Алена Васілевіч — «Я — унук капітана…»

Алена Васілевіч

Увага! Поўны змест

  Худы і загарэлы, у стракатай цюбецейцы і кароткіх штоніках, Лёнька важна крочыць па набярэжнай. З аднаго боку ён трымаецца за бабуліну руку — бабуля маленькая, круглая, у саламяным капелюшы. З другога боку выступае Лёнькаў дзед. Высокі, сухі, у франтаватай чорнай форме марскога афіцэра, з корцікам на баку, з залатым якарам на белай фуражцы, з трыма буйнымі зоркамі на пагонах. Капітан першага рангу… Можна лопнуць ад зайздрасці!
  А Лёнька нават не азіраецца на наш цеплаход, на нашу палубу, на нас з Алікам.
  — Ну што, — кажу я Аліку, — бачыў, які Лёнеў дзед? А ты не верыў.
  — Падумаеш, мой тата…
  Я ведаю, што скажа далей Алік. Ён абавязкова пачне хваліцца, што яго тата капітан цеплахода. I што ён, Алік, са сваім татам, можа, сто разоў хадзіў (Алік не памыліцца: ён не скажа, як недасведчаны ў марскіх справах чалавек, — плаваў ці, яшчэ горш, ездзіў. Алік скажа «хадзіў»), хадзіў і па Волзе з усімі яе цяперашнімі морамі, і па Волга-Данскому каналу, і заходзіў мо ў сто гарадоў.
  — Тата — гэта не дзіўна. А вось дзед!
  Дарослы чалавек, я разумею, што гэта кепска, што гэта зусім непедагагічна вось так не даць чалавеку выказацца і, можна сказаць, абарваць яго.
  — Падумаеш!.. — не хоча адразу здавацца Алік.
  — Тата — што. А вось дзед, ды яшчэ такі, як у Лёні, — вось гэта марак! Вось гэта капітан!
  Апошняе я кажу наўздагад, бо зусім не ўпэўнена, ці вадзіў Лёнеў дзед у плаванне караблі, як водзіць іх Алікаў тата. I ўсё роўна кажу так.
  Аліку гэта не падабаецца, і ён наровіць як мага хутчэй адвязацца ад мяне.
  — Падумаеш! — зняважліва кідае ён зноў, мільгаючы над трапам тугімі лытачкамі. Дасягнуўшы верхняй палубы, ён не звешваецца, як звычайна, уніз круглай стрыжанай галавой, не махае рукой на развітанне, не запрашае ў госці.
  Усё зразумела: пакрыўдзіўся.
  Ах, Алік, Алік…
  Ах, Лёня, Лёня…
  I мне раптам робіцца лёгка і весела на сэрцы. Як добра, што ў Лёні ёсць такі дзед!
 

* * *

  Паказаліся яны на палубе ўжо недзе пад Углічам, калі ўсе пасажыры выйшлі падзівіцца на званіцу, што высілася над хвалямі Калязінскага вадасховішча. Не так даўно яшчэ званіца гэта ўзвышалася на плошчы горада Калязіна, а зараз яна служыць маяком для капітанаў.
  Першым вынырнуў аднекуль круглагаловы, ружовашчокі здаравяка Алік. Адно задавальненне было назіраць за яго цікаўным кірпатым носам.
  — Ты — чый?
  — Я сын капітана! — задраўся ўгару кірпаты нос.
  — Ну-у!..
  А за Алікам неўзабаве вышмыгнуў і худы, цыбаты Лёня. Першы час ён усё не адыходзіў ад маці — як дзяўчынка, невысокай, тоненькай жанчыны з цяжкім вузлом смаляных валасоў. Спачатку яны доўга стаялі на носе цеплахода, захінаючыся ад тугога сутрэчнага ветру матчыным плашчом. А потым перайшлі на карму, узняліся на верхнюю палубу. Па выразу іх захопленых твараў відаць было, што ў падарожжах яны навічкі, што і сам цеплаход для іх — навіна, якой дагэтуль абое яны ні разу не страчалі.
  Назаўтра прайшоў дождж, і палуба зрабілася слізкая, як каток. Хлапчукі гэта ўраз ацанілі і ўдвух ужо каталіся на каньках…
  Алік і сапраўды быў сынам капітана нашага цеплахода і капітаншы, маладой распаўнелай жанчыны, якая рэдка калі паказвалася са сваёй капітанскай каюты.
  А Лёня… Знаёмыя запэўнілі дома яго маці, што «ўціснуць» хлапчука на цеплаход будзе ўсё роўна, што два разы плюнуць. I яна адважылася і ўзяла сына з сабою, хоць у пуцёўцы чорным па беламу было напісана: «Дзецям да шаснаццаці год падарожжа на цеплаходзе не дазваляецца». I нацярпелася, вядома, гора. Пры пасадцы ёй прапанавалі або пакінуць сына, калі ёсць сваякі ці знаёмыя ў Маскве, або самой адвезці яго самалётам дадому і потым даганяць цеплаход. Ні таго ні другога зрабіць яна не магла. I яна ўмаліла капітана дазволіць ёй узяць сына з сабой, паабяцаўшы, што тут жа адправіць тэлеграму і здасць яго сваім бацькам у Саратаве. На тым і парашылі.
  Хлапчукі неўзабаве пасябравалі і былі неразлучныя.
  Як капітанскі сын Алік адчуваў сябе на прывілеяваным становішчы. Ён быў на цеплаходзе, і асабліва сярод каманды, сваім чалавекам і таму вадзіў Лёню — навічка ў падарожных справах — па ўсіх закавулках цеплахода. Спускаўся з ім у трум і, з дазволу старэйшага механіка, спускаўся нават у машыннае аддзяленне. Аднак там, у машынным, ад грому і грукату дзівосных машын, якія рухаліся і рабілі нешта ўсе адразу, Лёня толькі глух і нічога не мог ні зразумець, ні адрозніць. Хлапчукі не раз заглядвалі і ў капітанскую рубку. I там, зусім як і яго бацька капітан, як і старпом, Алік камандаваў сам сабою: «Права руля!», «Лева руля!», «Поўны ўперад!»
  — Вось што, браце, — звычайна казаў Алікаў бацька — высокі светлы мужчына ў сіняй форме капітана-рачніка, — давай-ка ты лепей поўны назад.
  Лёня спачатку пабойваўся капітана і ўсёй каманды цеплахода, аднак, хутка асвойтаўшыся і адчуўшы, што капітан чалавек нязлосны, таксама наравіў кожны раз патрымацца за штурвал.
  — Чаму гэта ўсюды стрэлкі і стрэлкі? — пытаўся ён.
  — А гэта, брат, усё разумныя прыборы, якія паказваюць, які трымаем курс, з якой хуткасцю ідзём. Паказваюць, як машыннае аддзяленне працуе… Ты не быў у машынным?
  — Быў.
  — Ну і як?
  — Там вельмі горача.
  — Гм… Заўважыў ты, брат, правільна. Што горача — то горача… Ну, а як наконт машын — разабраўся?
  — Усе яны вельмі грукаюць.
  — I гэта, брат, верна. Грукаюць дык грукаюць… Ну, ладна, як здам вахту — пойдзем разам паглядзім што да чаго.
  I капітан выконваў сваё абяцанне: здаўшы вахту, сам вадзіў хлопцаў у машыннае аддзяленне і тлумачыў ім «што да чаго».
  Неяк у час адной такой сур’ёзнай мужчынскай гутаркі капітан спытаў у Лёнькі:
  — Ну як, дадому, да бацькі, вернешся ўжо мараком?
  Лёнька пачырванеў, неяк у момант сціснуўся адразу і нічога е адказаў.
  — Бацька, кажу, здзівіцца? Кім ён працуе, твой бацька?
  — А ў мяне няма…
  — Ну-у… — адразу асекся і неяк няпэўна працягнуў капітан. — Даруй, брат…
  — А што, твой бацька пакінуў цябе? — тут жа рашыў высветліць пытанне Алік.
  — Не… — панурыўся Лёнька, і ў вачах яго заблішчалі слёзы.
  — Ну, гэта не твая справа, — паспяшыў перамяніць курс гутаркі капітан, аднак Алік не зразумеў бацьку.
  — Дык чаму ж яго няма ў цябе? Памёр?
  — Алік! — прыкрыкнуў на сына капітан.
  — Не памёр…— I, не сказаўшы больш ні слова, Лёнька бягом кінуўся ў сваю каюту да маці.
  — Ну, і лапух, брат, ты… Нічога ў цябе няма вось тут — у машынным аддзяленні… — зняважліва пастукаў сына па лбе капітан і, не сказаўшы больш ні слова, нездаволены падаўся да сябе на мосцік.
  …Ніхто не ведае, пра што была гутарка ў Лёнькі з маці, толькі пасля вячэры — звычайна ў гэты час гулялі яны ўдваіх на верхняй палубе — яны не паказаліся з каюты. Не відно было іх і назаўтра.
  Пад вечар стрэўся мне панураны Алік.
  — Дзе ж твой прыяцель?
  — Сам не ведаю.
  — Як жа так?
  — Не ведаю… Я сказаў. А ён пабег…
  — Ну, калі сказаў нядобра, дык папрасі прабачэння, і ўсё тут будзе!
  — Я не хацеў нядобра…
  — Здараецца і так, што не хацеў.
  — Я найду?! — адразу неяк павесялеўшы, ні то запытаўся, ні то параіўся са мною Алік.
  — Ну, вядома!
  I праз паўгадзіны ў іх ужо быў ранейшы мір і згода. Яны ўжо сядзелі ў капітанскай каюце — галава ў галаву — каля расчыненага акна і горача нешта абмяркоўвалі. Я таксама сядзела на палубе, непадалёку ад капітанскай каюты.
  — А мой дзядуля капітан!.. Я ўнук капітана… — данёсся да мяне ўсхваляваны голас Лёнькі.
  Алік адказаў тонам чалавека, йкому вядома ўсё на свеце:
  — Дзядулі не бываюць капітанамі.
  — А вось і бываюць!.. Мой дзядуля… Чэснае акцябрацкае.
  Алік быў непахісны:
  — Спытай у майго таты!
  — А можа, твой тата і не ведае… — Чалавек па натуры мяккі і тактоўны, Лёнька не мог заявіць вось гэтак жа, безапеляцыйна, як Алік, што ў такім выпадку тата яго нічога не разумее.
  — Не ведае!.. Мой тата ўсё ведае! Думаеш, як у цябе няма таты…
  Падслухоўваць чужую гутарку брыдка, нядобра, несумленна. Я гэта ведала. I ўсё ж я не вытрымала:
  — Лёня! Ідзі сюды!
  Ён не пабег, як учора. Ён толькі плячук прыўзняў, намерваючыся далей бараніцца гэтым плечуком. Хавацца і прыкідвацца, што я нічога не чула, я не магла.
  — Дзядулі могуць… Дзядулі бываюць капітанамі! Я ведаю!
  Лёнька прыпыніў крок і пазіраў на мяне з недавер’ем.
  — А капітаны, якія ў вайну тапілі фашысцкія караблі… А капітаны дальняга плавання!.. Яны плавалі і сто і дзвесце гадоў назад… Дык чаму дзядулі не могуць быць капітанамі? Могуць дзядулі быць капітанамі!
  Гэта была цэлая прамова. Без сувязі, без канкрэтных імён і гістарычных прыкладаў… I ўсё роўна гэта была прамова ў абарону дзядуль-капітанаў.
  I Лёнька расцвіў! Лёнька паверыў мне. Паверыў, бо я паверыла яму. Бо мы паверылі адно аднаму!
  — Ага! — з выглядам пераможцы паглядзеў ён на Аліка.
  — Падумаеш!.. — Алік быў пераможаны.
  …I вось мы прыйшлі ў Саратаў. Цяпер, прыжыўшыся і стаўшы на нашым цеплаходзе сваім чалавекам, Лёнька напэўна мог бы плысці да самай Астрахані. Але справа была зроблена, тэлеграма ў Саратаў была адпраўлена яшчэ з Масквы, і бабуля з дзядулем чакалі Лёньку на прыстані.
  Худы і загарэлы, у стракатай цюбецейцы і кароткіх штоніках, не азіраючыся, Лёнька важна крочыць па саратаўскай набярэжнай. З аднаго боку ён трымаецца за бабуліну руку. З другога — за дзядулеву.
  У дзядулі чорная форма марскога афіцэра. На баку ў дзядулі корцік. На фуражцы — залаты якар. А на залатых пагонах тры вялікія залатыя зоркі — капітан першага рангу! Можна лопнуць ад зайздрасці.
  А Лёнька нават не азірнецца на наш цеплаход, на нашу палубу, на нас з Алікам.
  I мне чамусьці адначасова робіцца і сумна і радасна. Як усё ж добра, што ў Лёнькі ёсць такі дзед!..

1964

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений