабіць, Рэмзікаў? Што ж будзе з табою? Вось ты ўзяў і паехаў, а ці падумаў, што будзе з маткай?
  ПІурка маўчаў. Наўрад ці прыходзілі яму ў галаву такія клопаты.
  — I, скажы мне, што б ты рабіў там, на цалінных землях? Што б вы ўсе там рабілі? — пытала ў Шуркі інспектар.
  — Знайшоў бы справу, — панура азваўся Шурка. — Навучыўся б і шафёрам працаваў бы…
  — Ды ты ж малы яшчэ?
  — Падрос бы, — гэтак жа ўпэўнена, як калісьці ён гаварыў мне, што ніколі не састарыцца яго маці, сказаў Шурка і, памаўчаўшы, усхліпнуў: — Я ўсё роўна не буду… з імі… Усё роўна ўцяку…
  — Уцячэш і будзеш бадзяцца па свеце, — строга спыніла яго інспектар.— А ты не ўцякай, а заслужы, дабіся, каб цябе паслалі туды людзі… Які з цябе зараз будзе шафёр? А вось паступіў бы, скажам, у аўтамеханічны тэхнікум, скончыў яго — тады едзь куды хочаш: на цалінныя землі, на будаўніцтва каналаў… Аўтамеханіку ўсюды работа знойдзецца. Было б толькі жаданне працаваць.
  — Мяне не прымуць, — глуха прамовіў Шурка, пазіраючы ў зямлю.
  — Здасі пераэкзаменоўку і паступіш. Абы ты захацеў паступіць, дык і мы, і школа дапаможам табе. Ад цябе ж самога ўсё залежыць.
  — Каб прынялі… — зноў гэтак жа панура прамовіў Шурка, аднак на гэты раз у голасе яго гучала слабая нотка надзеі.
  Маці не прыйшла па Шурку ў аддзяленне міліцыі. Каб абараніць хлопца ад пабояў, мы з інспектарам вырашылі самі пайсці з ім дадому.
  Матку мы не засталі дома. Яна была яшчэ на рабоце. Шурку сустрэлі малыя. Яны наваліліся на яго з усіх бакоў, з піскам і смехам павіслі на ім, закруціліся з ім па двары…
  У кутку двара, у цяньку пад вішняй, уткнуўшыся тварам у рукаў, спаў «Міцька» — так за вочы зваў Шурка айчыма.
  Ён не ўзняў галавы, не прачнуўся нават на шум. Малыя бесклапотна растлумачылі:
  — Татка спіць п’яны…
  Шурка зрабіў выразны жэст: пайшлі, малыя, на вуліцу!
  Ён быў рады ім, сваім мучыцелям! З імі ён забыў пра сваё няўдалае падарожжа, забыў, што вечарам яго чакае яшчэ сустрэча з маткай, што на двары спіць п’яны «Міцька»…
  Не, і зараз Шурка не здаваўся мне прапашчым чалавекам!

1957

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений