Каля Юр’ева
дол павораны —
каля Юр’ева
норы ворага…
Бор абрушаны б’е таранам —
курчы рыбіныя без ракі,
і пульсуюць кастры мембранна:
навастрыліся крыжакі.
Занавесаю:
эсты — нехрысты —
навісае злавесны змест.
Вячка Полацкі,
дзвінскім нерастам
сярод нератаў
твой пратэст.
Шчыт тутэйшых
прад сутарэннем…
Светліць зорка тваю вяху:
замахнулася пакарэнне —
Вячка. Полацкі на шляху.
Па-за Юр’евам не працягі —
зеўраць чорныя рубяжы…
І цвярдзей,
як даюць прысягу, —
паміраючы, не чужы.
Непярэйдзены сэнс —
ні сведак,
ні надзей і раскол па сцяне —
на замах пераможны: гэтак!
Адгукнуцца крыштальным: не!..
Не зачэпяць:
на выезд віза —
нецярплівы капыт каня…
Ды нязгодна скразніць,
пранізваючы,
безназоўная глыбіня.
Уцалець ад ліхой навальніцы…
адступщца
ў жыццё і ад’езд…
белым светам наўзмах засланіцца… —
светлы позірк і смелы жэст —
у сваёй і чужой Айчыне
немагчымае быць нічыйным,
немагчымае
і пратэст.
Распрастаешся ты на доле —
па жыцці,
па бядзе,
па вайне…
Але ўкладзена неадольная,
Вячка Полацкі, сіла ў «не».