Калі яна цяжар – тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,
калі яна знясільвае – тады дае сілу…
– Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба, – перасцерагае мяне першы анёл.
– А без яе зноў упадзеш у мінулае, – перасцерагае другі.
Я іх абодвух разумею.
Пісягі і апёкі на маім целе.
Віхуры клічуць мяне падужацца.
Зямля – частка мяне.
I агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.
Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с.